Пошук

19.11.2018 08:40   Catholic.by

Падчас урачыстасцяў Апекі Маці Божай Вастрабрамскай 17 лістапада ў касцёле св. Тэрэзы пры Вострай Браме ў Вільні адбылася св. Імша для беларусаў, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Гэтая святыня мае асаблівае значэнне для сённяшняга кіраўніка беларускага епіскапату, які тут распачынаў сваё святарскае служэнне ў якасці вікарыя. Падчас традыцыйных штогадовых урачыстасцяў Маці Міласэрнасці, якія ў Вільні называюцца «Апекамі», тут бывае асабліва шмат пілігрымаў, у тым ліку і з Беларусі. Разам з ім св. Імшу з гэтай нагоды канцэлебравалі біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка і Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, а таксама беларускія і мясцовыя святары.

У прамоўленай падчас св. Імшы гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што чалавек з’яўляецца «Божым стварэннем, якое найбольш патрабуе дапамогі».

«Божая Маці — гэта Рут Новага Запавету, якая схіляецца над кожным пакінутым і растоптаным коласам — чалавекам, — сказаў іерарх. — Яна як Маці Міласэрнасці знаходзіцца там, дзе бяда, і дапамагае патрабуючым».

Арцыбіскуп прыгадаў правобразы і гісторыю Марыі ў Бібліі, пачынаючы з прадказання Протаевангелля і заканчваючы цярпеннем Маці пад крыжам, на якім паміраў Яе Сын.

«Калі прыйшла паўната часу, Бог праз Марыю паслаў нам Збаўцу. Несучы Яго пад сваім сэрцам, Марыя спяшаецца з дапамогай міласэрнасці да Альжбеты.

Далей мы бачым Яе ў Кане Галілейскай, але не як госця, вакол якога ўсе мітусяцца і якому ўсе прыслугоўваюць. Наадварот, — гэта Яна клапоціцца пра іншых. Яе міласэрнае вока заўважае, што маладыя ў няёмкім становішчы, бо гасцей шмат, а віно ўжо скончылася. І менавіта дзякуючы Ёй Хрыстус чыніць першы цуд, ператвараючы ваду ў віно, і такім чынам ратуе сітуацыю.

Нарэшце, знаходзячыся пад крыжам, на якім паміраў Яе Сын, Яна церпіць разам з Ім. Праз Яе душу праходзіць меч, як прарочыў старац Сімяон у Ерузалемскай святыні падчас ахвяравання Езуса. І ў гэты момант Езус аддае сваю Маці нам, аддае, каб была Маці Міласэрнасці ў нашых патрэбах. І Марыя прымае гэтую ролю».

Іерарх падкрэсліў, што падчас сёлетніх урачыстасцяў Маці Божай Вастрабрамскай «мы дзякуем Езусу за бясцэнны дар, а Марыі — за Яе згоду быць нашай духоўнай Маці».

«Марыя не чакала доўга, каб праявіць сябе ў гэтай функцыі, — дадаў арцыбіскуп. — Пасля Унебаўшэсця Езуса Яна знаходзіцца разам з апосталамі ў Вячэрніку і чакае Спаслання Святога Духа. Яна прысутная ў маладым Касцёле, бо ад самага пачатку да Яе звяртаюцца з дапамогай. Прысутная Яна і ва ўсёй гісторыі Касцёла. Прысутная таксама ў наш час, у гісторыі як кожнага чалавека, так і цэлых народаў.

У 1917 годзе ў далёкай Фаціме ў Партугаліі Марыя дала нам надзею на духоўнае адраджэнне. Фацімскае прароцтва стала знакам надзеі: калі будзем навяртацца і маліцца, то прыйдуць часы свабоды.

Гэтую ласку мы выпрошвалі ў беларускіх марыйных санктуарыях і таксама тут, перад абліччам Маці Божай Вастрабрамскай. У нашай нацыянальнай гісторыі нам заўсёды была патрэбна міласэрная Маці, і мы Яе мелі.

Фацімскае прароцтва здзейсніілася. Наша краіна, як і іншыя краіны былога Савецкага Саюза, атрымала ласку свабоды веравызнання, хоць яшчэ няпоўнай і абмежаванай».

Асобна арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіўся на тэме маладога пакалення, задаючыся пытаннем, ці шукае яно дапамогі ў Марыі.

«Сёння наш свет перажывае „маральны“ патоп, плывучы па хвалях атэізму, секулярызму, маральнага рэлятывізму, алкагалізму, сексуальнай усёдазволенасці і т.п. У такой сітуацыі, калі здаецца, што касцёльны човен знаходзіцца ў вялікай небяспецы, мы скіроўваем свой позірк да Маці Міласэрнасці з просьбай: Марыя, дапамажы нам, бо гінем.

Якім чынам Марыя можа гэта ўчыніць? Вядомы лацінскі выраз кажа: Ad Іesum per Mariam — Да Езуса праз Марыю. Марыя — найкарацейшы шлях да Яе Сына. І калі мы не ведаем дарогі да Міласэрнага Збаўцы, то павінны прасіць Марыю, каб паказала яе.

Тысячы і тысячы вотаў, якія знаходзяцца на сценах вастрабрамскай капліцы і ў яе скарбніцы — найлепшае сведчанне гэтаму. Гэта знакі, якія прамаўляюць праз стагоддзі.

Сёння, знаходзячыся каля Твайго аблічча, мы просім Цябе, Маці Міласэрнасці, апякуйся намі і вядзі нас да свайго Сына, каб Ён заўсёды прысутнічаў у чаўне нашага жыцця і не дазволіў яму затануць, але вёў у порт вечнага шчасця», — традыцыйна завяршыў сваю гамілію кароткай малітвай арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Святочную літургію ўпрыгожыў велічным спевам хор «Голас Душы» з мінскай парафіі св. Сымона і св. Алены (Чырвоны Касцёл). Пасля Імшы была прачытана Ларэтанская літанія на беларускай мове. Паколькі пад рукою не знайшлося тэксту, у якасці малітоўніка служыў мабільны тэлефон. Перад міласэрным абліччам Маці Божай прагучаў таксама заклік «Каралева Беларусі», якім па рашэнні беларускага епіскапату была сёлета дапоўнена гэтая адна з найстаражытнейшых і найбольш папулярных марыйных малітваў.

Абноўлена 19.11.2018 10:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця