Пошук

26.12.2018 10:58   Падрыхтавала: Анастасія Грышан / Фота: Яўген Ярчак, TYT.BY / Catholic.by

У вігілію Божага Нараджэння Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр узначаліў святую Імшу ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.

«Святы Айцец Францішак казаў: "У гэтыя дні мы шмат думаем пра падарункі... Але на самой справе Той, хто дае сапраўдны падарунак, — гэта Бог, наш Айцец, які дорыць нам Езуса!" — сказаў арцыбіскуп на пачатку Імшы. — Сёння Бог дае нам яшчэ адну магчымасць адрадзіцца і дазволіць маленькаму і адначасова магутнаму Дзіцяці нарадзіцца ў нашых сэрцах».

Аднак, заўважыў іерарх, гэты цуд можа «хутка стаць шэрай штодзённасцю, дзе не будзе месца для Езуса ў нашых сэрцах, а толькі клопаты і шматлікія думкі пра святочны стол, сустрэчу гасцей, падарункі...». «А Езус тут! Ён не спяшаецца да стала, да гасцей, да падарункаў. Ён спяшаецца да вас, да мяне. Спяшаецца ў нашыя сэрцы, каб напоўніць іх Сабою. Выбар за намі: мітуслівыя клопаты альбо шчырая сустрэча з Любоўю і ў Любові!» — дадаў ён.

У гаміліі, прыгадваючы словы прарока Ісаі «Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае; над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло» (Іс 9, 1), арцыбіскуп адзначыў, што гэтыя словы апісваюць умовы, у якіх жыў выбраны народ: «ён хадзіў у цемры, таму што жыў у краіне смяротнага ценю». «Жыццё народа, як і кожнага чалавека, тут уяўляецца як падарожжа. Гэты вобраз запрашае кожнага з нас задумацца: адкуль я выйшаў? куды іду?» — дадаў іерарх.

«Сёння многія не ўмеюць адказаць сабе на гэтыя пытанні, многія лічаць, што прыйшлі на свет выпадкова і іх прызначэнне — проста знікнуць. Такі адказ прапануе нам сучасная культура — культура часовага.

Аднак чалавеку цяжка знесці цяжар такога ўсведамлення, і таму гэтая самая культура пераконвае яго, што пытанні пра свой пачатак і фінальную мэту зусім непатрэбныя, і да таго ж на іх немагчыма атрымаць пэўны адказ.

У адпаведнасці з такім падыходам была ўведзена адукацыйная сістэма, якая імкнецца выхваляць часовае і не прымаць канчатковага. Гэта і ёсць стан людзей, якія ходзяць у цемры і жывуць у краіне смяротнага ценю, — адзначыў Апостальскі Нунцый. — Менавіта гэтаму народу, тым, хто жыве ў цемры, сённяшняй ноччу Касцёл абвяшчае навіну: аб’явілася вялікае святло, быў дадзены адказ. Якое святло? Які адказ?»

Прыводзячы словы апостала Паўла: «Умілаваныя, з’явілася ласка Божая, збаўчая для ўсіх людзей» (Ціт 2, 11), іерарх патлумачыў, што гэтай ласкай «стаўся сам Бог, які прыйшоў гэтай ноччу, каб адкрыць нам таямніцу любові».

«Бог паказаўся нам як той, хто нас любіць і хоча жыць з намі. У аб’яўленні гэтай ласкі чалавек знаходзіць адказ на свае найглыбейшыя пытанні. Ён даведваецца, што ніхто не нараджаецца на гэты свет выпадкова або па неабходнасці, але кожны, перад тым, як быць зачатым пад сэрцам жанчыны, быў ужо зачаты ў сэрцы Бога. У гэтую ноч мы адкрываем, што нашае наканаванне — гэта не вечнае забыццё, а вечнае жыццё з Богам».

Па словах прадстаўніка Святога Айца, «з аб’яўленнем Божай ласкі чалавек адкрывае поўную праўду пра сябе і становіцца сапраўды свабодным»: «Бо ярмо, што гняло яго, і кій на плячах ягоных, і розгу прыгнятальніка ягонага Ты зламаў» (Іс 9, 3).

І цяпер Божая ласка вучыць нас, «каб мы, адрокшыся ад бязбожнасці і пажадлівасці свету, жылі ў цяперашнім жыцці разважліва, справядліва і пабожна» (Ціт 2, 12). Гэтай ноччу «пачынаецца новая гісторыя: адрадзіўшыся да новага жыцця, чалавек становіцца здольным будаваць цывілізацыю любові».

Разважаючы над тым, як і дзе з’явілася Божая ласка, іерарх узгадаў словы Евангелля: «І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго, і паклала ў яслі» (Лк 2, 7).

«Мы бачым, што Божая ласка — гэта не новае рэлігійнае вучэнне, не новы строгі маральны кодэкс. Гэта прысутнасць сярод нас Божага Сына — Езуса Хрыста, Бога-Чалавека, — падкрэсліў ён. — Вось шлях, які выбраў Бог, каб паказаць сваю любоў да нас. Сённяшняй ноччу Неба аб’явіла нам, што для нас “нарадзіўся ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан” (пар. Лк 2, 11).

Вось чаму ў гэтую ноч “народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае; над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло” (Іс 9, 1)».

Першымі, хто ўбачыў Божую ласку, былі «пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак» (Лк 2, 8). «Не трэба было быць людзьмі культуры, не трэба было быць вернымі выканальнікамі закона. Трэба было проста пайсці, каб убачыць нованароджанае Дзіця, якое і было Божай ласкай у целе. І кожны чалавек здольны на гэта, кожны чалавек да гэтага запрошаны», — сказаў Апостальскі Нунцый.

«І пастухі пайшлі да дзіцятка. А калі вярнуліся да сваіх статкаў, ці змянілася штосьці ў іх жыцці? Як і раней, авечкі, сярод якіх яны жылі, брыдка пахлі; як і раней, большасць людзей пагарджала іхняй працай; як і раней, іх будучыня не мела пэўнасці. Што ж змянілася? Свядомасць саміх сябе. Яны ўбачылі, як моцна іх любіць Бог, і былі бязмерна ўражаныя, адкрыўшы сваю годнасць», — падкрэсліў іерарх.

«Бог апрануў усіх нас у годнасць сваіх узлюбленых дзяцей, і гэтай ноччу праз нараджэнне свайго Сына Ён зноў нам з любоўю аб гэтым нагадвае», — дадаў арцыбіскуп.

На заканчэнне гаміліі прадстаўнік Папы прапанаваў вернікам маленькую гісторыю пра вялікую праўду аб тым, кім мы з’яўляемся ў Божых вачах і Божым сэрцы.

«Аднойчы Бог узяўся за справу стварэння. І стварыў цэлае Неба з яго жыхарамі — анёламі. Як гэта было прыгожа і дасканала! Святая Тройца і ўсе анёлы цешыліся нябеснай гармоніяй і захапляліся Божым майстэрствам. Неўзабаве Бог кажа: “А цяпер створым Зямлю!” Ён з запалам узяўся за працу, працаваў рупліва і старанна, укладаючы ўсё сваё сэрца і неабмежаваную фантазію любові.

Нарэшце справа была скончана, і ўсе ўбачылі Божы шэдэўр. “О, якая неапісальная прыгажосць, колькі колераў, гукаў і пахаў, колькі цудоўных таямніц і вобразаў!” — захапляліся анёлы працай Створцы і спявалі Яму найпрыгажэйшыя гімны праслаўлення.

Бог быў вельмі шчаслівы і, натхнёны любоўю, сказаў: “У Мяне ёсць новая ідэя! Створым чалавека паводле Нашага вобразу і падабенства!” І пачаў ствараць. Бог цалкам аддаўся працы і ў вызначаны час з замілаваннем паказаў усім новае Стварэнне — Мужчыну і Жанчыну.

Неба і Зямля застылі ў захапленні і зачараванні. “Гэта — цуд!” — толькі і змаглі прашаптаць анёлы. “Так! Гэта вяршыня ўсяго створанага!” — абвясціў Бог і з айцоўскай любоўю прытуліў да сэрца Мужчыну і Жанчыну, кажучы: “Дзеці, прыміце Маю любоў. Я прагну адорваць вас ласкай, святлом і радасцю, прагну вашага шчасця, аддаю вам усяго Сябе. Мы ўсе будзем жыць для вас!”

Неба і Зямлю ўскалыхнула бязмежная радасць. Божая любоў агарнула ўсё, што было. Нечакана пачуўся іншы голас: “Я не буду служыць гэтаму стварэнню! Я — адмаўляюся! Чалавек забраў у мяне Тваю ўвагу, я буду ягоным ворагам, каб знішчыць яго і паказаць Табе, што я — лепшы!”»

«З тых далёкіх часоў вораг чалавека ўсімі спосабамі стараецца даказаць, што людзі — гэта нішто, памылка і расчараванне Бога, — дадаў арцыбіскуп Габар Пінтэр. — Але Бог зноў і зноў паўтарае нам вуснамі Анёла: “Не бойцеся, Я абвяшчаю вам вялікую радасць: бо нарадзіўся вам сёння Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан” (Лк 2, 10-11)».

Іерарх пажадаў усім прысутным у касцёле, каб пасля гэтай Імшы яны «выйшлі з катэдры, як пастухі з бэтлеемскай стайні, з сэрцам, перапоўненым удзячнасцю Богу за вялікую годнасць быць Ягонымі дзецьмі, і з верай у Яго бясконцую любоў да кожнага з нас, да кожнага чалавека».

Абноўлена 18.07.2019 13:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.