Пошук

10.12.2024 11:09   Фота: з архіву францішканскай парафіі ў Гродне / Catholic.by

9 снежня, у дзень, калі сёлета святкавалася ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Імшу ў парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне, дзе 35 гадоў таму быў пробашчам.

Менавіта адсюль у 1989 годзе ён быў пакліканы Папам Янам Паўлам ІІ, каб стаць першым пасля Другой сусветнай вайны біскупам у Беларусі.

Цяпер у касцёле, што ўзвышаецца на высокім беразе Нёмана, дзе калісьці служыў святы Максімільян Марыя Кольбэ, які асаблівым чынам ушаноўваў Беззаганную, зноў, як калісьці, нясуць служэнне айцы францішкане. Па запрашэнні сённяшняга пробашча парафіі айца Сяргея Мігуна OFM Conv ва ўрачысты дзень арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы падзякі за 35 гадоў свайго біскупскага служэння.

У гаміліі заслужаны іерарх найперш засяродзіўся на праўдзе веры аб Беззаганным Зачацці Марыі, аб’яўленай благаслаўлёным Папам Піем ІХ 170 гадоў таму.

«Гэта быў складаны час. Адбывалася тэхнічная рэвалюцыя. Цёмным бокам гэтага працэсу была сацыяльная несправядлівасць, што суправаджалася падзеннем маральнасці, чаму спрыяла бязбожная марксістская ідэалогія, якая сцвярджала, што рэлігія — гэта „опіюм народа“.

Адказам Касцёла стаў догмат пра Беззаганнае Зачацце Марыі з мэтай паказаць свету іншую опцыю — духоўную чысціню», — заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён звярнуў увагу на тое, як, абвяшчаючы гэты каталіцкі догмат, Папа Пій ІХ падкрэсліў, што Марыя была зачатая без граху моцаю будучых заслуг Яе Сына Езуса Хрыста.

«Праўда Беззаганнага Зачацця была пацверджана самой Марыяй падчас аб’яўленняў святой Бэрнадэце Субіру ў Люрдзе ў 1858 годзе. На пытанне дзяўчнкі, хто гэтая „прыгожая Пані“, якая з’явілася ёй у Масаб’ельскім гроце, тая адказала: „ Я ёсць Беззаганнае Зачацце“», — нагадаў іерарх.

Асабліва кранула ўдзельнікаў святой Імшы асабістае сведчанне арцыбіскупа Кандрусевіча пра адну падзею, што на ўсё жыццё звязала яго з гродзенскім францішканскім касцёлам.

«Калі я быў яшчэ немаўлём, то вельмі моцна захварэў і разам з мамай ляжаў у шпіталі непадалёк ад францішканскага кляштара. Тады мама прынесла мяне ў касцёл, паклала на алтары і сказала: „Марыя, рабі з ім, што хочаш“. Як аказалася потым, Марыя зрабіла…» — прызнаўся арцыбіскуп, упэўнены ў тым, што менавіта дзякуючы заступніцтву Маці Божай ён адчуў пакліканне да святарства, а рашэнне пайсці ў семінарыю прыняў у Вострай Браме.

Заслужаны іерарх падзяліўся з прысутнымі, што пасля пераезду з Адэльска ў Гродна ён жыў непадалёк ад францішканскага касцёла. Менавіта адсюль, пасля ўдзелу ў Імшы, паехаў вучыцца ў Ленінград, а пазней наведваў гэтую святыню ўжо як інжынер. У гэтым касцёле ў малітоўніку мамы ён аднойчы знайшоў малітву аб пакліканні да святарства для сына, што вельмі моцна паўплывала на прыняцце такога рашэння.

14 лютага 1988 года малады святар Тадэвуш Кандрусевіч стаў пробашчам дзвюх гродзенскіх парафій: францісканскай і фарнай. З гэтага касцёла ён паехаў у Рым на біскупскае пасвячэнне і ў ім жа як біскуп 27 кастрычніка 1989 года цэлебраваў сваю першую Імшу на Беларусі. З яго у маі 1991 года паехаў у Маскву.

Арцыбіскуп Кандрусевіч выказаў падзякую Богу і Марыі за 35 гадоў біскупскага служэння на пачатку ў Беларусі, потым у Расіі і зноў на Радзіме, а таксама падзякаваў вернікам за іх малітвы ў яго інтэнцыі.

«Божы Провід паслаў мяне адраджаць Касцёл з руінаў у Беларусі, з попелу — у Расіі. Заданне складане, але Бог праз заступніцтва Марыі, а таксама дзякуючы падтрымцы вернікаў і людзей добрай волі дапамог», — сцвердзіў заслужаны іерарх, папрасіўшы вернікаў працягваць маліцца за яго, каб і надалей мог годна выконваць біскупскія абавязкі.

Напрыканцы Імшы парафіяне, у тым ліку і дзеці, павіншавалі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 35-й гадавінай біскупскага служэння.

 

Абноўлена 10.12.2024 11:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа