Пошук

26.12.2018 13:38   Падрыхтавала: Анастасія Грышан / Фота: Аляксандра Шчыглінская / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота

25 снежня, ва ўрачыстасць Нараджэння Пана, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр цэлебраваў святую Імшу ў архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.

На пачатку Імшы, звяртаючыся да прысутных, прадстаўнік Святога Айца Францішка сказаў: «Ад шчырага сэрца жадаю вам, вашым сем’ям і сябрам, а таксама кожнаму чалавеку з адкрытасцю і радасцю прыняць Езуса. Ён прыйшоў, каб аднавіць нашае жыццё і напоўніць кожную хвіліну шчасцем, якое дапаможа дасягнуць святасці не толькі ў Небе, але ўжо тут, на зямлі».

Іерарх нагадаў у гаміліі, што ноччу на літургіі Божага Нараджэння чыталася Евангелле паводле Лукі, якое распавядае пра падзеі ў Бэтлееме, дзе галоўнымі героямі былі Марыя, Юзаф, пастухі і асабліва Езус, які нарадзіўся ў бэтлеемскай стайні ў найвышэйшай беднасці.

На гэтай жа ўрачыстасці літургія запрашае ўвайсці ў глыбіні таямніцы Нараджэння Хрыста, слухаючы пачатак Евангелля паводле Яна: «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова».

«Другая Асоба Святой Тройцы — Спрадвечнае Слова — аднойчы прыняло чалавечае цела і сталася адным з нас, — адзначыў Апостальскі Нунцый. — Нараджэнне Бога на зямлі раскрывае Яго бясконцую, неабмежаваную, невымоўную любоў да чалавека.

Гэтая любоў падштурхнула Бога Айца стварыць цудоўны свет і ў поўні часоў паслаць сюды свайго Сына як дар для нас і ўсім, хто прымае Яго, “дало ўладу стаць Божымі дзецьмі”».

«Нараджэнне Хрыста адкрывае нам нашае сапраўднае аблічча і наша месца: мы — дзеці Усемагутнага Бога, падобныя да нашага Айца, бо такімі Ён нас стварыў. І мы — браты і сёстры паміж сабой, з Хрыстом — нашым Братам. У Божым сэрцы, у Божай задуме мы — адна сям’я з Ім», — патлумачыў іерарх.

Разважаючы над тым, як бы магла выражацца ў штодзённым жыцці наша вера ў Божае айцоўства, аб’яўленае нам Хрыстом, якія рысы мае Божы сын, Божая дачка, арцыбіскуп прапанаваў паназіраць за дзецьмі.

«Дзеці цалкам давяраюць сваім бацькам: сядзяць на руках у бацькоў і ні пра што не хвалююцца, нават калі навокал штосьці здараецца, яны спакойныя, давяраюць. Давер — гэта іх рыса.

Дзіця Бога бясконца верыць у любоў Айца, ва ўсім на Яго пакладаецца, упэўненае, што ўсё, што здараецца, задумана або дапушчана Айцом дзеля яшчэ большага дабра.

Яно давярае Айцу ва ўсім, усё на Яго ўскладае, працуе з Айцом, але большую частку працы пакідае Айцу. А калі з’яўляюцца клопаты, бяжыць да Айца па дапамогу. І Айцец усё вырашае.

Дзеці ганарацца сваімі татамі і ўсім расказваюць пра тое, які тата моцны і добры, шчодры і мудры. Божае дзіця захапляецца сваім Айцом і прагне расказваць пра Яго любоў знаёмым і незнаёмым. Не саромеецца сведчыць іншым пра сваю любоў і давер да Айца і, калі трэба, не баіцца абараняць ад знявагі Яго добрае Імя.

Дзеці стараюцца пераймаць сваіх бацькоў. Часта, калі пытаемся ў іх, кім хочуць быць, калі вырастуць, яны адказваюць, называючы прафесію бацькоў.

Так і дзіця Божае. Яно стараецца імітаваць Айца. Што робіць Айцец? Любіць, таму што Бог ёсць Любоў. Што робіць Божае дзіця? Любіць, паўтарае за Айцом жэсты, словы, учынкі.

Айцец любіць усіх без выключэння, не дзеліць дзяцей на прыгожых і брыдкіх, добрых і злых, здольных і не вельмі, на хрысціянаў і іншых. Так і Божае дзіця стараецца любіць канкрэтна кожнага, хто знаходзіцца побач на працягу дня — аднаго за другім.

Айцец любіць першым, не чакае ад нас любові ўзамен. Так і Божае дзіця ўмее заўважыць патрэбы іншых і робіць дабро, імітуючы Айца.

Айцец заўсёды служыць, прабачае, заўсёды чакае, заўсёды слухае, надае адвагі, аддае Сябе. Кожны Яго рух — гэта дар».

У якасці прыкладу арцыбіскуп распавёў гісторыю пра бабулю Анюту з дома для старых і адзінокіх людзей, дзе таксама ішла падрыхтоўка да святаў Божага Нараджэння.

«У бабулі Анюты ёсць сын, але цяпер ён сядзіць за кратамі. Для мамы сын заўсёды застанецца сынам. І ёй хацелася б выслаць яму штосьці на святы. Яна ведае, што любіць яе хлопчык: гэта пэўны тып тытуню.

Не маючы грошай, бабуля пайшла ў мужчынскае аддзяленне з надзеяй атрымаць там тое, што шукала. Аднак ніхто не хацеў падзяліцца, бо тыя мужчыны і самі не мелі лішку. Тады бабуля прапанавала ўзамен на тытунь свае акуляры. Адзін чалавек іх прымераў і быў задаволены. Сапраўды, цяпер у яго не расплываліся літары і ён мог чытаць газету, а бабуля Анюта атрымала жменьку тытуню, і яе сэрца заліла пяшчота і радасць, таму што яна магла зрабіць падарунак свайму сыну. Няважна, што цяпер яна бачыць свет як бы ў мутнай імгле. Важна, што сын будзе ведаць, што мама яго любіць і чакае».

«Адрачэнне, ахвяраванне, падараванне — словы, якія выражаюць любоў. Бог, Спрадвечнае Слова, аднойчы сышоў на зямлю, каб даць нам сваю любоў, радасць, святло, каб даць нам Сябе», — дадаў арцыбіскуп.

Прадстаўнік Святога Айца пажадаў, каб добрая вестка Божага Нараджэння «гучала ў нашых сэрцах і ў нашых сем’ях, у нашым горадзе і ў нашай краіне: “Бог любіць мяне бязмерна! Бог любіць нас бязмерна!”, таму што “Слова сталася целам і пасялілася між намі”».

Абноўлена 18.07.2019 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа