29 жніўня гурт Laudans апублікаваў новы кліп «Удзячнасць» у падтрымку надыходзячага альбома «Звязаны з часам». У сваім відэа дуэт разважае над пытаннямі духоўнай свабоды і негатыву ў зносінах чалавека з навакольным светам.
«Часта сутыкаемся з тым, што негатыў і асуджэнне не даюць людзям ніякага жыцця. А ў гэтым кліпе мы хацелі паказаць, што існуе альтэрнатыва – іншы позірк на свет. Гэта – удзячны позірк».
Галоўная гераіня кліпа апранутая ў кашулю для псіхічнахворых. Кашуля – гэта ўсе кепскія навіны па тэлебачанні, дэпрэсія, замкнёнасць чалавека. Але галоўны герой шукае, як памагчы стаць ёй вольнай ад усяго гэтага.
Сімвалам вызвалення становіцца гітара і струны да яе, якія герой шукае на працягу кліпа. Праз музыку ён заклікае людзей глядзець на свет з удзячнасцю.
Прысутнічае і трэці персанаж – урач. Ён таксама шукае гераіню, але з іншай мэтай – яго «лекамі» будуць папрокі і асуджэнне, страх перад недахопамі і безнадзейнасць. Хто ён, гэты ўрач? Чалавек ці рыса характару, якая ў той ці іншай ступені ёсць у кожнага?
«У кліпе няма канчатковага адказу на тое, хто з герояў перамагае. Наўрад ці змаганне можа быць скончана ў гэтым жыцці. Да таго ж у блізкім часе выйдуць наступныя кліпы, у якіх зноў з'явяцца гэтыя персанажы», – кажуць музыкі.