Пошук

27.08.2024 12:02   Тэкст: Лаліта Арлоўская / Catholicnews.by
Фота Аксаны Касцючэнка

У суботу 24 жніўня, ва ўспамін святога апостала Барталамея, у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле (Глыбоцкі дэканат) прайшла сустрэча катэхетаў Віцебскай дыяцэзіі.

Як паведамляецца на партале Сatholicnews.by, тэмай сустрэчы стала «Хрысціянскае выхаванне дзяцей і моладзі».

Сустрэча рапачалася святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У прамоўленай гаміліі іерарх перадусім нагадаў катэхетам пра годнасць той місіі, якую яны выконваюць у выхаванні дзяцей і моладзі.

«Перш за ўсё адказнасць за духоўную фармацыю дзяцей ляжыць на святарах, але, дзякуй Богу, яны маюць у гэтым памочнікаў у асобе катэхетаў. Гэта тыя людзі, якія, нягледзечы на свае штодзённыя абавязкі, адгукнуліся на Божы заклік быць памочнікамі ў Касцёле», — заўважыў біскуп Буткевіч.

Пастыр Віцебскай дыяцэзіі таксама адзначыў неабходнасць паглыблення адносінаў з Богам і для саміх катэхетаў. «Як апостал Барталамей, пра якога сёння нам кажа Евангелле, запалаў верай праз сустрэчу з Езусам, жывым Богам, так і мы, духоўныя асобы, і вы, катэхеты, павінны няспынна шукаць гэтай сустрэчы ў нашым паўсёдзённым жыцці.

Толькі так, самі запалаўшыся верай, мы будзем здольныя перадаваць яе іншым», — падкрэсліў іерарх.

Пасля святой Імшы адбылася першая з дзвюх канферэнцый, якія праводзіў Уладзіслаў Валаховіч, доктар біблійнай тэалогіі, дырэктар фонда ў абарону жыцця «Адкрытыя сэрцы». Падчас гэтай канферэнцыі спікер акрэсліў галоўныя праблемы і пагрозы ў сучасным выхаванні дзяцей і моладзі, сярод якіх дэгуманізацыя, ЛГБТ-прапаганда і гендарная ідэалогія, празмернае і бязмэтавае карыстанне інтэрнэтам.

Паміж канферэнцыямі быў арганізаваны перапынак на каву і невялікі пачастунак, падчас якога можна было адпачыць на свежым паветры ці абмеркаваць надыходзячы навучальны год. Таксама была арганізавана своеасабліва экскурсія, падчас якой катэхеты разам са святарамі і біскупам наведалі будоўлю рэкалекцыйнага дома «Сяліба Беззаганнай» і памаліліся за яго будаўнікоў і валанцёраў.

Другая канферэнцыя была прысвечана пошуку адказаў на вызначаныя раней праблемы. Цэнтральнай часткай разважанняў стала вяртанне чалавеку яго чалавечага аблічча праз адзенне і мову, а таксама здольнасцяў праз незалежную ад лічбавай прасторы творчасць і працу. Таксама падчас канферэнцыі Уладзіслаў Валаховіч як шматдзетны бацька падзяліўся ўласным вопытам выхавання дзяцей у сям’і.

Абноўлена 27.08.2024 12:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.