З нагоды ўрачыстасці Божага Нараджэння 24 і 25 снежня у праграме беларускага тэлебачання запланаваны шэраг святочных праграм, а таксама трансляцыі набажэнстваў з Мінска і Ватыкана.
Як паведаміла Прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, 24 снежня, у вігілію Божага Нараджэння ў 21.45 на канале «Беларусь 1» распачнецца прамая трансляцыя святой Імшы Пастэркі з катэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.
Цэлебрацыю ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Адразу ж пасля яе завяршэння ў 23.45 у рэжыме рэальнага часу адбудзецца ўключэнне з Ватыкана, дзе ў базыліцы святога Пятра ўрачыстую святую Імшу будзе цэлебраваць Святы Айцец Папа Францішак.
Святочнай раніцай 25 снежня ў 7.50 на канале «Беларусь 1» з пастырскім словам да вернікаў звернецца Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ранішні эфір працягне калядны выпуск праграмы «Існасць».
У 18.05 тэлеканал «Беларусь 3» пакажа пасланне і благаслаўленне Папы Францішка «Гораду и свету» з Ватыкана.