Пошук

24.12.2018 10:19   кс. Францішак Рудзь / Catholic.by

У касцёле Маці Божай Будслаўскай на Каменнай Горцы ў Мінску прайшоў майстар-клас па прыгатаванні каляднага крэндзеля.

Каляды заўсёды былі і застаюцца найбольш шанаваным святам для хрысціянаў. Адвэнт — час чакання прыйсця Збаўцы на зямлю, напоўнены чараўніцтвам і верай у цуды. У Беларусі, як і ва ўсім свеце, ужо адкрыліся калядныя кірмашы ў вялікіх і маленькіх гарадах. Вакол пахне каляднай выпечкай. Менавіта яна надае асаблівы смак Калядам у прамым сэнсе гэтага слова.

У вігілійную вячэру і падчас святочнага абеду людзі ў багацце стала ўкладвалі вобраз асабістага шчасця, здароўя, міру і дабрабыту. Менавіта таму стравы на свята Божага Нараджэння былі незвычайнымі, смачнымі і з самабытнымі традыцыямі гатавання.

Асаблівае стаўленне было да каляднай выпечкі. Яна папярэджвала свята, а затым сваім пахам круціла галаву дарослым і дзецям. Прычына яе шанавання крыецца не толькі ў салодкім задавальненні, але і ў сэнсе хрысціянскага сакрамэнту.

У культуры народаў усяго свету выпечка, як від хлеба, заўсёды лічылася святой і бласлаўлёнай ежай. Хрысціянства дапоўніла яе шанаванне асвячэннем хлеба як «цела Хрыста» і выкарыстаннем яго ў літургіі. Духоўнае значэнне хлеба стала пераважаць над яго матэрыяльнай каштоўнасцю.

Замешваючы цеста сваімі рукамі, ствараючы з яго святочны пачастунак, чалавек укладвае працу, малітву і душу. Гэтым ён хоча падзяліцца з тымі, хто вакол, цеплынёй і любоўю. Традыцыі павінны перадавацца з пакалення ў пакаленне, звязваючы вернікаў у адзіную нітку вялікай хрысціянскай сям’і.

Вось чаму так важна навучыць дзяцей шанаваць хлеб і надаваць яму сакральнае значэнне. Таму ў мінскай парафіі і было вырашана правесці майстар-клас для дзяцей у падрыхтоўцы маленькага каляднага цуду для сваіх блізкіх.

Падзялілася беларускімі традыцыямі і перададзенымі продкамі ў спадчыну кулінарнымі рэцэптамі парафіянка Галіна Казлова. Разам з дзецьмі яна спякла калядныя крэндзелі.

Дадзены від прысмакаў быў абраны невыпадкова. Паводле легенды, упершыню здоба была прыдумана італьянскім манахам у 610 годзе, каб узнагародзіць дзяцей за іх старанні ў вывучэнні малітваў. Манах склаў палоскі цеста, падобныя да скрыжаваных рук дзяцей, якія моляцца. Ён назваў сваё «тварэнне» Pretiola, што азначала «маленькая ўзнагарода».

Страва атрымала распаўсюджванне ва ўсёй Еўропе. У Германіі яго пачалі называць «крэндзель», што ў перакладзе азначае «згінаць, скручваць». У XVI ст. падчас Рэнесансу выраб стаў папулярным і на тэрыторыі Беларусі. Кулінары надалі яму мясцовы каларыт — у рэцэпт былі дададзены мёд і аўсяная вобмешка. Нашы гаспадыні крыху змянілі выгляд булачкі і зрабілі форму, падобную да сэрца, як сімвал дабрыні да бліжняга і любові да Бога. З тых часоў булачка трывала займае пазіцыі аднаго з самых папулярных ласункаў.

Вы здзівіціся прастаце рэцэпту:

Цеста:
0,25 л вады
1 пакуначак сухіх хуткарастваральных дрожджаў
0,5 шклянкі цукру
дробка солі
500 гр мукі
4-5 ст.л. расліннага алею

Начынне:
2 ст.л. цынамону
3 ст.л. цукру

Абноўлена 24.12.2018 10:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця