Пошук

25.07.2018 12:13   Падрыхтавала: Эла Дзвінская / Фота: Эла Дзвінская і Алесь Суша / Catholic.by

Нашы продкі імкнуліся да праўдзівай веры і адукаванасці. Пасля 500-годдзя першай беларускай Бібліі Францішка Скарыны важнай датай з’яўляецца 400-годдзе «Буквара», які быў надрукаваны 24 ліпеня 1618 года ў Еўе.

«Буквар славянскай мовы» склалі манахі і выкладчыкі Віленскага праваслаўнага манастыра Святога Духа, а надрукаваны ён быў у мястэчку Еўе пад Вільняй. Гэта было адно з самых старадаўніх і ўплывовых беларускіх выдавецтваў у Вялікім Княстве Літоўскім. Яно выпускала нямала кніг на царкоўнаславянскай, старабеларускай і польскай мовах», — пра гэта паведаміў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Алесь Суша.

У свеце да сёння захаваліся толькі два асобнікі першага «Буквара». Адзін з іх знаходзіцца ў Даніі, у Каралеўскай бібліятэцы. А другі экземпляр — у Вялікабрытаніі, у бібліятэцы Мідл Тэмпл, якая размяшчаецца ў гістарычным раёне Лондана, дзе некалі сваю рэзідэнцыю мелі знакамітыя рыцары тампліеры.

Выключная рэдкасць і вялікая каштоўнасць першага «Буквара» зрабілі яго амаль невядомым як для навукоўцаў, так і для шырокай грамадскасці.

Амаль ніхто з беларускіх даследчыкаў раней не меў магчымасці ўбачыць «Буквар» на свае вочы. На радзіме ніводнага асобніка не захавалася: іх проста «зачыталі да дзірак», як часта бывае з вучэбнымі выданнямі.

У 2015 годзе дзякуючы спрыянню брытанскіх беларусазнаўцаў, прафесараў Лонданскага ўніверсітэта, намесніку дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесю Сушы ўдалося наведаць Лондан і атрымаць доступ да гэтага надзвычай каштоўнага выдання.

Апрача адукацыйных задач «Буквар» быў прызначаны для патрэбаў выхавання, якое ў грунтавалася на хрысціянскіх каштоўнасцях.

Менавіта з гэтай мэтай у склад выдання ў якасці важных тэкстаў для чытання ўключаны шматлікія малітвы, рэлігійныя гімны, Сімвал веры, Божыя запаведзі, казанні, пералік добрых якасцей чалавека і яго грахоў, а таксама шматлікія іншыя маральна-выхаваўчыя тэксты.

Знешняя аздоба выдання моцна нагадвае віленскія выданні Францішка Скарыны.

Сёння невядома, хто быў ініцыятарам і стваральнікам «Буквара». Найбольш верагоднымі аўтарамі ці складальнікамі кнігі з’яўляюцца вядомыя беларускія дзеячы таго часу Мялецій Сматрыцкі і Лівонцій Карповіч. Фінансавую падтрымку выданню аказаў князь Багдан Агінскі.

Нам ёсць чым ганарыцца — першы ў свеце «Буквар» прыдумалі нашы продкі. Сёння з «Буквара» пачынаецца дарога ў свет ведаў многіх дзетак не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах свету, а назва «Буквар» увайшла ў сучасныя беларускую, рускую, украінскую, балгарскую, баснійскую мовы, а таксама ў абхазскую, аварскую, адыгейскую, айроцкую, алеутскую, балкарскую, гагаузскую, дагестанскую, далганскую, даргінскую, хакаскую, ханту, цыганскую, чувашскую, чукоцкую, эвенкійскую і іншыя.

Асноўныя мерапрыемствы святкавання юбілею «Буквара» пройдуць у канцы жніўня і пачатку верасня — да Дня ведаў і Дня беларускага пісьменства.

Абноўлена 30.08.2018 23:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця