У ХІХ стагоддзі многім здавалася, што навука і вера — несумяшчальныя. Спатрэбілася цэлае стагоддзе, каб развянчаць гэтае прадузятае меркаванне. Аднак ужо тады вялікія розумы не бачылі супярэчнасці паміж праўдай веры і праўдай навукі, што пацвярджае гісторыя веры ў сям'і Дамейкаў.
Вучонаму з сусветным імем мінеролагу Ігнату Дамейку былі ўласцівыя як высокія маральныя прынцыпы сапраўднага навукоўца і асветніка, так і вялікая пабожнасць сапраўднага хрысціяніна. Яго дасягненні займаюць пачэснае месца ў гісторыі, навуцы і культуры Беларусі, Літвы, Польшчы і Чылі, а яго асоба для многіх стала ўвасабленнем сумленнасці ў жыцці і дзейнасці.
Наведваючы Мінск у 2017 і 2018 гадах, праўнучка знакамітага навукоўца, сеньёра Пас Дамейка Леа-Пласа пакінула ў падарунак кнігу ўласнага аўтарства пра свайго знакамітага продка «Ігнат Дамейка. З Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі (1802–1889)» і яе выданні на англійскай і іспанскай мовах (па-беларуску кніга была выдадзена выдавецкім домам «Звязда» ў 2017 г.).
У кнізе Пас Дамейка Леа-Пласа з любоўю напісала пра свайго любімага прадзеда дона Ігнасіо, ураджэнца Беларусі і нацыянальнага героя Чылі, пра яго сям’ю і дзяцей.
Як адбылася яго сустрэча з каханай? Якім быў Ігнат Дамейка для яго родных? Як склаўся лёс яго нашчадкаў і, у прыватнасці, яго сына Эрнана, які стаў каталіцкім святаром? Пра гэта чытайце ў нашым матэрыяле.
Прыгожая чылійка, выхаваная ў веры
Падзеі 1849 года на акупаваных Расійскай Імперыяй тэрыторыях Рэчы Паспалітай прывялі патрыётаў да расчаравання і роспачы. Пасля «народнай вясны» наступіла палітычная рэакцыя. Атрымліваючы лісты ад Адама Міцкевіча, Ігнат Дамейка перажываў расчараванне і дэпрэсію. Жаданне вярнуцца дадому згасала.
Разам з тым у яго сэрцы паглыблялася любоў да Чылі і яе народа. Ігнат некаторы час вёў жыццё аскета-пустэльніка, прысвячаючы сябе хіміі і мінералогіі.
Аднойчы яго сябра генерал Хасэ Алдунатэ пазнаёміў яго з сямействам Сатамаёр. Яго ўвагу прыцягнула абаяльная дзяўчына. Мілае стварэнне звалі Энрыкета. Яна была старэйшай з 13 дзяцей інжынера Хуана дэ ла Крус Сатамаёр і Гертруды Гусман. Энрыкета вучылася ў інтэрнаце Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Марыі.
Ігнат стаў штодня наведваць сямейства Сатамаёр. Энрыкета была зачаравана замежнікам з блакітнымі вачыма, які гаварыў на сямі мовах і выдатна граў на фартэпіяна, бліскучага навукоўцы, які атрымаў прызнанне як у Еўропе, так і ў Амерыцы. Бачачы выраз любові і пяшчоты гэтага высакароднага чалавека, Энрыкета вырашыла, што не выйдзе замуж за свайго багатага чылійскага прыхільніка.
У чэрвені 1850 г. Ігнат Дамейка паведаміў Адаму Міцкевічу шчаслівую навіну пра свой шлюб з Энрыкетай. Вяселле адбылося ў парафіі побач з дамамі Сатамаёр і Дамейкі і стала простай цырымоніяй, што папярэднічала Імшы, на якой быў благаслаўлёны сакрамэнт сужэнства.
Ажаніўшыся, Ігнат набыў не толькі жонку, але і вялікую, згуртаваную і адданую любячую сям’ю, ад якой ён атрымліваў асалоду на працягу 20 гадоў.
У лістах Міцкевічу Ігнат апісвае сваю жонку як «асобу жывую і вясёлую, далікатную і непасрэдную, як дзіця».
Дон Ігнасіо любіў жонку незвычайна горача, яны разам хадзілі ў касцёл Ла-Кампанья і ўдзельнічалі ў рэлігійных абрадах. Аднойчы яны перажылі моцны землятрус і дзякавалі Пану, які захаваў ім жыццё падчас стыхійнага бедства.
У сакавіку Ігнат прыступіў да чытання лекцый і працы ў лабараторыі. У гэтым жа годзе Дамейка атрымаў прызнанне еўрапейскіх інстытутаў, быў прызначаны ганаровым членам Кракаўскага літаратурнага таварыства.
У 1853 годзе ў сям’і Дамейкаў нарадзілася дачка Ганна Крус (Аніта). Бацькі імкнуліся выхаваць яе ў духу каталіцкай веры. З нараджэннем дзяцей прыходзілі ў сям’ю выпрабаванні ў выглядзе хваробаў, немачаў. Другі маленькі сынок Ігната, Генрых, памёр. Сужэнцы горка перажывалі страту.
У 1858 годзе ў Ігната і Энрыкеты нарадзіўся сын Эрнан Эстэбан. На жаль, у хлопчыка было вельмі слабое здароўе.
Яшчэ праз пяць гадоў дон Ігнасіо паведаміў сябрам у Еўропе аб нараджэнні сына Казіміра.
8 кастрычніка 1867 года Ігнат Дамейка ўступіў на пасаду рэктара Чылійскага ўніверсітэта, якому ён да гэтага ўжо прысвяціў 15 гадоў. Адным з абавязкаў рэктара было яго старшынство на радзе ўніверстэта. Побач з універсітэтам размяшчаўся ліцэй з васьмю сотнямі студэнтаў, а крыху далей — некалькі прыватных школ, якія належалі езуітам і ордэну Найсвяцейшага Сэрца.
Студэнты медыцынскага факультэта вельмі шанавалі дона Ігнасіо, але не адразу спасціглі глыбіню яго рэлігійных перакананняў. Яны ўспаміналі: «Гэтаму высакароднаму чалавеку, настолькі бескарысліваму і шчодраму, мы пакланяліся з глыбокай павагай. Моладзь таго часу была прасякнутая нявер’ем Вальтэра або цяжкім агрэсіўным матэрыялізмам вучняў Бюхнера. Сіла і матэрыя былі вышэйшым выразам навукі, судом апошняй інстанцыі ўсіх перакананняў. Мы не маглі зразумець, што натуральныя і рэлігійныя навукі прымірымыя».
Пазней доктар Аррэго Лука зразумеў, як глыбока звязана каталіцкая вера Ігната Дамейкі з яго выхаваннем, атрыманым у юнацтве ў школе айцоў піяраў у Шчучыне, дзе ён спасціг асновы прыродазнаўчых навук.
«Я ўбачыў, як рэлігійныя вераванні Дамейкі прарастаюць, нібы парасткі дзівоснай расліны, з глыбінь любові да Радзімы», — пісаў доктар Аррэго Лука.
Працяг ТУТ>>>