Пошук

19.09.2018 13:27   Catholic.by

Гаворачы пра місію святароў падчас Імшы на распачацце навучальнага года ў Міждыяцэзіяльнай семінарыі ў Гродне, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на служэнне ў Касцёле свецкіх вернікаў.

«У апошнія часы праяўляюцца тэндэнцыі ўсё большага выкарыстання свецкіх у жыцці і пастырскай дзейнасці Касцёла, – адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. – Але ёсць рэчы, якія проста абавязаны выконваць святар.

Не толькі здзяйсненне сакрамэнтаў, што зразумела само па сабе. Але таксама і прыняцце людзей, якія звяртаюцца па дапамогу. Людзі хочуць бачыць святара ці дыякана, нарэшце, семінарыста. Хочуць бачыць духоўную асобу, каб з ёй паразмаўляць, распавесці аб праблемах і атрымаць найперш духоўную параду.

Не спрыяе развіццю пастырства практыка, калі пасля Імшы святар сыходзіць, а свецкі чалавек прымае вернікаў», – заключыў іерарх.

Мітрапаліт прыгадаў словы аднаго біскупа на сустрэчы з законніцамі, якія займаліся школай для дзяўчынак у Рыме.

«Нам патрэбна сястра, а не прафесарша. Прафесаршай можа быць і свецкі чалавек, але свецкі не можа быць законніцай», – казаў той біскуп. Яго словы можна аднесці і да святароў.

Святар як святы айцец

Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што ў Праваслаўнай Царкве святара часта называюць святым айцом.

«Святым найперш таму, што ён з’яўляецца адміністратарам Божай ласкі. Таму святар сам павінен увасабляць святасць.

Першы рэктар духоўнай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу слуга Божы дон Бернардо Антаніні любіў казаць семінарыстам пра неабходнасць „заправіцца” духоўным бензінам: без бензіну машына не паедзе. Так і ў святарстве: калі святар чагосьці не мае, ён не зможа даць гэта іншаму».

Паводле слоў Мітрапаліта, сустрэчы з людзьмі свету паказваюць неабходнасць у грунтоўнай багаслоўскай падрыхтоўцы святароў.

«Людзі сёння вельмі актыўна цікавяцца багаслоўем, і задача святара – дапамагчы ім у гэтым.

Нездарма св. Ян Павел II у Апостальскай адгартацыі Pastores dabo vobis падкрэслівае, што інтэлектуальная фармацыя кандыдатаў да святарства з’яўляецца надзвычай неабходнай з-за выклікаў сучаснасці».

Таксама арцыбіскуп нагадаў, што са зменамі ў свеце з’яўляюцца і новыя метады пастырства.

«Гледзячы на розныя рэлігійныя групы ў касцёлах, можна пабачыць вынікі таго старога карэння, дзякуючы якому на нашых землях захавалася вера. Прыклад Захаду даказвае: прагрэсіўнае неабходна пераймаць, але ад старога адмаўляцца ні ў якім разе нельга, калі яно выпрабавана часам і не супярэчыць багаслоўскім нормам. Vetera et nova! – старое спалучаць з новым».

Звяртаючыся да семінарыстаў, іерарх адзначыў:

«Старшакурснікам неабходна зрабіць рахунак сумлення: як мы ставімся да святарскай фармацыі? Ці любім малітву і вучобу? Як выглядаюць справы з захаваннем дысцыпліны?

Семінарыя – гэта дом, сям’я ці армейская казарма, як часам кажуць? Калі так, то чаму? Ці ўяўляе сабой семінарыя братэрскую супольнасць?»

Цытаючы папу Бэнэдыкта XVI і папу Францішка, Мітрапаліт дадаў, што духоўная падрыхтоўка будучых святароў павінна абапірацца на Эўхарыстыю і сакрамант пакаяння, а слупамі фармацыі павінны стаць малітва, навука, братэрскае жыццё і апостальства.

Абноўлена 19.09.2018 16:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця