Пошук

29.08.2018 15:05   Падрыхтавала: Эла Дзвінская / Фота: Таццяна Сапега / Catholic.by

Напярэдадні Дня ведаў, 28 жніўня, у Нацыянальнай бібліятэцы прадставілі выпуск факсімільнага ўзнаўлення першага беларускага «Буквара», 400-годдзе якога адзначылі сёлета.

Кніга невялікага фармату выйшла накладам 1000 асобнікаў у трох тамах, якія ўключаюць арыгінал, даследаванні і пераклад. Выданне паступіць ва ўсе рэгіянальныя і ўніверсітэцкія бібліятэкі краіны бясплатна. Калектыў аўтараў узначаліў кандыдат культуралогіі Алесь Суша. Над дызайнам працаваў Канстанцін Вашчанка. Даследчы том уключае кнігазнаўчыя артыкулы Алены Дзянісавай, Юрыя Казакова, Вольгі Праскаловіч, Рэнэ Сатэрлі, Галіны Ціванавай. Арыгіналы ўзноўленага «Буквара» знаходзяцца ў Лондане і Капенгагене. У нашай краіне іх не захавалася.

З'яўленне факсімільнага «Буквара» — гэта другі значны асветніцкі праект пасля факсімільнага ўзнаўлення Бібліі Францішка Скарыны, які мае духоўныя і патрыятычныя мэты — сведчыць пра глыбокія традыцыі хрысціянскай веры, на якіх стваралася і развівалася наша нацыянальная культура.

«Мы завяршылі даследчы гуманітарны праект, які доўжыўся тры гады. Ён ажыццяўляўся сумесна з такімі партнёрамі, як Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, Белінвестбанк, а таксама пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі. Плённая і цесная праца ішла разам з брытанскімі спецыялістамі і з Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў. У даследаванні бралі ўдзел гісторыкі, філолагі», — прадстаўляючы выданне, адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша.

Можна сказаць, што Буквар — для кожнага кніга святая, бо з яе пачынаецца шлях у цудоўную краіну ведаў. Гэта кніга тым больш святая, бо яна дайшла да нас з ХVII cтагоддзя, калі яе выдалі браты кіновіі Віленскай — манастыра Святога Духа, які быў значным тагачасным цэнтрам асветы на нашых землях.

Задача Буквара была ў тым, каб дапамагчы дзецям не толькі вывучыць літары, але і засвоіць правілы паводзінаў у грамадстве, знаходзіць адрозненне паміж дабром і злом, быць выхаванымі, адукаванымі і культурнымі людзьмі — добрымі хрысціянамі і сумленнымі грамадзянамі.

Буквар уключае Сімвал веры, малітвы, нагадвае пра сем справаў міласэрнасці: галоднага накарміць, сасмаглага напаіць, голага апрануць, падарожнага прыняць, хворага наведаць, вязня суцешыць, памерлага пахаваць…

У кнізе шмат тэкстаў, арыентаваных не толькі на дзяцей, але і на юнакоў, на маладых людзей. Такім чынам, першая кніга магла спадарожнічаць чалавеку доўгія гады, будучы для яго добрым дарадчыкам і настаўнікам мудрасці Божай і чалавечай.

У вывучэнні старажытнага тэкста дапамаглі даследчыкі з Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (МАБ). Прафесар Джым Дынглі паспрыяў таму, каб супрацоўнікі прыватнай бібліятэкі карпарацыі юрыстаў Мідл Тэмпл ў Лондане прадаставілі доступ да арыгінала. Дзякуючы падтрымцы МАБ была зроблена лічбавая копія выдання, на падставе якой убачыў свет узноўлены «Буквар», прэзентаваны ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навуковы артыкул Алеся Сушы прысвечаны двум выдатных дзеячам беларускай культуры, якія прычыніліся да выдання «Буквара» — Мялеція Сматрыцкага і Лявонція Карповіча.

Мялецій Сматрыцкі быў аўтарам граматыкі царкоўна-славянскай мовы, займаўся выкладчыцкай дзейнасцю ў брацкай школе пры манастыры і вучыў многіх прадстаўнікоў шляхецкіх родаў на Беларусі. Лявонцій Карповіч лічыцца адным з заснавальнікаў Віленскага манастыра Святога Духа і яго першым архімандрытам. Вучоны манах таксама займаўся практыкай выкладання і кіраваў брацкай школай, якая выдала «Буквар». Ён працаваў з братамі Зізаніямі ў віленскай брацкай друкарні над выданнем «Азбукі» і «Граматыкі» — кніг, якія папярэднічалі з’яўленню «Буквара».

Выданне «Буквара» ў 1618 годзе аказала заўважны ўплыў на шырокія слаі ўсяго тагачаснага грамадства.

Яго пазнейшыя перавыданні ў Куцейне, Супраслі і Магілёве перанялі назву, змест, структуру віленскага «Буквара». У канцы ХVII стагоддзя на Беларусі выйшла больш буквароў, чым на тэрыторыі Украіны і Расіі разам узятых. Крыніцай інфармацыі для вывучэння гісторыі «Буквара» паслужылі ўкраінскія, польскія і нямецкія даследаванні мінулага стагоддзя.

Мерапрыемства стала своеасаблівым благаслаўленнем для дзетак, якія ідуць у першы клас. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі «Буквары» з рук дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Рамана Матульскага і прадстаўнікоў банкаў, якія фундавалі выданне. На прэзентацыі прысутнічалі духоўныя асобы: прадстаўнік Грэка-Каталіцкай Царквы айцец Яўген Усошын і прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы айцец Святаслаў Рагальскі.

Факсімільнае ўзнаўленне «Буквара» будзе прэзентавана і на Дні беларускага пісьменства, які пройдзе 2 верасня ў Янаве Палескім (Іванаве), што на Піншчыне, дзе аддаў жыццё за веру св. Андрэй Баболя.

Наступным важным мерапрыемствам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, звязаным з духоўнай спадчынай нашага народа, стане ўнікальная міжнародная выстава «Беларусь і Біблія», якая адкрыецца 20 верасня.

Абноўлена 31.08.2018 08:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа