Пошук

11.01.2019 13:44   Catholic.by
Фота laestrella.com.pa

З 22 па 27 студзеня ў Панаме пройдуць 34-я Сусветныя дні моладзі, у якіх возьме ўдзел таксама дэлегацыя з Беларусі.

У якасці тэмы сёлетняга сусветнага моладзевага форуму папа Францішак прапанаваў словы Маці Божай з Евангелля паводле св. Лукі: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (пар. Лк 1, 38). Марыйнае вымярэнне гэтых дзён моладзі падкрэслена і тым, што ўдзельнікі прывязуць з сабой у Панаму абразы Маці Божай, найбольш шанаваныя ў сябе на Радзіме.

Беларуская моладзь возьме з сабой абраз Маці Божай Будслаўскай — нацыянальнай святыні нашага народа, фэст у гонар якой у мінулым годзе быў нават унесены ў спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.

Дэлегацыя з Беларусі будзе складацца з 27 чалавек. З нашай моладдзю на сусветны форум у Панаму паедуць біскуп Юзаф Станеўскі і тры святары: кс. Антоні Грэмза, адказны за моладзевае душпастырства OPEN, кс. Ян Раманоўскі з Гродна і кс. Юзаф Сярпейка з Магілёва. Суправаджаючыя духоўныя асобы таксама з’яўляюцца маладымі людзьмі, якім блізкія і зразумелыя праблемы і чаканні сённяшняй моладзі.

Італьянская рэдакцыя партала Vatican News са спасылкай на арганізатараў СДМ 2018 паведамляе, што ў падрыхтоўцы Дзён моладзі, у якіх возьме ўдзел таксама папа Францішак, задзейнічаны ўсе касцёльныя супольнасці Цэнтральнай Амерыкі і дзяржаўныя ўлады краіны. На сённяшні дзень у якасці ўдзельнікаў ужо зарэгістраваліся каля 40 тыс. юнакоў і дзяўчат, а ў бліжэйшы час гэта зробяць яшчэ больш за 160 тыс.

Чакаецца, што ўсяго ў Днях моладзі ў Панаме возьмуць удзел больш за 200 тыс. маладых людзей са 155 краінаў свету.

Арганізатары пры гэтым падкрэсліваюць, што, хоць лічбы ўдзельнікаў важныя, аднак яшчэ больш важнай з’яўляецца малітва. Як кажа прэс-сакратар Сусветных дзён моладзі ў Панаме Джанкарло Канданэда, падрыхтоўка адбываецца перадусім праз малітву.

«Нельга забывацца пра тое, што гэта вялікі выклік для такой маленькай краіны, як наша. Святы Айцец пажадаў даверыць гэтую адказнасць не толькі Панаме, а ўсёй Цэнтральнай Амерыцы і ўсяму яе епіскапату. Мы не можам яго расчараваць», — кажа Джанкарло Канданэда.

Ён таксама адзначыў, што ўпершыню ў гісторыі Сусветных дзён моладзі на дзяржаўным узроўні была створана спецыяльная адміністрацыйная структура для дапамогі ў арганізацыі мерапрыемства.

Партал Catholic.by з дапамогаю беларускіх удзельнікаў будзе сачыць за падзеямі Сусветных дзён моладзі ў Панаме, каб даць магчымасць як мага большай колькасці юнакоў і дзяўчат у Беларусі адчуць атмасферу еднасці і братэрства маладых людзей з усяго свету, аб’яднаных адною вераю ў Хрыста і адданасцю Яго Найсвяцейшай Маці.

Абноўлена 16.01.2019 13:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця