40 гадоў з моманту абрання Кракаўскага арцыбіскупа Караля Вайтылы на Пятровы пасад адзначылі 14 кастрычніка ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.
Вечаровую св. Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB.
Сярод прысутных на Імшы быў і Пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Артур Міхальскі.
На пачатку гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі згадаў найбольш яскравыя факты пра святога Яна Паўла ІІ — першага Папу, які паходзіў са славянскай краіны.
Прапаведнік, мысляр і міратворац
Святы Айцец Ян Павел ІІ пры абранні на Пятровы пасад 16 кастрычніка 1978 года стаў адным з самых маладых Пантыфікаў у гісторыі Касцёла і 264-м Папам па ліку.
«Новаабраны Папа прыняў імя Яна Паўла II, — дадаў іерарх. — Такім чынам, ён хацеў паказаць, што хоча працягваць спадчыну і намаганні, зробленыя яго вялікімі папярэднікамі — святым Янам XXIII і святым Паўлам VI, якія з поўным даверам Божаму Провіду распачалі працу Другога Ватыканскага Сабору».
За час пантыфікату папа Ян Павел ІІ здзейсніў 250 пастырскіх паездак і наведаў 129 краін свету. Таксама ён стаў першым Папам, які наведаў сінагогу і мячэць. Па працягласці свайго пантыфікату (27 гадоў) ён саступае толькі апосталу Пятру і Пію IX (32 гады).
«Працяглы пантыфікат св. Яна Паўла ІІ прынёс абнаўленне ў жыцці Касцёла і яго місіі ў сучасным свеце, — адзначыў біскуп Яшэўскі. — Пантыфік увайшоў у гісторыю як вялікі прапаведнік, мысляр і міратворац».
Як падкрэсліў іерарх, «гэты вялікі святы Пантыфік вельмі любіў Беларусь, аб чым сведчыць той факт, што пасля доўгага перыяду ганенняў менавіта ён аднавіў іерархічныя структуры Касцёла ў Беларусі».
Чалавек малітвы
Паводле слоў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, святы папа Ян Павел II шмат маліўся.
«Ён маліўся на ружанцы тады, калі толькі мог, нават некалькі разоў на дзень. Пасля была прыватная малітва ў капліцы, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і святая Імша. Кожны дзень Пантыфік маліўся Літаніяй да аднаго са святых, Літаніяй да Маці Божай і да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Кожную пятніцу на працягу ўсяго года здзяйсняў набажэнства Крыжовага шляху».
Штодзённая малітва і штодзённыя рэлігійныя практыкаванні ніколі не былі занядбаныя святым, нават падчас яго падарожжаў за мяжу:
«З вялікай пабожнасцю святы Ян Павел ІІ маліўся Літургію гадзінаў, — дадаў іерарх. — У яго малітве не было бачна ні прызвычаенасці, ні руціны. І гэтым Папа так моцна ўражваў усіх. Пра адзін выпадак расказваў прыёр кляштара паўлінаў на Яснай Гары, дзе ў 1991 годзе падчас Сусветных дзён моладзі ў Чэнстахове спыняўся Папа.
Быў позні вечар, і прыёр кляштара зайшоў выключыць святло, бо думаў, што ў капліцы нікога няма. Але там быў Пантыфік, які маліўся. Прыёр загаварыў са Святым Айцом і звярнуў увагу, што ў Папы быў вельмі насычаны дзень, таму, напэўна, яму ўжо трэба адпачыць. На гэта Папа адказаў, што па прычыне шматлікіх сустрэч не меў часу на тое, каб паразмаўляць з Панам Богам, таму гэта робіць цяпер: „Калі кагосьці моцна любіш, заўсёды знойдзеш на яго час”».
На заканчэнне гаміліі біскуп Яшэўскі папрасіў Бога навучыць свой народ «жыць у Яго прысутнасці, умацоўваць веру праз малітву і ўцелаўляць яе ў штодзённае жыццё».
Пасол Рэспублікі Польшча Артур Міхальскі ў сваю чаргу адзначыў, што, хоць пра св. Яна Паўла ІІ палякі традыцыйна кажуць як пра «нашага Папу», ён належаў усяму свету.
«На працягу 27-і гадоў яго пантыфікату мы былі сведкамі незвычайных гістарычных зменаў, у тым ліку ў Касцёле. Ян Павел ІІ быў выдатным чалавекам, які паўплываў на лёс мільёнаў людзей ва ўсім свеце», — зазначыў пан Міхальскі.
Пасля св. Імшы адбыўся канцэрт гуральскага гурта Tekla Klebetnica, на якім прысутнічалі таксама прадстаўнікі іншых канфесій і веравызнанняў. У бліжэйшы час калектыў выступіць з канцэртамі ў касцёлах Магілёва, Віцебска, Міёраў, Глыбокага і Гродна.