Пошук

30.01.2018 12:53   Тэкст і фота: Марына Валасар / Catholic.by

Каталіцкі музычны гурт «Laudans» новы год распачаў актыўна. Дуэт ужо паспеў даць сольны канцэрт у музеі Янкі Купалы ў Мінску, а 28 студзеня выступіў з акустычнай праграмай у касцёле св. Роха.

У праграме выступлення гурта на Залатой Горцы былі традыцыйныя калядныя спевы ў сучаснай музычнай апрацоўцы, а таксама песні з альбома «Адзінства». Сярод кампазіцый былі і новыя, над запісамі якіх музыкі працуюць зараз.

Гэта песні «Удзячнасць» (на словы Яна Твардоўскага), «Na switaniu» і «Міласэрнасць». У бліжэйшы час гурт плануе выдаць гэтыя сінглы. Канцэрт на Залатой Горцы — ужо дзявяты па ліку для гурта ў гэтым годзе.

«У студзені давялося больш быць у Мінску, таму мы вырашылі некалькі разоў сустрэцца з людзьмі і сыграць для іх. На Залатой Горцы, у параўнанні з іншымі канцэртамі, гучанне дастаткова адрознівалася. Усе творы мы ігралі акустычна, без плэйбэкаў. Хацелася зрабіць без выбуху эмоцый, а каб людзі маглі паслухаць песні і паразважаць», — заўважае саліст гурта Андрэй Лугін.

Меладычна-лірычная «Ціхая ноч» у спалучэнні акустыкі і клавішаў стварала атмасферу гармоніі і задуменнасці, яшчэ раз нагадваючы пра прыход сапраўднага Святла — Маленькага Езуса. «Gloria in excelsis Deo» у задорным гучанні ў стылі а-ля кантры, заклік да «Адзінства» і «Удзячнасці», а таксама праслаўленне «незлічонай Міласэрнасці» Бога — усе гэтыя і іншыя матывы і тэмы гледачы маглі перажыць разам з удзельнікамі гурта.

Канцэртам на Залатой Горцы калектыў завяршыў цыкл выступленняў з каляднымі спевамі ў гэтым годзе. Наступнае выступленне гурта пройдзе вечарам 30 студзеня ў кавярні «Loft café» у межах конкурсу аўтарскай песні «Art Song».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця