Пошук

16.02.2022 15:15   Паводле: Vatican News
Фотакалаж: famigliacristiana.it

Аб падрыхтоўцы другой сустрэчы Папы Францішка з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам (Гундзяевым) распавёў Старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Іларыён (Алфееў).

Пра гэта са спасылкай на інтэрв’ю, дадзенае высокім іерархам Рускай Праваслаўнай Царквы французскаму каталіцкаму тэлеканалу КТО, 16 лютага паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Мітрапаліт Іларыён прызнаўся, што абмяркоўвае дэталі магчымай сустрэчы са старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардыналам Куртам Кохам. Ён заявіў, што пакуль не можа назваць дату і месца, але ў абмеркаванні гэтай тэмы ўжо дасягнуты прагрэс.

«Але я спадзяюся, што сустрэча адбудзецца на працягу бягучага, 2022 года», — сказаў кіраўнік Аддзела знешніх сувязяў Рускай Праваслаўнай Царквы.

Адказваючы на пытанне аб унутранай сітуацыі ў праваслаўі, прадстаўнік Маскоўскага Патрыярхату ўстымаўся ад каментароў, спаслаўшыся на тое тым, што кароткае інтэрв’ю не дае яму магчымасці растлумачыць складаныя праблемы, якія прывялі да ўнутранага крызісу ў адносінах паміж Праваслаўнымі Цэрквамі.

У ранейшай заяве для французскага тэлеканала Мітрапаліт Іларыён адзначыў, што на запланаванай сустрэчы Пантыфіка з Маскоўскім Патрыярхам не будуць абмяркоўвацца тэалагічныя пытанні: гаворка пойдзе пра сітуацыю паслядоўнікаў Хрыста ў сучасным свеце, які становіцца ўсё больш варожым да хрысціянства. Пры гэтым праваслаўны іерарх прывёў прыклад Блізкага Усходу і Афрыкі.

Плануецца, што Папа Францішак і Патрыярх Кірыл паразмаўляюць, між іншым, пра будучыню хрысціянства і выкажуць падтрымку вернікам, якія пакутуюць у выніку пераследу.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.