Пошук

01.09.2018 12:38   Catholic.by

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка звярнуўся да вернікаў сваёй дыяцэзіі з пастырскім лістом з нагоды новага навучальнага і катэхетычнага года.

Пастырскі ліст
біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на пачатак новага 2018–2019 навучальнага года

Дарагія вернікі Пінскай дыяцэзіі!

1 верасня распачаўся новы навучальны і катэхетычны год. Гэта чарговы год інтэнсіўнай працы па выхаванні дзяцей і моладзі ў духу хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Калі мы гаворым пра каштоўнасці, то часта маем на ўвазе каштоўнасці агульначалавечыя і значна радзей — хрысціянскія. Жыццё паказвае, што сучаснае выхаванне звернута перадусім на практычныя вартасці, на рэчы матэрыяльныя і на справы, якія канцэнтруюцца толькі на пошуку задавальнення. Заўважаецца таксама праблема супярэчнасці паміж дэклараванымі каштоўнасцямі і тымі, якія рэальна культывуе сучаснае грамадства. Гэта не можа не выклікаць сярод дзяцей і моладзі дэзарыентацыі. Больш за тое, падобная сітуацыя толькі прыводзіць да росту недаверу, пачуцця падманутасці, цынізму і агрэсіі адносна любога дзеяння, звязанага з перадачай пэўных каштоўнасцяў. У першую чаргу гэтая праблема датычыцца сям’і і школы, на якія ўскладаюць вялікія спадзяванні, а расчараванні аказваюцца найбольш балючымі.

Сярод каштоўнасцяў, без якіх немагчыма ўявіць жыццё хрысціяніна, трэба адзначыць пакору, лагоднасць, дабрыню, цярплівасць, гатоўнасць прабачыць, вернасць, велікадушнасць, стрыманасць (пар. Гал 5, 22–24; Клс 3, 12 – 14). Сёння яны знаходзяцца пад пагрозаю з боку агрэсіі, брыдкіх словаў і паводзінаў, бескампраміснага змагання за свае карыслівыя інтарэсы, а таксама з боку абыякавасці да слабейшых, недаверу і нянавісці адзін да аднаго. Ва ўмовах гэтага выкліку ад асяродкаў выхавання патрэбныя максімальныя намаганні для таго, каб фармаваць здаровыя адносіны паміж людзьмі.

Выхаванне ў духу каштоўнасцяў пачынаецца ў сям’і. Нам трэба цаніць час, праведзены разам падчас сустрэч, размоў, сумесных пасілкаў і адпачынку. Штодзённае прабыванне разам вучыць разуменню адно аднаго, даверу, ахвярнай любові і сапраўднаму сяброўству. Супольнасць фармуе адносіны служэння і добразычлівасці, гатоўнасць да дзялення радасцю, а перадусім дапамагае пераадольваць праблемы і негатыўныя эмоцыі. У сям’і мы павінны вучыцца адносіцца адно да аднаго з любоўю, пашанаю і сардэчнасцю.

Вялікая прастора для працы ў галіне выхавання мае школа, якая павінна дапамагаць у гэтым бацькам. Надзвычай важна, каб школа развівала сваю выхаваўчую праграму ў цесным супрацоўніцтве з бацькамі. Праграма павінна ясна акрэсліваць тыя каштоўнасці, на якіх грунтуецца ўвесь выхаваўчы працэс.

Як і заўсёды, неацэнную ролю ў выхаванні адыгрываюць самі выхаваўцы. Будучы прыкладам і ўзорам для вучняў, яны павінны ўсведамляць, што сваім жыццём адлюстроўваюць пэўную сістэму каштоўнасцяў. Настаўнік і выхаваўца не можа быць нейтральнай фігурай. Ні ў асабістым, ані ў прафесійным жыцці яму нельга абысціся без адпаведнай іерархіі каштоўнасцяў. Ён абавязаны быць сведкам таго, пра што кажа.

Асаблівай каштоўнасцю, на якую неабходна абапірацца і ў духу якой трэба выхоўваць маладое пакаленне, з’яўляецца вера. Вера — гэта ласка, а значыць незаслужаны дар Бога. Аднак яна патрабуе свядомага і свабоднага адказу чалавека. Вызнаванне веры праяўляецца ў адважнай і мужнай абароне вынікаючых з яе прынцыпаў. Асабліва актуальным у наш час з’яўляецца хрысціянскае бачанне любові, сужэнства і сям’і, якое штораз больш выкідваецца з публічнай прасторы.

Вера немагчымая без пакоры, якая вядзе да пераканання, што сваю будучыню мы можам будаваць толькі на Богу, як на фундаменце. Таму няхай цнота пакоры стане падмуркам выхавання ў духу каштоўнасцяў. Чалавеку, які ўсведамляе сваю абмежаванасць і слабасць, Бог гатовы даць усё. Вера і давер да Бога, для якога няма нічога немагчымага (пар. Ер 32, 27; Мк 10, 27), няхай вызначаюць напрамак нашага жыцця. У Богу чалавек знаходзіць паўнату свайго шчасця. А гэтага для сваіх дзяцей хоча кожная маці і кожны тата. Сапраўднае шчасце, якое пачынаецца ў зямным жыцці, не заканчваецца і ў вечнасці. Бацькі, калі сапраўды клапоцяцца пра дабро сваіх дзяцей, маюць абавязак перадаць ім асноватворныя каштоўнасці, на якіх яны пабудуюць сваё жыццё. Евангелле параўноўвае такое жыццё з домам, што не зрушыцца з месца нават пад націскам самых вялікіх віхураў і навальніцаў (пар. Мц 7, 26–27).

На пачатку новага навучальнага года мы ўзіраемся ў постаць Найсвяцейшай Панны Марыі. Беручы прыклад з жыцця Багародзіцы, мы можам знайсці ўзор прыгожага выхавання, чулай і клапатлівай любові, а разам з тым любові сталай; любові, якая не абмяжоўваецца тым, што можна ўбачыць цяпер, а глядзіць у будучыню. Ад Божай Маці мы вучымся яшчэ і таму, як быць цярплівымі ў працы над самімі сабой. Будзем таксама заклікаць заступніцтва святога Яна Паўла ІІ, жыццё якога было яскравым узорам таго, як быць правадыром, настаўнікам і выхаваўцам для іншага.

Запрашаю, каб бацькі, настаўнікі, душпастыры і катэхеты, адміністрацыя школ і дзяржаўныя ўлады прадпрымалі ўсе намаганні для ўсебаковага і гарманічнага развіцця дзяцей і моладзі. Супольная малітва, якой мы ахінем кожнага чалавека, няхай дапаможа нам вытрываць і паспрыяе, каб нялёгкая праца выхавання ўвянчалася ўрэшце добрымі плёнамі.

На новы навучальны год ад усяго сэрца ўдзяляю ўсім вернікам Пінскай дыяцэзіі і людзям добрай волі пастырскае благаслаўленне у імя Айца, Сына і Духа Святога.

✠ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 31 жніўня 2018 г.

Святарам належыць абвясціць вернікам або выкарыстаюць тэкст ліста ў гаміліі падчас кожнай св. Імшы ў нядзелю 2 верасня або ў наступную нядзелю 9 верасня. Ліст неабходна размясціць на дошцы аб’яваў перад касцёлам на ўвесь навучальны год.

Абноўлена 03.09.2018 13:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа