Пошук

05.12.2024 10:00   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

2 снежня ў парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка, дэканат Гродна-Захад) адбылася фармацыйная сустрэча маладых святароў, якія нясуць служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у межах сустрэчы ўдзельнікі выслухалі канферэнцыю «Спецыфіка катэхізацыі дарослых: заахвочванне і зацікаўленасць да пазнання Бога», якую прадставіў вікарый парафіі Святога Духа ксёндз Валерый Спірыдон.

Святар адзначыў важнасць катэхізацыі дарослых, дадаўшы, што для іх гэта магчымасць паглыблення веры, духоўнага развіцця, а таксама дыскусій на падставе пытанняў, прапанаваных Катэхізісам Каталіцкага Касцёла.

Цэнтральнай часткай сустрэчы стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

У прамоўленай гаміліі іерарх разважаў над чытаннем Евангелля на гэты дзень, у якім апісваецца незвычайны дыялог Езуса з рымскім сотнікам, які прасіў аздаравіць яго слугу. Першым крокам у тым, каб спазнаць збаўчую моц Хрыста, біскуп назваў адкрыццё Яму свайго сэрца, шчыры расказ Яму пра ўсё, што непакоіць і турбуе.

«Езус хоча ўваходзіць і ў маё жыццё з дарам аздараўлення, хоць нярэдка я іду за ідаламі гэтага свету. Ён не глядзіць на мяне як на ворага. Ён бачыць у маіх памылках слабасць параненай душы, якую хоча ратаваць», — сказаў пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі.

Па словах біскупа, калі чалавек хоча прасіць Бога аб чымсьці, то павінен у духу пакоры і са скрухай у сэрцы прызнаць, наколькі нягодны ён Ягонай дапамогі.

«Слова Пана мае моц. Нават калі Ён заклікае да таго, што здаецца немагчымым. Гэтую моц можа спазнаць кожны, хто „спусціцца з п’едэстала“ сваіх дасягненняў ці набытых годнасцяў і ў пакоры цалкам падпарадкуе Езусу сваё жыццё», — падкрэсліў іерарх.

Біскуп падзякаваў пробашчу парафіі Святога Духа ксяндзу каноніку Паўлу Салабуду — адказнаму за арганізацыю сустрэчы і мадэратару пастаяннай фармацыі маладых святароў дыяцэзіі. Усім удзельнікам сустрэчы іерарх пажадаў, каб Адвэнт стаў для іх нагодай паглыбіць сваю сувязь з Хрыстом.

 

Абноўлена 05.12.2024 10:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця