Пошук

19.09.2023 11:20   Тэкст: Яна Чайко / Фота: Gosc.pl / Catholic.by

У нядзелю 17 верасня ў Гданьску (Польшча) адбыўся першы фэст душпастырства беларусаў.

Урачыстасць распачалася святой Імшой у касцёле святога Юзафа ў самым цэнтры Гданьска. Менавіта тут разам са сваім душпастырам ксяндзом Пятром Врубелем збіраюцца беларусы, якім, далёка ад Бацькаўшчыны, важна разам удзельнічаць у малітве на роднай мове.

«Гэта быў наш першы „парафіяльны“ фэст. Супольнасць існуе ўжо два гады, з верасня 2021, таму ў пэўным сэнсе ён быў для нас асаблівы. Разам рыхтуючыся да фэсту, мы адчулі сапраўднае хрысціянскае братэрства, было шмат ахвотных паслужыць, але не так шмат працы»,

— адзначае Павел Граковіч, адзін з арганізатараў фэсту.

У Эўхарыстыі, цэлебрацыю якой узначаліў душпастыр супольнасці, быў таксама ксёндз Анджэй Бульчак — святар, які доўгі час працаваў у Беларусі, а цяпер нясе служэнне пробашча ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла і святой Кацярыны Шведскай у Гданьску і з радасцю дамапагае ў паслузе беларусам.

Святары разам з прысутнымі дзякавалі Пану Богу за дар супольнасці і ўсе тыя дары, якімі Ён адорвае іх кожны дзень.

Падчас Літургіі некалькі хлопцаў былі ўрачыста прынятыя ў кандыдаты ў міністранты.

Напрыканцы адбылася малітва да Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў — апякункі супольнасці. Парафіяне даверылі Яе заступніцтву свае справы, а таксама прасілі, каб Яна была для іх прыкладам адданага мацярынства і апекавалася іх сем’ямі.

Пасля Святой Імшы ў Цэнтры адукацыі і культуры, якім апякуюцца місіянеры аблаты, адбыўся канцэрт беларускага гурта ZnakStop, пачастунак і конкурс на найлепшае печыва.

Супольнасць беларусаў у Гданьску — другая па велічыні ў Польшчы пасля Варшавы.

Святыя Імшы адбываюцца кожную нядзелю ў 14.30 у касцёле святога Юзафа па адрасе: Elżbietańska 9.

Акрамя Эўхарыстыі, у душпастырстве адбываюцца штонядзельныя сустрэчы міністрантаў, два разы на месяц для дзяцей праводзяць катэхезы, раз на месяц збіраецца каталіцкі кінаклуб.

Абноўлена 19.09.2023 11:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.