Пошук

06.09.2018 14:01   Catholic.by

Вымярэнне катэхізацыі

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, катэхеты, школьнікі і студэнты, браты і сёстры!

1. Нядаўна распачаўся новы навучальны год, які павінен азнаменавацца не толькі набыццём ведаў у школе ці ўніверсітэце, але таксама і фармацыяй у галіне веры, ад чаго будзе залежаць духоўнае жыццё маладога пакалення.

З вялікай радасцю вітаю ўсіх тых, хто займаецца справай катэхізацыі і хто прымае ў ёй удзел, а менавіта катэхетаў, дзяцей, моладзь і дарослых, бо працэс катэхізацыі павінен ахопліваць усіх людзей і працягвацца ўсё жыццё.

2. «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню» (пар. Мк 16, 15). Гэты наказ Езуса апосталам Касцёл сёння паўтарае нам з мэтай працягваць місію навучання, асвячэння і служэння людзям.

У часы новай евангелізацыі гэтае патрабаванне становіцца вельмі важным і актуальным. Новая евангелізацыя заклікае да пошуку новых шляхоў перадачы і ўмацавання веры ў адпаведнасці са зменай умоваў жыцця і выклікамі часу.

Пазнанне Бога і Яго вучэння праз адпаведную фармацыю мае асноватворчае значэнне для таго, каб супрацьстаяць выклікам, якія супярэчаць евангельскім каштоўнасцям і вучэнню Касцёла, і каб такім чынам фармаваць сапраўдных вучняў Хрыста.

3. Фармацыя веры павінна весці да сустрэчы з Хрыстом, які з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём (пар. Ян 14, 6). Мэтай катэхізацыі з’яўляецца не толькі пазнанне праўдаў веры. Яна перадусім павінна дапамагчы ў развіцці больш глыбокіх і асабістых адносінаў чалавека з Хрыстом.

Усё гэта нагадвае пра тое, што плёнам катэхізацыі павінна стаць прысутнасць Хрыста ў верніках. Таму адказныя за катэхізацыю пакліканы імкнуцца да рэалізацыі гэтага задання. У пасланні да Галатаў святы апостал Павел падае яснае бачанне фармацыі веры: «Дзеці мае, я зноў нараджаю вас у пакутах, пакуль вобраз Хрыста не сфармуецца ў вас» (пар. Гал 4, 19).

4. Пакліканне быць настаўнікам веры паходзіць ад Бога. Яго мэта — працягваць настаўніцкую місію Хрыста ў Касцёле. Катэхізацыя — гэта працяг прапаведвання Божага слова, што адбываецца як непасрэдна праз абвяшчэнне Евангелля, так і праз цэлебрацыю сакрамэнтаў, дабрачыннасць, іншую дзейнасць Касцёла і прыклад хрысціянскага жыцця.

Успомнім гісторыю вучняў з Эмаўса (гл. Лк 24, 13–35). На трэці дзень пасля смерці Езуса яны вярталіся ў сваю вёску. Да іх далучыўся ўваскрослы Езус, якога яны не пазналі, аднак хацелі, каб Ён застаўся з імі, бо Ягоныя словы зачароўвалі іх. Яны пазналі Езуса толькі пры ламанні хлеба, гэта азначае падчас Эўхарыстыі (гл. Лк 24, 30–31). Пасля гэтага яны казалі адзін аднаму: «Ці не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?» (пар. Лк 24, 32).

Падобна таму, як Езус праз тлумачэнне Божага слова распаліў сэрцы вучняў у Эмаўсе, так і ўрокі катэхезы павінны весці да духоўнага асвятлення жыцця вучняў. Усё тое, што вучні чуюць падчас катэхезы, павінна фармаваць іх жыццё так, каб яны перамяняліся згодна з вучэннем Евангелля. Катэхеза павінна дапамагчы адкрыць ім вочы веры, каб яны пазналі Езуса ў Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтах.

5. Інфармацыя, фармацыя і трансфармацыя з’яўляюцца асноватворчымі элементамі ў працэсе катэхізацыі. Гэтыя тры вымярэнні катэхізацыі ажыццяўляюцца ў дзейнасці Касцёла, асабліва ў літургіі, якая праз абвяшчэнне Божага слова і розныя набажэнствы такім чынам спрыяе фармацыі людзей, што яны становяцца сапраўднымі вучнямі Езуса.

Таму літургію можна назваць катэхезай у дзеянні. Калі літургія не дапаўняецца адпаведнай катэхізацыяй, то яна не прынясе належнага евангелізацыйнага плёну і будзе ў меншай ступені спрыяць фармацыі веры. У той жа час, калі катэхізацыя не скіравана на актыўнае літургічнае жыццё, то яна становіцца толькі інтэлектуальным працэсам.

Таму на пачатку катэхетычнага года заахвочваю адказных за катэхізацыю звярнуць асаблівую ўвагу на яе літургічны аспект, каб вернікі маглі перажыць сустрэчу з асобай Езуса Хрыста ў літургічнай цэлебрацыі. Заклікаю таксама святароў выкарыстоўваць літургію для паглыблення працэсу катэхізацыі.

Усведамляючы адказнасць парафіі ў фармацыі веры людзей, святары, кансэкраваныя асобы, катэхеты і бацькі павінны зрабіць усё магчымае, каб гэты працэс быў эфектыўным і плённым.

6. Асаблівае заданне ў працэсе катэхізацыі адводзіцца сям’і. Яна з’яўляецца першай школай выхавання маладога чалавека, таму яе роля ў перадачы і фармацыі веры надзвычай вялікая.

Другі Ватыканскі Сабор нагадвае бацькам, што яны першыя і галоўныя выхаваўцы. Сям’я ж з’яўляецца першай школай грамадскіх цнотаў. З ранніх гадоў трэба вучыць дзяцей пазнаваць і праслаўляць Бога, а таксама любіць бліжняга згодна з верай, прынятай падчас хросту (пар. GE 3).

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што «бацькі як удзельнікі боскага айцоўства з’яўляюцца для дзяцей першымі настаўнікамі веры і першыя адказваюць за іх выхаванне» (ККК. Кампэндый 460).

7. Наколькі эфектыўнай з’яўляецца гэтая перадача веры? Жыццё паказвае, што неабходна зрабіць грунтоўны рахунак сумлення ў гэтай галіне. Слабая вера маладых людзей — гэта перадусім вынік слабой веры і рэлігійнай практыкі бацькоў. Кажуць, што «яблык падае недалёка ад яблыні». Калі бацькі не моляцца і не бяруць удзелу ў нядзельнай і святочнай Імшы, не прыступаюць да споведзі і святой Камуніі, то і дзеці будуць паступаць падобна. Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што «дзеці лягчэй знойдуць шлях да чалавечасці, збаўлення і святасці, калі перад імі будзе прыклад саміх бацькоў і сямейная малітва» (GS 48).

Адзінае вырашэнне праблемы — гэта жыццё бацькоў згодна з вучэннем Касцёла і практыкаванне веры ў штодзённым жыцці. Памылкова думаць, што толькі катэхізацыя пры парафіях вырашыць пытанне фармацыі маладога пакалення ў веры.

У класах нядзельнай школы дзеці, як правіла, знаходзяцца толькі адну са 168 гадзін у тыдзень. За гэты кароткі час яны пазнаюць толькі асновы веры, якія павінны быць трывалымі ў сям’і.

Святы Айцец Францішак у энцыкліцы Lumen fidei — «Святло веры» — нагадвае, што першым месцам, дзе праяўляецца святло веры, з’яўляецца сям’я (пар. LF 52). Пры гэтым малітва — галоўны элемент фармацыі ў веры.

Таму, заклапочаны сучасным станам духоўнай фармацыі маладога пакалення, заклікаю бацькоў адрадзіць практыку малітоўнай атмасферы ў нашых сем’ях з мэтай сумеснага з дзецьмі ўзрастання ў веры.

8. Для гэтага дазвольце прадставіць вашай увазе некалькі практычных прапановаў:

а) распачынаць дзень і завяршаць яго супольнай малітвай
б) маліцца перад ежай і пасля яе
в) днём, найлепш апоўдні, маліцца традыцыйнай малітвай «Анёл Панскі»
г) усёй сям’ёй сумесна маліцца на ружанцы, чытаць Біблію, жыццё святых, катэхізіс, як да гэтага заклікае папа Францішак (пар. https://ekai.pl/papiez-zacheca-rodzicow-do-czytania-dzieciom-youcat-for-kids-i-mowienia-im-o-wierze/)
д) пытацца ў дзяцей, што яны вывучаюць падчас урокаў катэхезы ў нядзельнай школе
е) прасіць дзяцей распавесці пра тое, як яны перажылі нядзельную Імшу і што казаў святар у гаміліі (казанні)
ж) усёй сям’ёй рэгулярна прымаць удзел у нядзельнай і святочнай св. Імшы і прыступаць да споведзі і св. Камуніі
з) у прадпісаны Касцёлам час Адвэнту і Вялікага посту, а таксама па пятніцах захоўваць практыку посту
і) набываць каталіцкія часопісы і рэлігійную літаратуру, каб яна прысутнічала ў кожнай сям’і
к) дапамагаць бедным, хворым і патрабуючым

9. Ад святароў, законнікаў і законніц, свецкіх катэхетаў, бацькоў і ўсіх нас залежыць эфектыўнасць перадачы і фармацыі веры дзяцей і моладзі. Касцёл вельмі моцна заклапочаны крызісам веры, які перажывае сучасны свет і асабліва моладзь.

Менавіта таму Святы Айцец Францішак у кастрычніку гэтага года склікае чарговы звычайны Сінод біскупаў на тэму: «Моладзь, вера і распазнанне паклікання». Заахвочваю малітву Ружанца ў кастрычніку ахвяраваць у інтэнцыі Сіноду.

Няхай новы катэхетычны год, які цяпер пачынаецца, будзе напоўнены не толькі традыцыйнымі ўрокамі катэхезы ў нядзельных школах, але таксама і прыкладам сапраўднага рэлігійнага жыцця старэйшага пакалення, асабліва бацькоў.

Яны павінны быць носьбітамі і прыкладам веры для сваіх дзяцей (пар. https://ekai.pl/papiez-zacheca-rodzicow-do-czytania-dzieciom-youcat-for-kids-i-mowienia-im-o-wierze/), бо малыя бяруць прыклад са старэйшых і стараюцца быць да іх падобнымі.

10. Адным з найбольш вядомых прапаведнікаў ХХ стагоддзя быў пратэстанцкі пастыр Білі Грэм. Аднойчы вечарам ён павінен быў выступіць перад слухачамі ў адным з малітоўных дамоў. Ён спыніўся ў гатэлі, дзе напісаў ліст свайму сябру і пайшоў на пошту, каб яго выслаць. Але не ведаў дарогі, таму спытаўся ў падлетка, як дайсці да пошты. Хлопчык яму растлумачыў. Білі Грэм падзякаваў і запрасіў яго на лекцыю ўвечары.

«Пра што яна будзе?» — спытаўся падлетак. «Я буду распавядаць пра дарогу да неба», — адказаў прапаведнік. Хлопчык падумаў і сказаў, што не прыйдзе. «Чаму?» — спытаўся ў яго Білі Грэм. Падлетак адказаў: «Калі ты не ведаеш дарогі на пошту, то як ты можаш ведаць дарогу да неба?..»

11. Дарагія браты і сёстры, на нас усіх ускладзена вялікая адказнасць за фармацыю на духоўных каштоўнасцях будучага пакалення. Няхай дзеці і моладзь бачаць у святарах, кансэкраваных асобах, катэхетах, бацьках і ўсіх нас тых, хто ведае дарогу да неба і можа яе паказаць.

Давяраючы ўсіх вас Марыі, нашай духоўнай Маці, Настаўніцы і прыкладу нязломнай веры, на новы катэхетычны год ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 1 верасня 2018 г.
Дзень ведаў

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. II Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце “Gaudium et spes” (GS)
2. II Ватыканскі Сабор. Дэкларацыя пра хрысціянскае выхаванне “Gravissimum educationis” (GE)
3. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Кампендый. Мінск “Про Хрысто” 2010 (ККК. Кампендый)
4. Францішак. Энцыкліка “Lumen fidei” (LF)
5. https://ekai.pl/papiez-zacheca-rodzicow-do-czytania-dzieciom-youcat-for-kids-i-mowienia-im-o-wierze/

P.S. Святарам належыць прачытаць гэтае Пасланне вернікам 9 верасня 2018 г.

Абноўлена 07.09.2018 13:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.