Пошук

29.11.2018 12:43   Эла Дзвінская / Фота: nlb.by / Catholic.by

28 лістапада ў Вільні, дзе 400 гадоў таму быў створаны першы «Буквар», у чытальнай зале Літоўскай Нацыянальнай бібліятэкі ім. Марцінаса Мажвідаса адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання гэтай кнігі.

Падзея сведчыць пра вяртанне хрысціянскіх каштоўнасцяў у сферы культуры і адукацыі і служыць узаемаразуменню і культурнаму ўзаемаабмену паміж народамі.

«Вельмі сімвалічнае правядзенне прэзентацыі менавіта ў Вільні, — распавёў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдат культуралогіі Алесь Суша, — бо першы “Буквар” быў падрыхтаваны ў 1618 годзе манахамі Віленскага манастыра Святога Духа. Надрукаваны ён быў у друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва, якая дзейнічала недалёка ад Вільні — у мястэчку Еўе (сучасны Вевіс)».

У межах мерапрыемства адбылася ўрачыстая перадача факсімільнага выдання найбуйнейшым літоўскім бібліятэкам — Нацыянальнай, Акадэмічнай і Універсітэцкай, а таксама Віленскай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны, Свята-Духаву манастыру і Гістарычнаму музею Тракайскага замка.

Перад гасцямі выступілі Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Літве Аляксандр Кароль і генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Літвы Рэналдас Гудаўскас.

Прэзентацыя стала падсумаваннем вынікаў рэалізацыі міжнароднага навуковага выдавецкага праекта па факсімільным узнаўленні першага «Буквара».

«Да выдання Буквара спрычыніліся дзве найбольш яркія фігуры беларускай культурнай прасторы — Мялецій Сматрыцкі і Лявонцій Карповіч, — адзначыў Алесь Суша. — Багаслоў і публіцыст Лявонцій Карповіч быў кананізаваны Праваслаўнай Царквой. 

Пры Лявонцію Карповічу Віленскае Свята-Духава праваслаўнае брацтва і яго манастыр сталі асновай цэлай сеткі праваслаўных брацтваў і манастыроў, брацкая друкарня зрабілася буйным выдавецкім цэнтрам, а школа — вядомай навучальнай установай».

Партнёрамі праекта выступілі: Бібліятэка Ганаровага таварыства Мідл Тэмпл у Лондане, Пасольства Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі «Белінвестбанк».

«Сёння па кнігах з назвай “Буквар” вучацца ў многіх краінах свету. Дадзены маштабны праект закліканы зрабіць першы “Буквар” даступным для шырокай аўдыторыі і прадэманстраваць паважлівае стаўленне да нашай культурнай спадчыны», — сказаў Алесь Суша.

28 кастрычніка ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 400-годдзю выдання першага беларускага “Буквара”, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі наведаў Беларускую бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, а 29 кастрычніка ён правёў прэзентацыю кнігі ў Бібліятэцы Ганаровага таварыства Мідл Тэмпл.

27 лістапада Раман Матульскі наведаў аддзяленне славянскіх моваў і літаратуры філалагічнага факультэта Жэнеўскага ўніверсітэта з прэзентацыяй «Буквара» ў рамках даследванняў беларускай кніжнай культуры ў кантэксце еўрапейскай гісторыі.

Абноўлена 29.11.2018 12:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця