Пошук

07.11.2018 18:10   Кс. Юзаф Сярпейка / Catholic.by

7 лістапада ў парафіі Св. Ядвігі і св. Казіміра ў Магілёве прайшла пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Магілёўшчыны. У межах сустрэчы адбылася малітва за памерлых іерархаў, прэзбітэраў і кансэкраваных асобаў Магілёўскага рэгіёну на каталіцкіх могілках па вул. Лазарэнкі, дзе знаходзяцца магілы святароў.

Такая супольная малітва духоўных асобаў і вернікаў падчас актавы стала ўжо важнай традыцыяй у Магілёўскай частцы архідыяцэзіі.

Узначаліў сустрэчу і малітву біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Пастырская сустрэча пачалася супольнай малітвай Літургіі Гадзінаў і канферэнцыяй, якую прамовіў духоўны айцец рэгіёну кс. канонік Андрэй Далянскі. У канферэнцыі ён паразважаў пра адну з галоўных цнотаў, якой павінны адрознівацца духавенства і кансэкраваныя асобы, а менавіта цнотай любові.

«Без цноты любові немагчыма жыць і існаваць, бо яна яднае людзей і народы, падтрымлівае чалавека ў правільным развіцці і матывуе нашыя высакародныя дзеянні. Праўдзівай любові свет навучыць нас не можа, а толькі Бог, праз свае словы і праз свае дзеянні, — адзначыў кс. Андрэй. — Кожная духоўная і кансэкраваная асоба павінны вылучацца ў цноце любові дзвюма рысамі: любіць так, як любіць Бог, і быць вернымі ў любові, як верны Бог».

Цэнтрам сустрэчы стала cвятая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх нагадаў асноўную інтэнцыю душпастырскай сустрэчы менавіта ў актаву малітвы за памерлых — «даверыць Божай Міласэрнасці спачылае духавенства Магілёўшчыны». Пасля дэкан Магілёўскі кс. Віталій Маргуноў зачытаў імёны і прозвішчы духоўных асобаў, якія служылі на гэтай зямлі.

У гаміліі біскуп працягнуў тэму канферэнцыі духоўнага айца рэгіёну пра любоў. «Думаю, што кожны святар, кансэкраваная асоба і свецкі вернік будзе згодны са мной, што любоў — самае галоўнае і самае цяжкое слова. Галоўнае — таму што менавіта любоў стаіць у цэнтры усяго, бо Бог ёсць Любоў! У самым цэнтры евангельскага вучэння таксама знаходзіцца любоў, бо ёю літаральна прасякнуты і насычаны ўсе старонкі Евангелля. Падобна і ў самым цэнтры, у самым сэрцы, у глыбіні душы кожнага чалавека павінна знаходзіцца любоў», — сказаў іерарх.

«Сучасны свет вельмі змяніўся ў апошнія часы, стаў яшчэ больш жорсткім, пагардлівым, цынічным і вельмі бедным на любоў, — дадаў біскуп. — Чалавецтва вельмі ахвотна ўнесла ў свой лексікон дзіўнае, халоднае і калючае слова — “чужы”».

«Папа Францішах аднойчы сказаў, што ніхто не прыйдзе да веры, пакуль не сустрэне на сваім жыццёвым шляху чалавека, на твары якога ўбачыць ззянне вечнага жыцця! Усе хрысціяне, а мы, духоўныя і кансэкраваныя асобы, у першую чаргу, — гэта такія людзі, на тварах якіх абавязкова павінна адлюстроўвацца ззянне евангельскай радасці вечнага жыцця, — падкрэсліў іерарх. — І гэта ззянне — ззянне любові, любові міласэрнай, любові, цярплівай да блізкіх, любові, цярплівай адзін да аднаго».

«Калі чалавецтва хоча выжыць, то павінна евангельскую навуку Хрыста зрабіць сваім залатым правілам жыцця. Па-першае, “як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце” (Лк 6, 31). Па-другое, “любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць”. Па-трэцяе, “будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны” (Лк 6, 27)», — звярнуў увагу біскуп.

«Напэўна, ні адно слова так не зацёрлі, так не перакруцілі, не апошлілі сёння, як слова “любоў”! А хрысціяне павінны ведаць яго сапраўдны, праўдзівы сэнс. Ведаць і вяртаць самім сабе і ўсяму чалавецтву глыбіню гэтага Божага слова»,

— заключыў іерарх.

Пасля Эўхарыстыі прайшла сустрэча духоўных асобаў з біскупам, падчас якой былі абмеркаваны некаторыя душпастырскія справы.

На завяршэнне пастырскай сустрэчы святары і кансэкраваныя асобы наведалі каталіцкія могілкі, дзе знаходзяцца магілы душпастыраў Магілёва, і, запаліўшы знічы, у малітве даручылі Богу памерлых.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця