У адказ на беспадстаўныя прэтэнзіі да Каталіцкага Касцёла на сайце svaboda.org Экспертная рада па справах абароны жыцця і сям’і пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі тлумачыць тое, што было сказана арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, Старшынёй каталіцкага епіскапату Беларусі, падчас прэс-канферэнцыі 19 снежня.
Тэрмін «гендар» і звязаныя з ім паняцці «гендарная роўнасць», «гендарныя стэрэатыпы» і г.д. узгадваюцца 19 разоў у Канцэпцыі закона аб хатнім насіллі невыпадкова. Гэтыя паняцці ўводзяць і прыкрываюць задачу грамадскай і юрыдычнай легітымацыі «шматгендарнасці».
Гаворка ідзе пра тое, каб паступова прывучыць беларускае грамадства да паняцця «гендар», пад якім насамрэч крыецца не роўнасць мужчыны і жанчыны, а падзел на шэсць і больш розных „гендараў“ замест Богам створаных палоў мужчыны і жанчыны.
Гэтая задача выразна прапісана ў прынцыпах Стамбульскай канвенцыі (Канвенцыя Рады Еўропы па барацьбе з хатнім насіллем)
Міністэрства ўнутраных спраў у сваіх адказах на запыты грамадскасці ясна сцвярджае, што Канцэпцыя закона аб хатнім насіллі грунтуецца менавіта на Стамбульскай канвенцыі, прынцыпы якой, на яго думку, Рэспубліка Беларусь павінна ажыццяўляць паводле ўжо падпісаных міжнародных дамоўленасцяў.
Таму неабходна тэрмінова перагледзець існуючыя міжнародныя абавязкі Рэспублікі Беларусь, якія датычацца сямейнага правапарадку, зыходзячы з нашых нацыянальных каштоўнасцяў і інтарэсаў. Каталіцкі Касцёл вельмі зацікаўлены ў тым, каб беларускія сем’і былі моцнымі, таму не можа ні ў якім разе падтрымаць падпісанне пастаноў, дамоваў, канвенцый ці законаў, якія маюць відавочную ці схаваную небяспеку для інстытуту сям’і ў Беларусі.
Уладзіслаў Валаховіч
адміністрацыйны сакратар Экспертнай рады па справах абароны жыцця і сям’і
пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі