Пошук

22.10.2018 16:28   Ілья Лапато / Catholic.by

Старшыня беларускага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у інтэрв’ю Catholic.by падрабязна расказаў пра ход Сіноду Біскупаў і тое, як яго тэмы ўпісваюцца ў рэаліі Касцёла ў Беларусі.

«Канфлікт паміж Масквой і Канстанцінопалем — унутраны, але нясе наступствы»

— Ваша Эксцэленцыя, на мінулым тыдні хрысціянскі свет ускалыхнула навіна з Мінска, дзе праходзіў Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы. Як Айцы Сіноду ў Ватыкане адрэагавалі на раскол паміж Масквой і Канстанцінопалем?

— Раскол паміж Маскоўскім і Канстанцінопальскім Патрыярхатамі, будучы па сваёй прыродзе ўнутрыправаслаўным канфліктам, з’яўляецца вельмі сур’ёзным выклікам як для сусветнага праваслаўя, так і для ўсяго хрысціянства.

фота: knd-bild.de

Вялікую шкоду ён прынясе і міжканфесійнаму дыялогу, асабліва калі гаворка ідзе пра тэалагічны дыялог паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі.

18 кастрычніка на Сінодзе выступіў старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, а наступны дзень праваслаўны іерарх сустрэўся з папам Францішкам.

фота: catholicsun.org/Paul Haring/CNS

Перад сустрэчай Мітрапаліт Валакаламскі даў інтэрв’ю агенцтвам Sir i inBlu Radio, дзе сказаў, што спадзяецца на неўмяшанне Папы ў сітуацыю, якая склалася паміж Маскоўскім і Канстанцінопальскім Патрыярхатамі.

Мэтай сустрэчы было праінфармаваць Пантыфіка аб рашэнні Сіноду Рускай Праваслаўнай Царквы, які прайшоў у Мінску.

Раскол паміж Патрыярхатамі — гэта іх унутранная справа, і Касцёл не можа ў яе ўваходзіць, як адзначыў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох.

Мы, хрысціяне, з’яўляемся членамі таго ж самага Містычнага Цела Хрыста, глыбока яго перажываем і павінны маліцца аб хутчэйшым вырашэнні ўзніклай праблемы.

Негатыўных наступстваў Каталіцкі Касцёл ні ў Беларусі, ні ў Расіі з-за гэтага мець не будзе. Не павінна гэта ўплываць і на развіццё нашых узаемаадносін. У той жа час будуць цярпець праваслаўныя вернікі, бо не змогуць прымаць удзел у Эўхарыстыі ў цэрквах Канстанцінопальскага Патрыярхата.

фота: AP Photo/Alessandra Tarantino

Удзельнікі Сіноду, акрамя біскупаў з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, спачатку не вельмі арыентаваліся ў тым, што адбылося. Але потым з цікавасцю распытвалі.

Ім даволі цяжка зразумець, як могуць быць такія глыбокія падзелы ў праваслаўным свеце, што практычна немагчыма ў каталіцкім, дзе Папа з’яўляецца гарантам адзінства, што, у сваю чаргу, не азначае магчымасці існавання розных поглядаў.

«Касцёл у Беларусі не дастаткова падрыхтаваны да душпастырства асобаў з гомасексуальнымі схільнасцямі»

— У справаздачы Сінадальных Айцоў была згадка пра месца ў Касцёле для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і людзей з гомасексуальнымі схільнасцямі. Ці задумваліся Вы над тым, як удыхнуць жыццё ў душпастырства такіх людзей?

Сапраўды, згаданыя тэмы не былі табу на Сінодзе Біскупаў. Вернікі з абмежаванымі магчымасцямі, як і вернікі з гомасексуальнымі схільнасцямі, — такія ж члены Касцёла, як кожны з нас, і Касцёл павінен арганізаваць іх душпастырства.

фота: CNS photo/Paul Haring

Сінод шмат часу прысвяціў гэтай тэме і падкрэсліў неабходнасць звяртаць большую ўвагу на гэтую праблему.

Вернікі з абмежаванымі магчымасцямі — гэта найперш інваліды і хворыя. Гаворка ішла пра арганізацыю і інтэнсіфікацыю душпастырства ў шпіталях, вязніцах, дамах інвалідаў і належную падрыхтоўку капеланаў.

У Беларусі мы намагаемся штосьці рабіць у гэтай сферы, аднак моцна абмежаваны заканадаўствам.

Напрыклад, у беларускім заканадаўстве няма тэрміна «капелан». Нялёгка арганізаваць капліцу ў шпіталі, бо шмат залежыць ад кіраўніцтва шпіталя. Практычна немагчыма гэта зрабіць у вязніцы.

Звычайна святары могуць наведваць хворых, калі іх запрашаюць. Могуць наведаць вязняў, калі яны аб гэтым просяць і дазваляе кіраўніцтва вязніцы. Але гэта амаль немагчыма, калі арыштаваны знаходзіцца пад следствам.

фота: vaticannews.va

Касцёл не ставіцца негатыўна да асобаў з гомасексуальнай арыентацыяй, але катэгарычна супраць гомасексуальных актаў. Ніхто не забараняе такім асобам маліцца, прымаць удзел у сакрамэнтах і г.д.

Касцёл у Беларусі яшчэ не дастаткова падрыхтаваны да такога спецыялізаванага душпастырства, і гэта заданне, якое стаіць перад ім.

Хаця вядомыя факты, калі людзі з такімі схільнасцямі звяртаюцца з просьбай аб духоўнай дапамозе і яе атрымліваюць. Вялікай праблемай Касцёла ў Беларусі ў вырашэнні гэтай праблемы з’яўляецца малая колькасць святароў.

Тым не менш, асабліва ў святле Сіноду, праблема чакае свайго вырашэння, і ёй неабходна будзе заняцца.

«Вернікі яшчэ не гатовыя пераскочыць псіхалагічны бар’ер удзелу жанчын у жыцці Касцёла»

— Сінадальныя Айцы выказвалі думку аб правядзенні асобнага Сіноду на тэму жаночай харызмы ў Касцёле. Як гэта тэма адгукаецца ў рэаліях Касцёла ў Беларусі?

— Тэма больш актыўнага ўдзелу жанчын у жыцці Касцёла становіцца ўсё больш актуальнай. Пры гэтым усё больш жанчын (законніц і свецкіх) працуе ў ватыканскіх кангрэгацыях.

У Беларусі мы таксама бачым усё больш катэхетак сярод свецкіх жанчын.

Фота носіць ілюстратыўны характар

Усё часцей яны прымаюць удзел у літургіі як лектары і харысты. Практычна ўсе бухгалтары — гэта таксама жанчыны.

Працуюць жанчыны і ў нашых медыя, арганізоўваюць шматлікія касцёльныя мерапрыемствы. Добрым прыкладам можа служыць арганізацыя Крыжовага шляху ў Вялікую сераду ў залатагорскай парафіі ў Мінску.

Гэта, напэўна, яшчэ не шмат. Але не ўсё адразу: роля жанчын у жыцці Касцёла ў Беларусі таксама будзе ўзрастаць.

Нашы вернікі, асабліва старэйшага пакалення, таксама яшчэ не гатовыя пераскочыць псіхалагічны бар’ер больш актыўнага ўдзелу жанчын у жыцці Касцёла.

Былі некаторыя галасы, якія заклікалі аб неабходнасці правядзення Сіноду на тэму выкарыстання жаночай харызмы ў жыцці Касцёла.

Фота: CNS photo/Paul Haring

Тэму Сіноду абвяшчае Папа. Звычайна напрыканцы Сіноду біскупам раздаюцца анкеты, у якіх кожны іерарх упісвае свае тры прапановы. Гэта ўсё перадаецца ў сакратарыят Сіноду, які апрацоўвае даныя даследавання і перадае Пантыфіку.

Папа прымае канчатковае рашэнне. Падчас чацвёртага тыдня працы Сіноду такія анкеты будуць запоўнены. Акрамя тэмы жанчын, часта гучыць тэма медыя і місій. Пачакаем, якое рашэнне прыме Папа.

«Прыйшоў час ствараць дыяцэзіяльныя рады па справах моладзі»

— Якая атмасфера пануе на Сінодзе ў сваёй завяршаючай фазе? Пра што гавораць біскупы ў кулуарах?

— Атмасфера працоўная і прыемная. Гэта заслуга найперш моладзі, выступленні якой тут заўсёды жывыя і эмацыйныя.

Настаяцель супольнасці Тэзэ — брат Алоіз — адзін з удзельнікаў Сіноду. Фота: kath.ch/Oliver Sittel

Усе чакаюць спіс прапановаў Святому Айцу, які разам з экспертамі рыхтуе абраная на пачатку Сіноду камісія.

Спіс прадставяць біскупам 23 кастрычніка, пасля чаго распачнецца яго вывучэнне і дапаўненне. 27 кастрычніка пройдзе галасаванне па кожнай прапанове. Далей магчымыя два варыянты: Папа выкарыстае прапановы для падрыхтоўкі адпаведнай Апостальскай адгартацыі або аб’явіць прапановы канчатковым вынікам Сіноду.

фота: vaticannews.va

У кулуарах найчасцей абмяркоўваюць магчымыя тэмы наступнага Сіноду і спіс прапаноў  (што канкрэтна ў яго ўвойдзе), бо прапаноў ад моўных груп было вельмі шмат — больш за тысячу. Напэўна, сярод іх шмат падобных альбо аднолькавых.

— На Сінодзе гучала думка аб стварэнні асобнай Папскай рады па справах моладзі. Ці бачыце Вы неабходнасць такой рады і ў епіскапаце Беларусі?

— Некалькі ўдзельнікаў Сіноду выказалі меркаванні па стварэнні Папскай рады па справах моладзі. Не думаю, што гэта думка ажыццявіцца.

Сёння ў Ватыкане назіраецца тэндэнцыя да скарачэння ватыканскай адміністрацыі і бюракратыі.

У Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця ёсць спецыяльны аддзел, які займаецца моладдзю. Магчыма, ён будзе падмацаваны новымі супрацоўнікамі.

У Беларусі ў кожнай дыяцэзіі ёсць святар, адказны за моладзь, у Канферэнцыі Біскупаў — Рада па справах моладзі з адказным біскупам. Але, як бачна, прыйшоў час стварыць падобныя дыяцэзіяльныя рады.

«Ва ўсім свеце вельмі папулярныя каталіцкія школы. У нас гэта немагчыма, бо рэлігія не ўключана ў выхаваўчы працэс»

— Якія пытанні падчас абмеркавання Працоўнага дакумента Сіноду выклікалі ў біскупаў найбольшую занепакоенасць?

— Найбольшую занепакоенасць выклікае маральны стан сучаснай моладзі. Ёсць вострая неабходнасць гаварыць з моладдзю на зразумелай ёй сучаснай мове, а ў евангелізацыі і катэхізацыі выкарыстоўваць медыя.

Біскупы адзначалі, што чым хутчэй мы пачнём евангелізаваць праз медыя, тым хутчэй медыя будуць евангелізаваць моладзь.

Шмат увагі прысвячаецца выкарыстанню моладзі для евангелізацыі самой моладзі. Сярод дзяўчат і хлопцаў ёсць шмат тых, хто вядзе прыкладнае рэлігійнае жыццё або прайшоў шлях навяртання — іх досвед неабходна выкарыстоўваць.

Фота носіць ілюстратыўны характар

Шмат часу было прысвечана ўдасканальванню душпастырства студэнтаў і навучэнцаў школ. Гэта будучая эліта, і вельмі важна, якімі маральнамі прынцыпамі яна будзе кіравацца ў жыцці. Для гэтага неабходны новы падыход у падрыхтоўцы капеланаў.

У нас гэта немагчыма, бо рэлігія ў школах і ўніверсітэтах не ўключана ў выхаваўчы працэс.

Гэты факт вельмі цяжка ўспрымаўся ўдзельнікамі Сіноду, бо практычна ва ўсім свеце, нават у некаталіцкіх краінах, каталіцкія школы і ўніверсітэты вельмі папулярныя.

Вялікай праблемай душпастырства сучаснай моладзі з’яўляецца міграцыя. Як арганізаваць моладзевае душпастырства, калі дзяўчаты і хлопцы раз’язджаюцца па розных краінах, часта губляючыся ў новым асяроддзі?

Касцёл у Польшчы даволі паспяхова вырашае гэту праблему. Так, у Англіі і Уэльсе існуе арганізаванае душпастырства ў 280 польскіх супольнасцях, якія складаюцца ў большасці з сучасных мігрантаў.

Але не кожны Касцёл настолькі багаты на святароў. Праблема душпастырства моладзі за мяжой яшчэ не стаіць перад Касцёлам у Беларусі, але невядома, як будзе далей, бо ўсё больш маладых людзей едзе вучыцца за мяжу і практычна не вяртаецца.

Абноўлена 22.10.2018 17:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця