Пошук

22.10.2018 14:30   Catholic.by

22 кастрычніка ў Мінску прайшлі мерапрыемствы Дзён памяці, прымеркаваныя да 75-й гадавіны ліквідавання Мінскага гета. Арганізатарамі выступілі ўрад Рэспублікі Беларусь і Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын. Каталіцкі Касцёл на мерапрыемствах прадставіў ксёндз канонік Францішак Рудзь.

Жудасная катастрофа Халакосту, якая траўміравала сусветную гісторыю, назаўсёды змяніла ўяўленне пра пачуццё адказнасці ў адносінах да іншых людзей.

Слова «Халакост» паходзіць ад старажытнагрэчаскага holocaustosis, што азначае «знішчэнне агнём». Тэрмін упершыню быў выкарыстаны будучым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру пісьменнікам Элі Візелем як сімвал газавых камер і крэматорыяў лагераў знішчэння. У Ізраілі выкарыстоўваецца таксама тэрмін Шоа (Shoax), які азначае «Катастрофа еўрапейскага яўрэйства».

Элі Візель

Гісторыя Халакосту пачынаецца з 1933 г. пасля прыходу да ўлады Адольфа Гітлера і нацысцкай партыі. У 1935 г. былі прынятыя Нюрнбергскія законы, у аснове якіх ляжалі расісцкія прынцыпы. Яны пазбаўлялі яўрэяў грамадзянскіх правоў.

Знішчэнне людзей у газавых камерах, айнзацгрупы, якія займаліся масавымі забойствамі яўрэяў на акупаваных тэрыторыях Савецкага Саюза, дэпартацыі яўрэяў у канцлагеры, гета – далёка не поўны спіс метадаў гвалту і знішчэння.

Выказваючы словы смутку і падтрымкі тым, хто выжыў у трагедыі, нам варта шчыра адказаць сабе на пытанні: як растлумачыць, што мільёны людзей забівалі іншых людзей? Як гаварыць пра такія неверагодныя злачынствы? Адказ можа быць адзін: Халакост – гэта ўвасабленне слабасці. Ён паказаў заганы чалавека і тое, як лёгка сарваць засцерагальнікі, якія абараняюць чалавечы розум і сэрца ад агрэсіі.

Ксёндз канонік Францішак Рудзь адзначыў у сваёй прамове, што ў выніку гэтай катастрофы загінула 6 мільёнаў чалавек. У іх ліку было больш за 100 тысяч ахвяраў Мінскага гета, якое існавала з ліпеня 1941 па кастрычнік 1943 гг. У кожным асобным выпадку, як дадаў святар, гэта трагедыя сям’і.

«Не трэба спрашчаць паняцці. Падчас Халакосту не былі знішчаныя шэсць мільёнаў яўрэяў, а здарылася шэсць мільёнаў забойстваў! Кожны раз гінуў адзін чалавек, якому Бог падарыў жыццё. Мы, веруючыя ў Хрыста, павінны падзяліць боль гэтай трагедыі з яўрэйскім народам. Асновай жыцця для наступных пакаленняў павінна стаць памяць, прызначэнне якой – захаваць асэнсаванне таго, што здарылася», – звярнуў увагу ён.

«Гістарычныя трагедыі паўтараюцца, калі грамадства пачынае забываць пра іх. Таму ні зверствы фашыстаў, ні жах Мінскага гета не павінны быць адданыя забыццю. Мемарыяльны комплекс “Яма” – гэта не толькі помнік. Гэта наша адказнасць супрацьстаяць антысемітызму ў любых формах яго праяўлення ў сучасным свеце!» – сказаў кс. Францішак Рудзь.

План Мінскага гета

Памяць ахвяраў Халакосту з’яўляецца не толькі сведчаннем павагі да тых, хто выжыў, і данінай памяці ахвярам. Памяць уключае заклік да дзеяння. Варта распрацоўваць адукацыйныя праграмы, якія дазволяць прадухіліць паўтарэнне падобных злачынстваў у будучыні. Яны дапамогуць фармаваць чалавечую свядомасць, захаваць мірнае суіснаванне і садзейнічаць павазе ўсіх народаў. Чалавецтва павінна зразумець, што яно становіцца слабым, калі адыходзіць ад Божых запаведзяў.

Абноўлена 22.10.2018 16:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.