8 снежня Касцёл адзначае ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Марыі, якая з’яўляецца абавязковым святам, калі кожны вернік абавязаны ўдзельнічаць у св. Імшы. У сувязі з гэтым варта даведацца, што насамрэч у гэты дзень святкуе Касцёл.
Што такое Беззаганнае Зачацце Марыі? Гэта праўда пра тое, што бацькі Марыі Яўхім і Ганна зачалі сваю Дачку, якую Бог захаваў ад плямы першароднага граху — граху першых людзей Адама і Евы, які ад іх пераходзіць на кожнага новананароджанага чалавека. Зачацце, пазбаўленае заганы першароднага граху, датычыцца толькі і выключна Марыі, якая асаблівым чынам была захаваная ад граху з увагі на тое, што Ёй было наканавана стаць Маці Божага Сына.
Беззаганнае Зачацце Марыі — гэта не тое самае, што дзявочае Зачацце Езуса Хрыста самой Марыяй ад Святога Духа. Дзеянне Бога ў момант Зачацця Марыі заключалася не ў замяшчэнні дзеяння бацькоў, а ў захаванні Яе душы ад наступстваў першароднага граху.
Зразумела, што і Сын Божы ў сваёй чалавечай натуры таксама не быў закрануты грахом.
Хоць з першых стагоддзяў хрысціяне верылі ў тое, што Маці Збаўцы — «поўная ласкі», гэта значыць вольная ад усялякага граху, у тым ліку і першароднага, аднак выразнае дактрынальнае сцвярджэнне гэтай праўды, якое называецца «догмат», з’явілася толькі 8 снежня 1854 г.
Звычайна такія значныя пытанні хрысціянскай веры раней абмяркоўваліся біскупамі Касцёла на Саборах, якія праводзіліся з мэтаю глыбей зразумець аб’яўленыя Богам праўды і правільна растлумачыць іх вернікам. Такім чынам з’яўляліся догматы, якія можна назваць «аксіёмамі» хрысціянскага веравучэння.
Аднак догмат аб Беззаганным Зачацці Марыі быў прыняты не на Саборы.
У 1849 г. папа Пій ІХ у спецыяльным пасланні да ўсяго Касцёла, якое называецца энцыкліка і мае загаловак па першых словах лацінскага тэксту (Ubi primum), папрасіў усіх біскупаў пісьмова выказаць сваё меркаванне, ці варта абвясціць праўдаю веры Беззаганнае Зачацце Марыі. У адказ на гэтую просьбу ён атрымаў 604 лісты ад біскупаў, з якіх толькі пяць не бачылі такой магчымасці. Яшчэ 24 пастыры не адмаўлялі самой гэтай праўды, але не раілі абвяшчаць яе ў якасці догмату. Усе іншыя біскупы далі станоўчы адказ.
У гэтым лісце, што завецца булай ад лацінскай назвы круглай пячаткі, якой змацоўваецца дакумент, ён абвясціў догмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі праўдаю каталіцкай веры.
У дакуменце прыведзены бясспрэчныя доказы веры Касцёла ў беззаганнасць Найсвяцейшай Панны ва ўсе часы, а таксама пераканаўча гаворыцца аб тым, што Яна — тая, каго Бог выбраў для здзяйснення свайго спрадвечнага плану збаўлення чалавека і такім чынам бязмерна ўзвысіў Яе над усім стварэннем.
Праз чатыры гады пасля абвяшчэння гэтага догмату, 11 лютага 1858 г., Маці Божая з’явілася ў Люрдзе (Францыя) дзяўчынцы, якую звалі Бэрнардэта Субіру. Марыя назвала сябе «Беззаганным Зачаццем», што лічыцца пацвярджэннем догмату, сфармуляванага наступным чынам:
«Абвяшчаем, пастанаўляем і вызначаем, што вучэнне, згодна з якім Найсвяцейшая Дзева Марыя ў першы момант свайго Зачацця асабліваю ласкаю і прывілеем Усемагутнага Бога, дзякуючы прадбачаным заслугам Езуса Хрыста, Збаўцы роду чалавечага, была захавана некранутаю ніякай плямаю першароднага граху, было аб’яўлена Богам, а таму ўсе вернікі павінны з непахіснай верай заўсёды яго вызнаваць».