Пошук

22.10.2018 12:09   Catholic.by

Беларускія вернікі памятаюць і любяць св. Яна Паўла ІІ. Пра гэта, між іншым, яскрава сведчыць і тое, як 21 кастрычніка ў Нарачы ўрачыста адзначылі ўспамін Вялікага Папы.

Сёлетнія ўрачыстасці ў нарачанскай парафіі, дзе асабліва развіты культ св. Яна Паўла ІІ, прайшлі пад знакам двух юбілеяў: 40-годдзя яго абрання на пасад святога Пятра і 10-годдзя з’яўлення каля касцёла ў Нарачы помніка Вялікаму Папу.

Урачыстасць атрымалася сапраўды народнай і не была абмежавана толькі традыцыйнай літургічнай цэлебрацыяй.

З нагоды юбілею для дзяцей і моладзі нарачанскай парафіі св. апостала Андрэя быў праведзены цыкл катэхезаў пра св. Яна Паўла ІІ, а таксама прайшоў конкурс малюнкаў на тэму: «Жыць, як вучыў Вялікі Папа».

Суботнім вечарам напярэдадні ўрачыстасці мясцовыя вернікі сабраліся ў сваім утульным чырвоным касцёле на Ружанец з Вялікім Папам, які правяла моладзь парафіі.

У нядзелю ў гонар св. Яна Паўла ІІ тут жа адбыўся канцэрт музычных калектываў нарачанскай моладзі: хора «Апельсін» і аркестра «Нарачанскі бамонд». У выкананні маладых музыкаў прагучалі класічныя творы, рэлігійныя спевы і песні на вершы беларускіх паэтаў.

У якасці прадстаўніка арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, які цяпер знаходзіцца ў Рыме, дзе бярэ ўдзел у Сінодзе Біскупаў, прысвечаным моладзі, цэлебрацыю ўрачыстай св. Імшы ўзначаліў кс. канонік Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскі.

У прамоўленай гаміліі святар засяродзіўся на ўніверсальным вымярэнні святасці Вялікага Папы.

Вітаючы напачатку ўдзельнікаў урачыстасці, кс. Багуслаў звярнуўся перадусім да пробашча нарачанскай парафіі а. Бэрнарда Радзіка OCD і заўважыў, што яго можна было б назваць «кусташам» гэтага асаблівага месца культу св. Яна Паўла ІІ, якім стаў касцёл у Нарачы.

«Караль Вайтыла — гэта прыклад чалавека, які ў супрацоўніцтве з ласкай Божай узняў сваю чалавечнасць на вяршыню святасці», — сцвердзіў Мядзельскі дэкан, падкрэсліўшы пры гэтым, што «яго асабісты шлях стаў у той жа час вытокам вялікіх зменаў у сусветным маштабе».

Разважаючы над тым, як гэта стала магчымым, святар звярнуўся да словаў папы Францішка, прамоўленых ім 10 кастрычніка падчас сустрэчы з суайчыннікамі св. Яна Паўла ІІ — пілігрымамі з Кракава. Пантыфік тады падкрэсліў, што св. Ян Павел ІІ «нёс у сваім сэрцы і, можна сказаць, у сваім целе сведчанне кракаўскіх святых ад св. Станіслава і св. каралевы Ядвігі аж да св. Альбэрта і св. Фаўстыны. У іх ён навучыўся бязмежна давяраць Богу і быць уважлівым да кожнага чалавека: самаадданасці і ўважлівасці, якія праяўляліся ў яго святарскім, біскупскім і папскім служэнні».

Папа Францішак таксама нагадаў, што яго святы папярэднік «атрымаў ад Бога вялікі дар умення распазнаваць знакі часу ў святле Евангелля і ўчыніў яго плённым дзеля дабра пілігрымавання свайго народа, вашага народа, які сярод розных балючых падзеяў ніколі не згубіў веры ў Бога і вернасці сваёй культуры, укаранёнай у хрысціянскім духу».

Менавіта ўкаранёнасць у Богу, на думку кс. Багуслава Маджэеўскага, дапамагла маладому Каралю прайсці праз выпрабаванні найцямнейшай ночы ХХ стагоддзя, якою для мільёнаў людзей стала Другая сусветная вайна, развязаная двума нялюдскімі таталітарнымі рэжымамі.

«Бог даў яму стаць сведкам нябачанага варварства, на якое аказаўся здольным чалавек. Так блізка ад Кракава, так блізка ад яго родных Вадавіцаў, у канцэнтрацыйным лагеры ў Асвенцыме нацысты стварылі для людзей правобраз пекла. <…> І менавіта там, непадалёк ад таго жахлівага месца знішчэння, здавалася б, на дне безнадзейнасці, Бог Айцец Міласэрнасці запаліў агеньчык паратунку для свету.

Для гэтай справы аздараўлення, ачышчэння забруджанай чалавечай душы ў струмянях Божай Міласэрнасці паклікаў Караля Вайтылу, паклікаў Яна Паўла ІІ, зрабіўшы яго сведакм і апосталам таямніцы Божай Міласэрнасці», — сказаў святар.

Падводзячы выснову, ён зноў звярнуўся да словаў папы Францішка: «Гэтая багатая спадчына, якую нам пакінуў св. Ян Павел ІІ, з’яўляецца для нас <…> выклікам, каб быць вернымі Хрысту і адказаць радасным прысвячэннем на пакліканне да святасці, якое Пан Бог скіроўвае да кожнага і кожнай з нас у нашай канкрэтнай жыццёвай сітуацыі: асабістай, сямейнай і грамадскай».

«Усім жыццём адкажам на заклік св. папы Яна Паўла ІІ: „Браты і сёстры, не бойцеся жадаць святасці! Не бойцеся быць святымі! Зрабіце <…> новае тысячагоддзе эраю святых людзей!“» — такім заклікам завяршыў сваю палымяную гамілію прадстаўнік арцыпастыра.

 

Пасля Імшы вернікі ў працэсіі скіраваліся да помніка св. Яну Паўлу ІІ на прыкасцёльным цвінтары. Варта адзначыць, што пасля дзесяцігоддзя фігура была адноўлена, у сувязі з чым кс. канонік Багуслаў Маджэеўскі яе благаславіў і акадзіў. Вернікі ўсклалі кветкі і запалілі свечкі каля помніка Вялікаму Папу, пасля чаго ўшанавалі рэліквіі св. Яна Паўла ІІ, якія менавіта ў касцёле св. апостала Андрэя ў Нарачы з’явіліся аднымі з першых на Беларусі.

Абноўлена 22.10.2018 22:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця