Пошук

06.09.2018 21:59   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

6 верасня пры парафіі Маці Божай Будслаўскай адбылося адкрыццё Цэнтра сям’і і інаўгурацыя Экспертнай рады па справах абароны жыцця і сям’і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Цэлебрацыю св. Імшы з гэтай нагоды ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. У гаміліі іерарх звярнуўся да Евангелля на чацвер XXII звычайнага тыдня, якое распавядае пра цудоўны ўлоў рыбы.

Езус кажа Пятру адплысці на глыбіню і закінуць сеткі. Пётр быў дасведчаным рыбаком і ведаў, што ўлову не будзе. Ён разам са сваімі напарнікамі лавіў усю ноч і нічога не злавіў. Аднак, што вельмі важна, ён кажа, што па слове Езуса закіне сеткі. І ўлоў сапраўды быў вельмі багаты.

Паводле слоў арцыбіскупа Кандрусевіча, неабходна падкрэсліць, што Езус выкарыстоўвае законы прыроды. Быў дзень, станавілася горача, вада награвалася і рыба ішла туды, дзе халадней, гэта азначае на глыбіню. Менавіта таму Ён прапануе Пятру адплысці на глыбіню і закінуць сеткі.

Трэба падкрэсліць і тое, што Пётр, які ведаў, што ў абставінах гарачага палесцінскага дня нават адплыццё на глыбіню не гарантуе добрага ўлову, тым не менш згаджаецца з прапановай Езуса.

«Цудоўны ўлоў рыбы — гэта прыклад таго, як і мы павінны паступаць у штодзённым жыцці, таксама адносна сям’і», – падкрэсліў іерарх.

Арцыбіскуп зазначыў, што сучасная сям’я перажывае нябачаны дасюль крызіс у свеце і ў нашай краіне.

«Сям’я як галоўная клетка кожнага грамадства — гэта Богам створаны адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, нараджэння патомства і яго выхавання.

У Беларусі палова сем’яў разведзена. Гэта азначае наяўнасць крызісу ў адносінах паміж ужо былымі мужам і жонкай і тое, што дзяцей выхоўвае не поўная сям'я, а бацька або маці. Для нармальнага выхавання патрэбны і бацька, і маці. А гэтага няма. Гэта адна з прычын крызісу ў выхаванні дзяцей.

Сям’я страчвае сваю ідэнтычнасць адзінага і непарыўнага саюзу мужчыны і жанчыны, бо ўсё часцей заканадаўча замацоўваюцца гомасексуальныя сем’і.

Самы каштоўны Божы дар, якім з’яўляецца дар жыцця, дэвальвуецца, жыццём пачынаюць маніпуляваць. Нежаданне мець дзяцей і рост колькасці абортаў ужо прывялі да дэмаграфічнай зімы, аб чым красамоўна сведчыць тое, што колькасць насельніцтва Беларусі ў гэтым годзе зменшыцца на 35 тысяч чалавек.

У наша жыццё ўрываецца ідэалогія гендару, якая парушае Богам устаноўлены парадак, які гаворыць пра два полы – мужчынскі і жаночы. Гендарныя тэндэнцыі пераварочваюць устаноўлены Творцам парадак з ног на галаву.

Спробы змены законаў прыроды вядуць да катастрофы, аб чым найлепш сведчаць прыклады з экалогіі. Падобна ёсць і ў духоўным жыцці: змена Божага закону вядзе да катастрофы, якую мы таксама назіраем у штодзённасці.

У апошнія часы ў нашай краіне вядуцца гарачыя дыскусіі па праблеме хатняга насілля. Касцёл ясна выступае супраць кожнага насілля, асабліва ў адносінах да жанчын і дзяцей. Аднак прапанаваны Закон аб супрацьдзеянні хатняму насіллю не вырашае праблемы, а нават яе ўскладняе: разам з вадой з ночваў можна выплеснуць і дзіця.

У прапанаванай форме закон не будзе служыць належнаму выхаванню маладога пакалення і падрыхтоўцы яго да самастойнага жыцця.

Касцёл заўсёды абараняў вучэнне Евангелля адносна сям’і і Божага дару жыцця і выказваў сваё меркаванне на гэтую тэму.

Калі аднойчы моладзь спытала старэйшую сужэнскую пару, якая шчасліва пражыла доўгае сумеснае жыццё, як ім гэта ўдалося, то адказ быў наступны: «Дзякуй Богу, мы былі выхаваны ў часы, калі сапсаваную рэч рамантавалі, а цяпер, на жаль, выкідаюць».

Крызіс сям’і неабходна лячыць; трэба «рамантаваць» сям’ю, а не выкідаць яе на сметнік гісторыі як штосьці непатрэбнае. Для гэтага неабходны маніторынг сітуацыі ў галіне сужэнства і аховы жыцця. Менавіта для гэтага ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі быў заснаваны Цэнтр сям’і і Экспертная рада па справах абароны жыцця і сям’і.

Перад вамі нялёгкае заданне. Ужо шмат зроблена. Не заўсёды ваша праца была належным чынам ацэнена, не ўсе яшчэ да канца разумеюць складанасць праблемы. Кажучы мовай сённяшняга Евангелля, улоў не заўсёды быў багатым. Але прыклад цудоўнага ўлову рыбы нагадвае пра тое, што з дапамогай Божай ласкі магчымы нават цуд».

«Бярыце прыклад з Пятра, не бойцеся выплысці на глыбіню бурнага мора сучаснасці, у якім гіне сям’я і Божы дар жыцця; не бойцеся закінуць у яго сеткі Божага закону і вучэння Касцёла, і тады, напэўна, станецца цуд аздараўлення сям’і і захавання жыцця», — заключыў арцыбіскуп.

 

Абноўлена 18.10.2018 17:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця