Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Пастырскі ліст на новы навучальны і катэхетычны год 2024/2025
«Паслухайце Мяне ўсе і зразумейце» (Мк 7, 14)
Дарагія браты і сёстры,
з вялікай радасцю мы ў чарговы раз перажываем Дзень ведаў з яго абавязковым урокам міру, які стаўся ўжо традыцыяй у нашых школах. Асабліва важны ён сёлета, калі мы адзначаем 80-ю гадавіну вызвалення нашай краіны ад захопнікаў. Таму дзякуем нашым продкам за адвагу ў абароне, спазнаем мінулае і марым аб будучыні, гэта значыць аб вас, моладзь, як нашай будучыні і нашай надзеі.
Сёння асаблівым чынам мы молімся аб вашых поспехах у навучанні і катэхізацыі. Мы молімся аб вашых поспехах у навучанні, таму што ад таго, як пройдзе ваша станаўленне, ваша адукацыя, ваша выхаванне, залежыць, якой будзе наша краіна.
Сёння вельмі важна мець добрую адукацыю, бо свет становіцца такім, што без ведаў чалавеку вельмі цяжка рухацца наперад, знайсці сваё месца ў грамадстве ў час, у які Бог выбраў вас. І такую здольнасць чалавеку дае адукацыя.
Але ёсць і яшчэ нешта важнае, магчыма, самае важнае, бо чалавек можа быць адукаваным і пры гэтым не мець ні сяброў, ані тых, каго ён любіць. Таму для таго, каб быць шчаслівым, трэба фармаваць не толькі свой розум, але і сваю душу, сваё сэрца. Для таго, каб быць шчаслівым, трэба ўмець рабіць шчаслівым іншага чалавека, а зрабіць шчаслівым іншага можа той, хто здольны іншаму аддаваць частку таго, што мае сам: час, увагу, клопат. Як кажа Папа Францішак, сёння трэба ісці ў свет з «сэрцам на далоні».
Мае дарагія, вера вучыць нас быць добрымі людзьмі. І не проста вучыць: яна дае нам рэкамендацыі, рэцэпты, паводле якіх мы сапраўды можам стаць добрымі, а значыць шчаслівымі людзьмі, якія ствараюць вакол сябе поле добразычлівасці і шчасця. Папа Францішак нагадвае нам рэцэпт дабрыні ў словах: «Той, хто прымае Хрыста, дае Яму месца ў сваім жыцці, праз сустрэчу з Ім становіцца падобным да Хрыста, які з’яўляецца Найвышэйшай Дабрынёй гэтага свету».
Дарагія сябры, у Евангеллі Пан Езус кажа пра неабходнасць фармавання свайго сэрца, гэта значыць працы над сабой, што з’яўляецца важным момантам адукацыйнага працэсу ў Божай атмасферы, а гэта атмасфера любові.
Духоўнае развіццё — гэта важны аспект нашага жыцця, які дапамагае нам зразумець саміх сябе, нашую ролю ў свеце і адносіны з Богам.
У сучасным свеце, які часта кіруецца толькі матэрыяльнымі каштоўнасцямі, вельмі важна шукаць глыбейшае значэнне жыцця і знайсці супакой у сваім сэрцы. Удзел у катэхізацыі — гэта выдатны спосаб для кожнага з нас увайсці ў таямніцы веры, навучыцца асновам духоўнага жыцця і атрымаць каштоўныя веды, якія будуць спрыяць нашаму шматбаковаму развіццю. Катэхізацыя дапамагае нам не толькі глыбей спасцігаць нашу веру, але таксама дае духоўнае разуменне свету вакол нас. Праз катэхізацыю мы знаходзім супольнасць сяброў, якія падтрымліваюць і натхняюць нас на духоўным шляху. Мы вучымся слухаць, дзяліцца досведам і разам шукать Бога ў розных сітуацыях нашага жыцця.
Духоўнае развіццё з’яўляецца падмуркам для нашай чалавечай і духоўнай сталасці. Яно заклікае нас быць чуйнымі да патрэбаў іншых, развівае ў нас сардэчнасць і любоў, робіць актыўнымі ўдзельнікамі супольнасці вернікаў.
Мае дарагія, няхай кожны з нас адчувае запрашэнне адкрыць сваё сэрца для духоўнага развіцця і ўдзелу ў катэхізацыі. Гэта шлях, які вядзе да глыбейшага разумення веры, паказвае нам, як жыць у любові і суперажыванні з іншымі, і дапамагае нам стаць сапраўднымі паслядоўнікамі Хрыста.
Давайце не забывацца, што духоўная адукацыя патрабуе такой жа ўвагі, як і кожная іншая. Удзел у занятках катэхезы пры парафіях — гэта шлях да разумення веры, да паглыблення адносін з Богам і адно з адным. Розум і дух павінны ісці поруч.
Паважаныя бацькі, вы добра ведаеце, што ў наш час нялёгка стварыць хрысціянскія ўмовы, неабходныя для выхавання дзяцей. Трэба рабіць усё, каб Бог прысутнічаў і ўшаноўваўся ў нашых сем’ях. Вы — першыя настаўнікі малітвы і хрысціянскіх цнотаў, і ніхто не можа замяніць вас у справе захавання і перадачы хрысціянскай традыцыі. Вучыце сваіх дзяцей павазе да кожнага чалавека, каб яны былі творцамі міру і згоды ў сучасным і будучым свеце. Ваша падтрымка і любоў з’яўляюцца асновай для будучых поспехаў вашых дзяцей. Дапамагайце ім рабіць правільныя крокі, натхняючы на вывучэнне і адкрыццё новага.
Шаноўная моладзь, вы заслугоўваеце словаў удзячнасці за ваш удзел у розных пілігрымках і валанцёрскіх праектах, што ладзіліся летам гэтага года. Дзякуем таксама вам за ваш удзел падчас летніх канікул у працы хлебаробаў і будаўнічых лагерах. Просім вас, заставайцеся вернымі ідэалам Евангелля. Няхай удзел у катэхезе дапамагае ўзрастаць да паўнаты чалавечай сталасці паводле ўзору дасканалага Чалавека — Езуса Хрыста. Мы ведаем, што вы маеце патрэбу ў добрым прыкладзе для пераймання. Не раз мы, дарослыя, памыляемся, таму на дапамогу вам прыходзіць сам Езус Хрыстус, які ўсё сваё жыццё прысвяціў дабру іншых. Няхай вашая думка звернецца да Хрыста, які любіць вас і дапаможа пераадолець усе цяжкасці.
Дарагія дзеці, вы — найкаштоўнейшы скарб вашых любячых бацькоў, грамадства і Касцёла. Ахвотна атрымлівайце веды і вучыцеся імі карыстацца.
Памятайце, што Добры Бог любіць вас і хоча хадзіць з вамі ў школу, а таксама на заняткі па рэлігіі і праз усё вашае жыццё. Няхай вашыя сэрцы будуць адкрытымі для новых ведаў, а ваш розум гатовым расці і развівацца.
Паважаныя настаўнікі, выхаваўцы і катэхеты, вы — светачы ведаў. Ваша пакліканне — перадаваць дзецям не толькі веды, але і каштоўнасці, якія будуць асвятляць іх шлях у жыцці. Няхай кожнае вашае настаўленне будзе напоўнена цеплынёй, клопатам і жаданнем дзяліцца ведамі. Дзякуй вам за ваша пакліканне. Просім вас павышаць сваю настаўніцкую кваліфікацыю, каб вы маглі быць лепшымі, больш пераканаўчымі і радаснымі не толькі як настаўнікі праўды пра Бога, які ёсць Любоў, але і як яе сведкі. Няхай дабро маладога пакалення будзе клопатам вашага жыцця і выхаваўчай працы.
Падчас сустрэчы з каталіцкімі настаўнікамі ў Рыме Папа Францішак, між іншым, сказаў: «Мноства прафесій патрабуюць пастаяннага прафесійнага развіцця, але прафесія выкладчыка ўнікальная таму, што мае справу не з аб’ектамі, а з суб’ектамі. Тыя, хто займаецца адукацыяй, працуюць з чалавечымі істотамі, прычым на ранняй стадыі іх развіцця. Дзеці мяняюцца з года на год, а часам і з месяца на месяц. Больш за тое, моладзь аднаго пакалення адрозніваецца ад моладзі наступнага, таму педагогі павінны пастаянна абнаўляць метады працы і знаходзіць эфектыўныя спосабы перадачы радасці пазнання і імкнення да праўды, выкарыстоўваючы мовы і культурныя формы, прыдатныя для сучаснай моладзі», — адзначыў Папа Францішак.
Дарагія дзеці і моладзь, паважаныя бацькі, настаўнікі, выхаваўцы і катэхеты!
Мы ўваходзім у новы навучальны год, напоўнены надзеямі і новымі магчымасцямі.
У гэты асаблівы момант хочацца падзяліцца з вамі словамі са Святога Пісання, якія натхняюць нас на шляху ведаў і самаўдасканалення: «Адкіньце ранейшыя паводзіны старога чалавека, які знішчае сябе зманлівымі пажадлівасцямі. Дазвольце аднавіцца Духу ў вашым розуме і апраніцеся ў новага чалавека, створанага паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды» (пар. Эф 4, 22–24).
Даручаем вас заступніцтву Маці Божай, Сталіцы мудрасці, і давяраем вялікую справу выхавання Езусу Хрысту, які мае жыццё ў сабе і заўсёды застаецца прысутным у Касцёле і ў свеце.
Са святам вас, з Днём ведаў! Няхай гэты год прынясе шмат яркіх момантаў, карысных ведаў і духоўнага ўзрастання!
З малітвай
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі,
Старшыня Рады па справах свецкiх i моладзі, пастырства студэнтаў і працаўнікоў універсітэтаў
Мінск, 28 жніўня 2024 года, ва ўспамін святога Аўгустына, біскупа і доктара Касцёла