Беларускі хрысціянскі дуэт Laudans выпусціў кліп на англамоўную песню Treasure of Universe з апошняга альбома «Адзінства».
Рэжысёрам выступіў Расціслаў Смольскі, для якога гэта ўжо другі вопыт працы з Laudans у якасці кліпмейкера.
«Ідэя кліпа нарадзілася год таму. Праўда, тады быў зусім іншы вобраз для гэтага спеву, нават быў гатовы сцэнарый, — прыгадваюць удзельнікі гурта Андрэй Лугін і Алена Палачанская. — Але калі Расціслаў зняў кліп на іншую нашу песню, мы зразумелі, што хацелі б працягнуць працу з ім. Так у сакавіку пачаліся здымкі Treasure of Universe».
Словы спеву Treasure of Universe напісала Алена Палачанская, клавішніца гурта. Песня адлюстроўвае штодзённае жыццё, яго цяжкасці, змаганні і боль.
«Хацелася, каб людзі, якія паслухаюць гэты спеў, адчулі, што ён вельмі зразумелы і блізкі ім, — адзначае аўтарка. — Я рашыла напісаць пра штодзённасць, дзе кожны чалавек змагаецца са сваім болем і праблемамі. Гэтае змаганне робіць нас лепшымі, дае пэўны запал у душы — мы пачынаем шукаць сэнс жыцця і сэнс нашага болю і знаходзім адказ у Таго, хто дае нам жыццё, змаганне і любоў».
Песня Treasure of Universe (Скарб Сусвету) была запісана на дзвюх мовах (англійскай і беларускай), для кліпа была абрана англійская версія.
Свой выбар дуэт тлумачыць жаданнем быць зразумелымі больш шырокаму кола слухачоў. Здымкі кліпа праходзілі на Мінскім моры, а таксама ў вежы Кальварыйскага касцёла ў Мінску. Асаблівую падзяку музыкі выказваюць Віталю Жартуну, Ганне Трус, Юліі Паваротнай і ўсёй камандзе Laudans.
«У нас атрымалася выдаць гэты кліп толькі дзякуючы ўсім тым, хто нам дапамагае і падтрымлівае нас. Гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, наколькі важна для людзей супрацоўнічаць і ствараць нешта разам. Дзякуй усім нашым сябрам!» — дадаюць музыкі.