Пошук

01.01.2019 00:00   Catholic.by

Ілюстрацыйнае фота. Pixabay

Ва ўсім свеце людзі радасна сустракаюць Новы год. Што супольнага ў гэтага вясёлага святкавання з хрысціянствам?

Новы год — любімае свята многіх дзяцей і дарослых у розных частках свету. З навагоднімі святамі звязаныя шматлікія традыцыі і звычаі, розныя ў розных народаў. Напэўна, сярод найбольш важных атрыбутаў Новага года ў нас лічацца навагодняя елачка, прыгожа прыбраная бліскучымі цацкамі, рознакаляровымі гірляндамі і свечкамі-лямпачкамі, падарункі і святочнае застолле: праводзіны старога і сустрэча Новага года. Для большасці Новы год — сямейнае свята, якое прынята адзначаць у коле найбліжэйшых людзей.

Здаецца, што агульнага мае адзначэнне Новага года з нашаю вераю? Аднак тут ёсць над чым паразважаць.

Вядома, што звычай распачынаць Новы год з 1 студзеня з’явіўся яшчэ ў старажытным Рыме ў часы Юлія Цэзара, які напрыканцы свайго панавання ўвёў новы каляндар. Гэтым календаром, так званым Юліянскім, да гэтага часу карыстаецца Праваслаўная Царква, а Каталіцкі Касцёл напрыканцы XVI ст. перайшоў на новы, больш дакладны з астранамічнага пункту гледжання каляндар, які ад імені тагачаснага папы Грыгорыя ХІІІ, які яго афіцыйна ўвёў, называецца Грыгарыянскім.

На сённяшні дзень розніца паміж двума гэтымі календарамі складае 13 дзён. У Беларусі, як і ў большасці краінаў свету, афіцыйным грамадзянскім календаром з’яўляецца Грыгарыянскі, і паводле яго 31 снежня — апошні дзень каляндарнага года, а 1 студзеня адзначаецца дзяржаўнае свята Новага года, што з’яўляецца днём, вольным ад працы.

Святы папа Сільвестр. niedziela.pl

31 снежня ў каталіцкай традыцыі называюць «днём Сільвэстра», таму што ў гэты дзень адзначаецца ўспамін святога папы Сільвэстра, які жыў у IV стагоддзі і ўшаноўваецца як у Каталіцкім Касцёле, так і ў Праваслаўнай Царкве.

Паколькі Божае Нараджэнне святкуецца восем дзён — на працягу актавы, — то на яе заканчэнне, што прыпадае акурат на першы дзень Новага года, а менавіта ў «ноч Сільвестра», існаваў звычай ладзіць у дамах так званую «тлустую вігілію», або «тлустую куццю», якой завяршалі святкаванне калядных святаў.

На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзя гэтая «тлустая куцця» пераважна ў мяшчанскім асяроддзі гарадоў ператварылася ў свята сустрэчы Новага года. Такім чынам, як бачым, адзін з галоўных атрыбутаў навагодніх святаў — святочны стол — першапачаткова быў звязаны з рэлігійнымі традыцыямі і святкаваннем Божага Нараджэння.

Ілюстрацыйнае фота. news-ontime.ru

Таксама ўпрыгожаная цацкамі, гірляндамі і свечкамі елачка прыйшла на навагоднія святы з калядных традыцый святкавання Нараджэння Хрыста. Даследчыкі сцвярджаюць, што гэты звычай узнік у сярэднявечнай Германіі, хоць, напэўна, мае ранейшае паходжанне і звязаны з райскім «дрэвам пазнання дабра і зла», пра якое згадваецца на пачатку першай кнігі Бібліі — кнігі Быцця.

Гэтае дрэва было атрыбутам калядных містэрый — лялечных тэатральных прадстаўленняў, «батлеек», якія акрамя сцэнаў Нараджэння Хрыста і звязаных з ім падзеяў у даступнай для простых людзей сцэнічнай форме прадстаўлялі таксама багаслоўскі сэнс прыйсця ў свет Божага Сына, а менавіта, што Ён прыйшоў збавіць чалавечы род, нашчадкаў Адама і Евы, якія з моманту першароднага граху знаходзіліся пад уладаю граху і смерці. Першародны грэх — гэта спакуса Адама і Евы ў райскім садзе, калі хітры і зласлівы змей спакусіў першых людзей пакаштаваць плод з райскага дрэва пазнання дабра і зла, хоць гэта было выразна забаронена Богам.

Ілюстрацыйнае фота. houseofdesign.pl

Як з райскага дрэва чалавек прыняў смерць, так з дрэва крыжа, на якім памёр Хрыстус, Збаўца свету, ён атрымаў дар збаўлення і вечнага жыцця. Вечназялёная елка або хвоя, упрыгожаная калісьці яблыкамі, а ў наш час — шарамі, што сімвалізуюць плод з райскага дрэва, стала сімвалам вечнага жыцця, якое вярнуў людзям Езус Хрыстус — сапраўдны Бог, які стаўся чалавекам у беднай бэтлеемскай стаенцы.

Зорка і свечкі, што ўпрыгожваюць нашую елачку, а таксама рознакаляровыя феерверкі — гэта сімвалы цудоўнай зоркі, якая заззяла над Бэтлеемам у момант нараджэння Хрыста і прывяла да тых ясляў, у якія Яго паклала Дзева Марыя, трох Каралёў — мудрацоў з Усходу, што прынеслі Божаму Дзіцяці свае каштоўныя дары: золата, кадзіла і міру. Менавіта гэтыя дары трох мудрацоў сімвалізуюць бліскучыя елачныя цацкі, якімі мы з такім клопатам і стараннасцю ўпрыгожваем елачкі ў нашых дамах.

Такім чынам, відавочна, што навагоднія святы па сутнасці выводзяцца з каталіцкіх калядных традыцый і з’яўляюцца вясёлым і каляровым завяршэннем святкавання Божага Нараджэння.

Канечне, няма нічога кепскага ў традыцыі сустракаць Новы год за святочным сталом у сямейным коле. Тым не менш, існуе прыгожы звычай увечары апошняга дня года збірацца ў касцёле на асаблівае набажэнства падзякі за пражыты год. Падчас гэтага набажэнства мы дзякуем Богу за ўсе атрыманыя на працягу мінулага года дары, просім у Яго прабачэння за нашыя правіны, грахі і занядбанні, а таксама звяртаемся да Яго з малітваю, каб Ён благаславіў сваёю ласкаю таксама наступны год. Гэтае набажэнства завяршаецца ўрачыстым благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам, якім святар апоўначы робіць знак крыжа на чатыры бакі свету.

Набажэнства збірае ў касцёлах вялікую колькасць вернікаў, якія сустракаюць Новы год не з бакалам шампанскага ў руках, а з малітваю на вуснах і з Божай любоўю ў сэрцы. Менавіта такая стрыманая і пабожная сустрэча Новага года становіцца таксама праяваю павагі да пачуццяў нашых праваслаўных братоў і выразам нашай салідарнасці з імі, паколькі ў гэты час яны перажываюць строгі Піліпаўскі пост, духоўна рыхтуючыся да свята Божага Нараджэння, якое адзначаюць па Юліянскім календары (прыпадае 7 студзеня, ужо пасля Новага года па Грыгарыянскім календары), і таму не могуць сабе дазволіць удзелу ў гучных навагодніх забавах, а таксама абавязаны пазбягаць скаромнага пачастунку і алкаголю. І гэта — той рэальны ўнёсак, які кожны з нас можа зрабіць у высакародную справу адзінства хрысціянаў.

Ілюстрацыйнае фота. d.digests.nhub.news

У першы дзень Новага года, які адначасова з’яўляецца апошнім днём актавы Нараджэння Пана, адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі. У гэты дзень вернікі ўшаноўваюць Дзеву, якая з верай прыняла спрадвечнае Божае Слова ў сваё беззаганнае ўлонне, у якім Яно сталася Целам, і ў свет прыйшоў Збаўца Езус Хрыстус — сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек.

Урачыстасць Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі адносіцца да найбольшых урачыстасцяў, падчас якіх кожны вернік абавязкова павінен быць у касцёле на святой Імшы.

У гэты ж дзень адзначаецца Сусветны дзень міру, калі вернікі ва ўсім свеце просяць Бога аб міры на ўсёй зямлі. Сусветны дзень малітваў аб міры, які праходзіць пад лозунгам: «Прабач, і знойдзеш мір», быў устаноўлены благаслаўлёным папам Паўлам VI 8 снежня 1967 года.

Сусветны дзень міру, які адзначаецца ўжо больш за паўстагоддзя, 1 студзеня 2019 года прысвечаны тэме «Добрая палітыка стаіць на службе міру». Як заўсёды, на гэты дзень папа Францішак абвясціў спецыяльнае пасланне, у якім падкрэсліў, што клопат пра мір, які займае цэнтральнае месца ў місіі вучняў Хрыста, павінен таксама быць у цэнтры сучаснай палітыкі.

Дарагія чытачы! Супрацоўнікі партала Catholic.by жадаюць вам шчодрых Божых ласкаў у Новым, 2019 годзе! Няхай ён прынясе Касцёлу на Беларусі шмат радасных падзей, якімі мы будзем дзяліцца з вамі ў нашых новых матэрыялах.

Ілюстрацыйнае фота. ua.wallpapers-fenix.eu

Абноўлена 02.01.2019 17:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа