Пошук

15.02.2021 12:39   Паводле: interfax-religion.ru / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Фота: ic.pics.livejournal.com

У Рускай Праваслаўнай Царкве не выключаюць магчымасці кананізацыі протаіерэя Аляксандра Меня, якога яшчэ пры жыцці называлі «апосталам інтэлігенцыі».

Як паведамляецца на партале interfax-religion.ru, глава сінадальнага Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Мітапаліт Іларыён (Алфееў) у эфіры праграмы «Царква і свет» на тэлеканале «Россия-24» назваў айца Аляксандра Меня выдатным місіянерам свайго часу, якому давялося прапаведаваць у няпростых умовах савецкага перыяду.

«Яго смерць была трагічнай, і я думаю, калі будзе даказана, што гэта было мучаніцтва, ён можа быць кананізаваны як мучанік», — сказаў Мітрапаліт.

Між іншым, праваслаўны іерарх звярнуў увагу на працы айца Меня, у якіх, на яго думку, можна сустрэць погляды спрэчнага характару: «У некаторых сваіх кнігах ён праводзіў паралелі паміж хрысціянствам і іншымі рэлігіямі, і гэтыя паралелі стваралі ўражанне, што паміж хрысціянствам і іншымі рэлігіямі значна больш агульнага, чым гэта ёсць у сапраўднасці».

Протаіерэй Аляксандр Мень быў забіты раніцай 9 верасня 1990 года. Па дарозе да падмаскоўнай чыгуначнай станцыі «Семхоз» невядомы ўдарыў святара па галаве цяжкім прадметам. Протаіерэй памёр ля ўваходу ва ўласны дом ад страты крыві. Забойства так і не было раскрыта.

Айцец Аляксандр Мень стаў першым савецкім святаром, які выступіў з пропаведдзю на тэлебачанні.

Кнігі протаіерэя перакладзены на дзясяткі моваў свету. Іх агульны тыраж складае каля 8 мільёнаў экземпляраў.

Абноўлена 15.02.2021 12:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця