Раскол паміж праваслаўнымі Патрыярхатамі Масквы і Канстанцінопаля — гэта хоць і ўнутраны, але сур’ёзны канфлікт, лічыць кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.
Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду ў інтэрв’ю аўстрыйскаму каталіцкаму агенцтву Kathpress адзначыў: «Гэты крок таксама мае непасрэдны ўплыў на экуменічны дыялог з Каталіцкім Касцёлам». Іерарх дапускае, што Руская Праваслаўная Царква можа ўстрымлівацца ад удзелу ў сумесных праваслаўна-каталіцкіх перамовах, пакуль канфлікт не будзе вырашаны.
Кардынал Кох лічыць, што гаворка ідзе пра выключна ўнутрыправаслаўны канфлікт, і таму Каталіцкі Касцёл не каментуе гэтай сітуацыі.
Разам з тым, паводле экуменічнага прынцыпу, сфармуляванага св. апосталам Паўлам у Першым пасланні да Карынцянаў, «калi церпiць адзін член Цела Хрыстовага, церпяць з ім усе члены» (пар. 1 Кар 12, 26), гэтая балючая сітуацыя ў пэўнай ступені адчувальная для ўсіх хрысціянаў.
Як вядома, Маскоўскі Патрыярхат 15 кастрычніка афіцыйна спыніў эўхарыстычныя зносіны з Канстанцінопальскім Патрыярхатам. Прычынай гэтага рашэння Сіноду Рускай Праваслаўнай Царквы, які праходзіў у Мінску, стала стварэнне пры падтрымцы Канстанцінопальскага Патрыярха аўтаномнай Праваслаўнай Царквы ва Украіне. Руская Праваслаўная Царква разглядае гэты крок як узурпацыю яе правоў на сваёй кананічнай тэрыторыі. Справу ўскладняюць няпростыя дзяржаўныя адносіны паміж Украінай і Расіяй.