Пошук

22.01.2019 17:17   Эла Дзвінская / Catholic.by

Пра Ігната Дамейку напісана шмат, перадусім пра яго навуковую дзейнасць і дасягненні. Мы знаёмім вас з малавядомымі фактамі, якія сведчаць пра глыбокую веру гэтага вялікага чалавека, якою ён жыў сам і якую перадаў сваім нашчадкам.

Працяг. Пачатак ТУТ>>>

Ігнат Дамейка стойка і цярпліва пераносіў выпрабаванні і страты. Яго жонка Энрыкета захварэла на сухоты, хвароба яе прагрэсавала. Пасля таго, як жонка аказалася прыкутай да ложка, Ігнат перанёс яго ў сад, дзе цэлебравалася Імша, і яна прыняла святую Камунію. Яна суцяшала свайго мужа Ігната і казала:

«Мы сустрэнемся пасля на нябёсах».

Фота з архіва сям'і Дамейкаў.

Пасля смерці Энрыкеты ў 1871 годзе пасталелая дачка Аніта стала агульнапрызнанай распарадчыцай у доме.

У сакавіку 1876 года ў Чылі з Мядзвядкі прыбыў сын брата Казіміра Лявон. Аніта была кранутая ўвагай стрыечнага брата, трыццацідвухгадовага, бялявага, блакітнавокага і адкрытага. Паміж маладымі людзьмі зарадзілася каханне. 5 лістапада 1877 года Аніта і Лявон узялі шлюб, а праз паўгады адплылі ў Еўропу.

Сядзіба ў Мядзвядцы, дзе нарадзіўся Дамейка. Мастак Я. Адахоўскі. Фота з блога Глеба Лабадзенкі.

Энрыкета перад смерцю сказала малодшаму сыну Эрнану, што даручыла яго, кволага здароўем, Найсвяцейшай Панне Марыі. Дванаццацігадовага хлопчыка ўразілі гэтыя словы, і з таго часу ён марыў стаць святаром.

Скончыўшы сярэднюю школу, Эрнан паступіў у семінарыю, але з прычыны слабога здароўя быў вымушаны пакінуць вучобу. Праз некаторы час Ігнат Дамейка адправіўся з Эрнанам у пілігрымку ў Рым. Ксёндз Пётр Семяненка, сузаснавальнік і генеральны настаяцель ордэна змёртвыхппаўстанцаў, а таксама былы ўдзельнік Лістападаўскага паўстання,  дапамог свайму аднадумцу і прыяцелю Ігнату Дамейку трапіць з Эрнанам на асабістую аўдыенцыю да папы Льва ХIII.

Папа спагадліва паглядзеў на юнака і падаў яму выяву Хрыста са словамі: «Вазьмі гэта ў дар і стань святаром!», пасля чаго  благаславіў Эрнана, сказаўшы, што ён зможа зрабіць шмат добрых справаў.

Пражыўшы ў Рыме некалькі месяцаў, удасканаліўшы лацінскую і італьянскую мовы, Эрнан вярнуўся ў семінарыю. 31 ліпеня 1887 года, у 85-ы дзень нараджэння Ігната Дамейкі і ў дзень успаміну святога Ігнацыя Лаёлы, малодшы сын навукоўца атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў кляштары езуітаў у Рыме. Бацька адчуваў неверагодную радасць ад таго, што адзін з яго сыноў прысвяціў сябе Богу.

З сынамі Германам (Эрнанам) і Казімірам. Фота з блога Глеба Лабадзенкі

Эрнан цэлебраваў сваю першую Эўхарыстыю разам з кс. Фратэллі, які збудаваў у доме Дамейкі капліцу і цэлебраваў Імшу для гаспадароў і суседзяў. Імша была вялікай радасцю да аслабелага Ігната.

Эрнан так успамінае пра свайго бацьку:

«Я ніколі не чуў ад таты гнеўнага слова і не бачыў здзейсненага ім благога ўчынку; у выбары адзення ён заўсёды быў сціплы і стрыманы. З маёй маці ён быў далікатным, любячым, таксама і з кожным з нас; кожную ноч перад сном мы прыходзілі цалаваць яму руку. І ён цалаваў нас у лоб і благаслаўляў. Калі мы рабілі кепскі ўчынак і паводзілі сябе дрэнна, ён абдымаў нас з яшчэ большай пяшчотай і са слязьмі на вачах, што было для нас самым страшным пакараннем і смуткам.

Жыццё майго бацькі было ўзорным.

Улетку ён уставаў а палове на шостую, каб пабыць на ранішняй Імшы ў шэсць гадзін у капуцынаў, а потым вяртаўся дадому, галіўся і ў восем сядаў працаваць за пісьмовы стол. Роўна ў дзесяць быў сняданак. Сапраўды, гэтак жа дакладна а палове дзясятай ён выходзіў у сад паглядзець свае насаджэнні і аранжарэю, дзе ў яго былі трапічныя расліны. А палове на дванаццатую ён ішоў ва ўніверсітэт, адкуль не вяртаўся да пяці вечара. Пешшу ён ішоў дадому.

Кабінет Дамейкі ў ягоным доме ў Сант’яга (Чылі). Фота з блога Глеба Лабадзенкі

Улетку ён гуляў па садзе, падразаў расліны. Сядаў чытаць пры лямпе польскія газеты і французскія часопісы, а потым ішоў спаць. Перад сном ён маліўся. Па нядзелях чытаў не газеты, а містычныя кнігі».

У 1884 годзе Дамейка пабываў на радзіме, наведаў Дзятлава, быў у дзятлаўскім парафіяльным касцёле на свяце Маці Божай Зельнай і заплакаў ад шчасця, калі пачуў касцёльны спеў.

Ігнат Дамейка ўсё жыццё выношваў у сэрцы мару здзейсніць падарожжа на Святую Зямлю, і яна спраўдзілася ў 1885 годзе. У пілігрымцы яго суправаджалі сын Эрнан і айцец Пётр Семяненка. Ігнат наведаў Яфу, адзін з самых старажытных гарадоў на зямлі, дзе Ной пабудаваў каўчэг, дзе яўрэі змагаліся супраць філістымлянаў і дзе выгрузілі лес, які кароль Хірам III паслаў Саламону для будаўніцтва святыні.

Апошні прыжыццёвы здымак Ігната Дамейкі. Фота з блога Глеба Лабадзенкі.

У Ерузалеме яны з айцом Пятром Семяненкам наведалі святыню Гробу Пана. Пасля малітвы з глыбокай пашанай яны ўсклалі рукі на мармур, які закрываў грабніцу. Дон Ігнасіо бесперапынна дзякаваў Богу за шчасце наведваць святыя мясціны.

У ХХІ стагоддзі новыя пакаленні Дамейкаў працягваюць традыцыю шматдзетнасці. Па лініі сына Казіміра і дачкі Аніты доўжыцца род Дамейкаў. Сеньёра Пас Дамейка Леа-Пласа з’яўляецца ўнучкай Казіміра і дачкой дыпламата Хуана Дамейкі.

Абноўлена 23.01.2019 12:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.