Пошук

18.02.2020 18:10   Паводле: diaconia.ru / Catholic.by
Фота: diaconia.ru

12 лютага ў Папскім універсітэце імя Тамаша Аквінскага ў Рыме адбылася канферэнцыя ў межах мерапрыемстваў, прысвечаных гадавіне сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Працу канферэнцыі ўзначалілі старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох і старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Іларыён (Алфееў).

Як паведамляе diaconia.ru, на канферэнцыі намеснік старшыні Сінадальнага аддзела па дабрачыннасці Рускай Праваслаўнай Царквы іерэй Аляксандр Алёшын выказаў прапановы па супрацоўніцтве ў сацыяльным служэнні паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Рыма-Каталіцкім Касцёлам. Святар адзначыў важнасць супрацоўніцтва ў сферы паліятыўнай дапамогі і антынаркатычнай дзейнасці.

«У паліятыўным аддзяленні знаходзяцца людзі, якія здзяйсняюць апошні, самы галоўны подзвіг у сваім жыцці — падрыхтоўку да пераходу з часу ў вечнасць. Тут патрэбныя супрацоўнікі, якія не баяцца смерці, не баяцца дапамагаць чалавеку, які пакутуе, людзі з чулым сэрцам, якое можа змясціць боль іншага», — адзначыў намеснік старшыні Сінадальнага аддзела.

Па яго словах, ад дзеянняў супрацоўніка паліятыўнага аддзялення залежыць, ці будзе апошні час жыцця на зямлі для хворага чалавека радасным і напоўненым любоўю.

Для развіцця паліятыўнай дапамогі, як мяркуе прадстаўнік Рускай Праваслаўнай Царквы, неабходнае супрацоўніцтва Цэркваў і абмен досведам у сферы догляду цяжкахворых пацыентаў. Айцец Аляксандр прапанаваў правесці шматдзённыя семінары па паліятыўнай дапамозе як на базе царкоўнай бальніцы свяціцеля Алексія, так і на базе замежнага каталіцкага медыцынскага цэнтра. Удзельнічаць у іх могуць кіраўнікі рэлігійных медыцынскіх установаў, сястрынстваў міласэрнасці, спецыялісты ў галіне паліятыўнай дапамогі, святары, якія апякуюцца паліятыўнымі аддзяленнямі, прадстаўнікі дабравольных арганізацый.

Святар нагадаў, што, па словах Патрыярха Кірыла, бальніца свяціцеля Алексія «магла б быць, у тым ліку, пляцоўкай, дзе адпаведную падрыхтоўку маглі б атрымліваць царкоўны спецыялісты, якія працуюць у сферы паліятыўнай дапамогі ў рэгіёнах». У гэтай бальніцы дзейнічаюць два паліятыўных аддзялення і праходзяць лячэнне людзі з усіх рэгіёнаў Расіі незалежна ад канфесійнай прыналежнасці.

Іншай сферай, дзе можна наладзіць супрацоўніцтва, з’яўляецца, па меркаванні айца Аляксандра, антынаркатычная дзейнасць.

У супрацоўніцтве з Каталіцкім Касцёлам былі праведзены тры міжнародныя канферэнцыі «Тэалогія залежнасці», адзначыў прадстаўнік Рускай Праваслаўнай Царквы.

У межах далейшага супрацоўніцтва, на яго думку, можна правесці шматдзённыя выязныя семінары на базе праваслаўных і каталіцкіх цэнтраў дапамогі нарказалежным і працягнуць праводзіць сумесныя канферэнцыі «Тэалогія залежнасці» ў Санкт-Пецярбургу.

Сёння ў Расіі дзейнічаюць больш за 300 царкоўных праектаў дапамогі нарказалежным, штогод адкрываецца не менш за 10 новых царкоўных структур дапамогі такім людзям.

Абноўлена 19.02.2020 09:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа