Пошук

21.10.2018 08:55   Паводле: Patriarchia.ru / Фота: ANSA / Catholic.by

19 кастрычніка ў Апостальскім палацы ў Ватыкане адбылася сустрэча кіраўніка Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата Мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна (Алфеева) з папам Францішкам.

Як паведамляе афіцыйны партал Маскоўскага Патрыярхата, «Святы Айцец цёпла прывітаў расійскага іерарха», які ў якасці назіральніка ад Рускай Праваслаўнай Царквы ўзяў удзел у пленарнай сесіі XV Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў і выступіў перад яе ўдзельнікамі з прамовай. Папа Францішак падзякаваў Мітрапаліту за выступ. У сваю чаргу, кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў перадаў Пантыфіку словы прывітання ад Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

Падчас сустрэчы, якая, як адзначаецца, «прайшла ў атмасферы ўзаемаразумення і добразычлівасці», бакі абмеркавалі актуальныя пытанні адносінаў паміж Маскоўскім Патрыярхатам і Каталіцкім Касцёлам.

Мітрапаліт Іларыён падзяліўся сваімі станоўчымі ўражаннямі ад пачутых на пленарнай сесіі Сіноду выступаў.

Асаблівая ўвага падчас сустрэчы папы Францішка і мітрапаліта Іларыёна было звернута на царкоўную сітуацыю ва Украіне. Расійскі іерарх пазнаёміў Святога Айца з рашэннямі, прынятымі Свяшчэнным Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы, які прайшоў 15 кастрычніка ў сталіцы Беларусі, у сувязі з тым, што прадстаўнікі РПЦ палічылі «некананічнымі дзеяннямі Канстанцінопальскага Патрыярхата». Кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў прадставіў пазіцыю Маскоўскага Патрыярхата па гэтым пытанні і перадаў Пантыфіку тэкст заявы, прынятай на пасяджэнні Свяшчэннага Сіноду ў Мінску.

Мітрапаліт Іларыён таксама адзначыў, што ў сувязі з дзеяннямі Канстанцінопальскага Патрыярхата Руская Праваслаўная Царква «вымушана прыпыніць удзел у працы Змяшанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой».

Тым не менш, як падкрэсліў расійскі іерарх, двухбаковыя адносіны паміж Маскоўскім Патрыярхатам і Каталіцкім Касцёлам будуць развівацца і далей.

Варта адзначыць, што ў Ватыкане прадбачылі магчымасць такога кроку з боку Рускай Праваслаўнай Царквы.

На заканчэнне размовы папа Францішак і мітрапаліт Іларыён абмяняліся памятнымі падарункамі.

Абноўлена 22.10.2018 01:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа