Пошук

30.11.2018 08:00   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / grodnensis.by / Catholic.by

27 лістапада ў гродзенскай катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксавэрыя можна было даведацца пра таямніцы лавак-«сталляў» у студэнцкай капліцы Маці Божай Кангрэгацкай.

Пра гісторыю лавак 300-гадовай даўніны з выявамі ў стылі шляхецкай сармацкай культуры, якія і сёння служаць вернікам у былым езуіцкім касцёле, распавёў дацэнт Уладзімір Ляўшук, кандыдат гістарычных навук і выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

У гэты дзень жыхары горада Гродна мелі магчымасць разгледзець звычайна маладаступны артэфакт бліжэй.

Лаўкі з маляўнічымі выявамі знаходзяцца ў капліцы Маці Божай Кангрэгацкай, Апякункі навучэнцаў гродзенскага езуіцкага калегіума.

Лаўкі-«сталлі» (ад італ. stallo — стойла) — спецыяльная мэбля ў каталіцкіх святынях. Іх ставілі там, дзе манахі або рэгулярныя канонікі на працягу сутак збіраліся для супольнай цэлебрацыі Літургіі гадзінаў у хоры.

Яны мелі падлогу, высокія спінкі і балдахіны для абароны тых, хто моліцца, ад холаду са сценаў, падлакотнікі і нязручныя вузкія сядзенні, на якіх можна было прысесці, але нельга заснуць, і зачынены спераду кленчнік.

На лаўках-«сталлях» у Гродне, якія былі важным кампанентам штодзённага жыцця студэнтаў, аб’яднаных у Марыянскую садаліцыю, адлюстраваныя два алтары з абразом Маці Божай Кангрэгацкай. Сталлі маюць два размешчаныя пад прамым вуглом адзін да аднаго крылы, злучаныя пераходам, які паўтарае крыжападобную форму пілона, пры якім яны стаяць. На філёнках спінак і на франтальнай сценцы прысутнічаюць маляўнічыя выявы.

З часам аўтэнтычнасць выяваў стала іх галоўнай вартасцю, паколькі пачалі цаніцца адлюстраваныя на іх падрабязнасці гродзенскага штодзённага жыцця XVII–XVIII стст. Аўтар выяваў на сталлях невядомы.

У сваім дакладзе Уладзімір Ляўшук адзначыў, што да нашага часу не захавалася  пісьмовых сведчанняў пра дату ўстаноўкі сталляў у студэнцкай капліцы. Аднак найбольшая карысць ад іх устаноўкі для жывых герояў выяваў на сталлях і для жывых сваякоў тых, хто ўжо памёр, была на пачатку кастрычніка 1718 г., перад распачаццем сейму ў Гродне. У гэтым годзе споўнілася 300 гадоў з таго часу.

Усталяваныя ў капліцы былой гродзенскай Марыянскай садаліцыі, лаўкі-«сталлі» не толькі нагадваюць сёння жыхарам і гасцям Гродна пра цудоўныя аздараўленні асобных людзей, якія даверыліся Маці Божай Кангрэгацкай, але і кажуць пра багатую гісторыю горада.

Пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі пасля завяршэння дакладу падзякаваў Улазіміру Ляўшуку і выказаў надзею, што такія гістарычна-пазнавальныя вечары будуць і надалей праводзіцца ў святыні, дзе захавалася вельмі шмат цікавых гістарычных артэфактаў і помнікаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.