На тэлеканале «Беларусь 3» прайшла прэм’ера новага праекта «Артэфакты». Гэта цыкл дакументальных фільмаў, у якіх аўтары расказваюць пра культурныя рэчы, многія з якіх шмат гадоў знаходзіліся ў сховішчах музеяў, а некаторыя ўвогуле не выстаўляюцца на паказ наведвальнікам.
Сапраўдныя рэліквіі, экспанаты, што сталі духоўнымі святынямі, і рарытэты, якія сведчылі пра неверагодную магутнасць уладальнікаў...
Наша краіна багата на шматлікія артэфакты культуры і мастацтва, аднак многія беларусы не бачылі і нават не чулі пра іх. Як правіла, гэта надзвычай каштоўныя рэчы, якія патрабуюць пільнага дагляду і ахайнага стаўлення. Супрацоўнікі музеяў трымаюцца строгіх умоў захоўвання такіх артэфактаў.
Наперадзе гледачоў чакаюць 16 серый новага праекта: Крыж Еўфрасінні Полацкай, Статут Вялікага княства Літоўскага, Тураўскія крыжы, ліст каралевы Боны Сфорца, рыцарскія даспехі Сярэднявечча, уратаваныя ад чорных капальнікаў, і іншыя скарбы.
Археолагі, краязнаўцы і калекцыянеры дапамагаюць вядучай «Беларусь 3» Алене Даміевай распавесці гісторыю таго ці іншага артэфакта, звязаныя з ім міфы і легенды, ацэньваюць грашовую каштоўнасць экспаната, расказваюць, як рэч трапіла да навукоўцаў, у чым яе адметнасць для даследчыкаў і нашчадкаў.
Запрошаныя эксперты раскрываюць тайны папярэдніх уладальнікаў артэфактаў і малавядомыя звесткі пра тое, дзе зараз могуць знаходзіцца самыя сенсацыйныя скарбы беларускай культуры.
Прэм’ера праекта адбылася 5 верасня, і цяпер кожны тыдзень па серадах і чацвяргах у 19.30 у гледачоў канала «Беларусь 3» будзе магчымасць пазнаёміцца з чарговым артэфактам.
6 верасня ў праграме – аповед пра касцяны крыж часоў Лівонскай вайны. Гэты выраб дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва быў накрыты нажом і пахаваны разам з яго апошнім уладальнікам у Расонскім раёне Віцебскай вобласці.
На крыжы выяўлены імёны і вобразы святых, а зроблены артэфакт з рога высакароднага аленя.