1 красавіка, у першую суботу месяца — дзень, які ў Каталіцкім Касцёле традыцыйна асаблівым чынам прысвечаны Багародзіцы, — парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяецшай Панны Марыі ў Бабруйску (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) наведалі копіі найбольш шанаваных на нашых землях цудадзейных абразоў Маці Божай.
У Бабруйск Марыйныя абразы, якія ўжо другі год перэгрынуюць па парафіях Беларусі і пабывалі таксама за мяжой, прыбылі з Рубяжэвічаў, дзе перад імі маліліся мясцовы вернікі. Увечары Маці Божую ў Яе святых выявах сустрэлі бабруйскія парафіяне. Яны з пашанай унеслі копіі ікон у сваю святыню, дзе абразы былі размешчаны паабапал ад алтара.
Традыцыйнае і папулярнае ў баруйскай парафіі набажэнства першых субот з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнта і супольнай малітвай Фацімскім Ружанцам было гэтым разам асвячанае ласкай асаблівай прысутнасці Панны Марыі.
У межах Фацімскага набажэнства адбывалася перапрашэнне за знявагу Маці Божай у Яе абразах.
Гістырычныя крыніцы сведчаць, што ў першым парафіяльным касцёле Бабруйска, які праіснаваў з 1630-х гадоў па 1885 год, таксама быў цудатворны абраз Багародзіцы. Выдадзеная ў 1902 годзе ў Кракаве кніга «Пра цудадзейныя абразы Найсвяцейшай Маці Божай» падае звесткі пра Марыйны абраз у касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Бабруйску:
«У вялікім алтары абраз цудатворны Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, вельмі старажытны, на дрэве маляваны, шата срэбраная пазалочаная і каронамі аздобленая».
На жаль, пажар у святыні, які здарыўся ў снежні 1885 года, а таксама далейшыя неспрыяльныя падзеі, звязаныя з занядбаннем, разбурэннем і фактычным знішчэннем першага касцёла ў Бабруйску, сталі знявагай таксама і цудатворнага абраза Маці Божай. Паводле гістарычных сведчанняў, срэбраная шата з абраза была скрадзена і прададзена ў асабістых карыслівых мэтах. Сам абраз, верагодней за ўсё, быў страчаны ўжо падчас пазнейшага пажара ў драўляным касцёле, які здарыўся 2 мая 1902 года.
Той касцёлік быў папярэднікам сучаснай неагатычнай бабруйскай каталіцкай святыні. Падрабязны інвентарны вопіс цяперашняга касцёла, складзены ў 1913 годзе, падае, што «ў сярэдняй нішы галоўнага алтара змешчана ікона Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, пісаная на палатне». У віры далейшых трагічных падзей і той абраз таксама не захаваўся.
З гэтай гістарычнай рэтраспектывы акт перапрашэння за знявагу святых абразоў Багародзіцы мае безумоўную актуальнасць для католікаў Бабруйска.
Пасля сустрэчы копій цудатворных абразоў адбылася святая Імша, якую цэлебраваў духоўны кіраўнік перэгрынацыі ксёндз Станіслаў Станеўскі CSsR. Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі Бабруйскі дэкан і пробашч ксёндз канонік Андрэй Яркавец і адміністратар парафіі святой Ганны ў Глуску ксёндз Канстанцін Карака.
«Сімвалічна, што ў першую суботу месяца мы маем духоўную магчымасць дакрануцца да тых святыняў, дзе цудадзейныя абразы ўшаноўваліся на працягу стагоддзяў.
Далучыўшыся да гэтай перэгрынацыі, адчуваем, як адзіная для нас нябесная Матуля ў розных выявах чакае кожнага з нас, каб выслухаць і дапамагчы ў розных патрэбах. Няхай жа прысутнасць тут копій цудадзейных ікон Маці Божай, праз якую мы хочам набліжацца да Божага Валадарства Яе Сына Езуса Хрыста, будзе для нас сапраўды благаслаўлённым часам», — зазначыў душпастыр бабруйскай парафіі ксёндз Андрэй Яркавец.
Ксёндз Станіслаў Станеўскі распавёў бабруйскім парафіянам пра тое, як амаль два гады таму адбывалася малітоўна-пакутніцкая аўтамабільная пілігрымка уздоўж межаў нашай краіны з копіямі цудадзейных абразоў, пасля якой распачалася іх перэгрынацыя па розных парафіях Беларусі. «Марыя хоча наведаць кожную парафіяльныя супольнасць. Самыя вялікія святыні і самыя маленькія касцёлы, якія ёсць у нашай краіне. Такая колькасць копій цудадзейных ікон сведчыць пра тое, што наш беларускі люд вельмі любіць Маці Божую», — падкрэсліў святар.
Бабруйская парафія сталася 63-й па ліку супольнасцю ў Беларусі, якую наведалі копіі цудадзейных абразоў Багародзіцы.
Ушанаванне Маці Божай у Яе святых выявах у бабруйскім касцёле працягнецца да 15 красавіка. У гэты дзень парафіяне развітаюцца з копіямі ікон, і з гэтай нагоды ў касцёле ў Бабруйску а 12-й гадзіне адбудзецца святая Імша падзякі за ласку перэгрынацыі.