Пошук

11.12.2018 07:30   Тэкст і фота: Зміцер Міраш / vitebskspring.org / Catholic.by

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у абласной бібліятэцы ў Віцебску прайшла традыцыйная перадкалядная вечарына «Ціхая ноч, Святая ноч», у якой узяў удзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Адкрываючы вечарыну, пастыр самай маладой беларускай дыяцэзіі зазначыў, што такія сустрэчы даюць магчымасць кожнаму чалавеку, незалежна ад яго веравызнання, глыбей усвядоміць сутнасць гэтага вялікага свята — Божага Нараджэння.

«Гэта магчымасць, каб мы паспрабавалі сёння ў нашым з вамі жыцці, штораз усё больш забеганым і запрацаваным, глыбей паглядзець на тую вялікую таямніцу, якую прапануе нам Бог.

Побач з гэтым прыгожым навагоднім светам убачыць яшчэ і тую вялікую духоўную цеплыню, вялікую глыбокую Божую любоў, якую ён прапануе нам у сваім Сыне», — сказаў біскуп Алег.

Калядныя песні на вечарыне выканалі хор узорнай вакальнай студыі «Асоль» і хор парафіі св. Барбары «Гасанна».

Хор «Гасанна».

Вёў вечарыну ўраджэнец Віцебшчыны пісьменнік Франц Сіўко. Чыталі вершы паэтка Людміла Сіманёнак, вернік парафіі Езуса Міласэрнага Уладзіслаў Каржанеўскі, верніца грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага Наталля Плешчанка ды іншыя.

Самым юным артыстам быў 6-гадовы Сцяпан Серабро.

У якасці артыста выступіў і іерарх, які ўзяў у рукі гітару. Паколькі перадкалядная імпрэза ў абласной бібліятэцы прыпала на ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, біскуп Віцебскі выбраў для выканання песню, прысвечаную Маці Божай, «Ты за сабою нас вядзеш».

Напрыканцы сустрэчы біскуп Алег Буткевіч прэзентаваў новы каляндар на 2019 год, прысвечаны 20-годдзю Віцебскай дыяцэзіі, утворанай 13 кастрычніка 1999 года. Каляндар у якасці падарунку атрымалі ўсе ўдзельнікі вечарыны.

Абноўлена 11.12.2018 12:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа