Пошук

26.12.2024 14:29   Catholic.by

25 снежня цэлебрацыю святой Імшы ва ўрачыстасць Нараджэння Пана ў старадаўняй катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве ўзначаліў адказны за Магілёўскі рэгіён Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Ва ўрачыстай цэлебрацыі разам з іерархам браў удзел таксама новапрызначаны пробашч цэнтральнай магілёўскай парафіі ксёндз Уладзіміор Русак.

У прамоўленай гаміліі біскуп Яшэўскі перадусім заўважыў, што Касцёл кожны год запрашае вернікаў прыходзіць да ясляў, дзе на сене ляжыць нованароджаны Хрыстус Пан, і заахвочвае разважаць над вучэннем гэтых ясляў.

«Для нас карысна разважаць над гэтай надзвычайнай, неверагоднай, неймавернай праўдай, што Бог стаўся адным з нас», — падкрэсліў пры гэтым біскуп. Каб наблізіцца да ясляў, паводле іерарха, неабходна адрачыся ад сваіх зямных прывязанасцяў і ўмацавацца ў веры і любові да Бога.

Адзначыўшы, што менавіта сам Езус — уцелаўлёны Бог, Марыя з Юзафам, пастушкі і тры каралі даюць прыклад самаадрачэння, біскуп Яшэўскі заахвоціў вернікаў, карыстаючыся дабротамі свету, не прывязвацца да іх. «Не ўкладайце ў іх сэрца; не ўкладайце ў іх усёй сваёй душы, але карыстайцеся імі паводле волі Божай, будучы адарванымі ад усіх гэтых дабротаў», — сказаў іерарх.

Ён таксама сцвердзіў, што Езус патрабуе веры.

«Сёння, на жаль, у многіх месцах яслі знікаюць, таму што гэта, як некаторым здаецца, нейкі бескарысны фальклор, які паходзіць з сярэднявечча і ад якога цяпер трэба адмовіцца. Але гэта вялікая памылка, таму што Езус патрабуе ад нас вельмі простай веры, якую яны выяўляюць. Дзякуючы веры мы збаўлены», — падкрэсліў пастыр, дадаўшы, што Езус паказвае сябе менавіта ў тым выглядзе, які патрабуе нашай веры.

«Ён мог з’явіцца як Бог, і тады б нам не трэба было верыць: мы б бачылі Бога. Ён гэтага не захацеў. Ён захацеў схавацца пад гэтым сціплым выглядам, гэтай рэчаіснасцю чалавечага цела і, больш за тое, дзіцяці. Ён мог прыйсці, спусціцца з Нябёсаў, ужо дарослым. Не, Ён захацеў прыйсці як дзіця», — сказаў біскуп Яшэўскі, зазначыўшы, што менавіта таму неабходна мець веру.

«Мы павінны абуджаць сваю веру і верыць, што Езус — Сын Божы, нават калі Ён з’яўляецца ў чалавечым абліччы, такім бедным, такім бездапаможным, такім слабым. <…> Мы павінны абуджаць нашу веру ў Езуса менавіта пад такім выглядам слабасці, які выяўляе бясконцую любоў нашага Пана да нас, і Езус патрабуе ад нас верыць, верыць у Яго прысутнасць у Яго чалавечай прыродзе, верыць у Яго прысутнасць у святой Эўхарыстыі», — сцвердзіў іерарх.

Ён дадаў, што Езус прыйшоў у Бэтлеем у гэтыя яслі, нарадзіўся ў гэтай галечы, у гэтай беднасці, з любові: найперш з любові да Бога, да свайго Айца. каб аднавіць Яго славу, а таксама з любові да людзей.

«Няхай гэтая любоў нашага Пана Езуса Хрыста таксама абуджае ў нас глыбокую любоў да Яго, і давайце зробім сёння ўсё больш трывалыя, усё больш дзейсныя пастановы любіць Бога па-над усё; па-над усё любіць нашага Пана Езуса Хрыста; жадаць Яго валадарства, Яго валадарства ў нас, Яго валадарства ў нашых сем’ях, Яго валадарства ў нашых гарадах, Яго валадарства над усім светам, чакаючы, калі Ён прыйдзе на аблоках нябесных, каб выявіць сваё валадарства», — сказаў біскуп Яшэўскі, заахвоціўшы ўдзельнікаў святой Імшы памаліцца за ўсіх тых, хто пакутуе ў свеце з-за сваёй веры.

«Асабліва будзем прасіць Панну Марыю, каб дапамагла нам мець той настрой, які Яна мела, каб прыняць Езуса ў сябе і прыняць Яго ў яслях <…>. Папросім Панну Марыю даць нам Езуса», — завяршыў гамілію біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Пасля Імшы прысутныя ў святыні, згодна з традыцыяй продкаў, падзяліліся аплаткамі.

 

Абноўлена 26.12.2024 14:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа