У інтэрв’ю Catholic.by Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пракаментаваў перадумовы стварэння ў Касцёле ў Беларусі асобнага душпастырства для людзей з гомасексуальнымі схільнасцямі.
Нагадаем, раней гэта тэма сярод іншых падымалася на Сінодзе Біскупаў, які праходзіць у Ватыкане.
«Вернікі з гомасексуальнымі схільнасцямі, як і людзі з абмежаванымі магчымасцямі, — такія ж члены Касцёла, як кожны з нас, і Касцёл павінен арганізаваць іх душпастырства.
Сінод шмат часу прысвяціў гэтай тэме і падкрэсліў неабходнасць звяртаць большую ўвагу на гэту праблему. [...]
Касцёл не ставіцца негатыўна да асобаў з нетрадыцыйнай гомасексуальнай арыентацыяй, але катэгарычна супраць гомасексуальных актаў. Ніхто не забараняе такім асобам маліцца, прымаць удзел у сакрамэнтах і г.д.
Касцёл у Беларусі яшчэ не дастаткова падрыхтаваны да такога спецыялізаванага душпастырства, і гэта заданне, якое стаіць перад ім.
Хаця вядомыя факты, калі людзі з такімі схільнасцямі звяртаюцца з просьбай аб духоўнай дапамозе і яе атрымліваюць. Вялікай праблемай Касцёла ў Беларусі ў вырашэнні гэтай праблемы з’яўляецца малая колькасць святароў.
Тым не менш, асабліва ў святле Сіноду, праблема чакае свайго вырашэння, і ёй неабходна будзе заняцца».