Пошук

20.08.2018 10:59   Паводле: katolik.life / Catholic.by

15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец асвяціў крыж і зямлю пад будаўніцтва новай святыні ў Гомелі, якая таксама будзе мець тытул Унебаўзяцця.

Парафія з такой назвай існавала ў горадзе да 1938 г. Калі атэістычныя савецкія ўлады ліквідавалі парафію, святары былі рэпрэсаваныя і забітыя, а касцёл, які знаходзіўся на цэнтральнай плошчы, у 1940 г. быў узарваны.

Такім чынам, новы касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі будуецца праз 80 год пасля закрыцця папярэдняй парафіі.

Біскуп Казімір Велікаселец, калі прыехаў служыць у Гомель, адрадзіў парафію і зарэгістраваў яе ў 2013 г., пасля чаго пачаў дабівацца выдзялення ўчастку для будаўніцтва святыні. Узводзіць касцёл вырашылі не на гістарычным месцы, а ў Савецкім раёне горада, на скрыжаванні Рэчыцкага праспекту і вуліцы Аб’язной. На цэнтральнай плошчы пабудаваць святыню цяпер няма магчымасці, а таксама ў сённяшніх абставінах гэта было б немэтазгодным.

Адзіны на сёння касцёл у горадзе знаходзіцца ў цэнтры, а ў аддаленых раёнах аднаго з самых вялікіх гарадоў краіны няма каталіцкіх святыняў, і вернікі вымушаны доўга дабірацца да касцёла.

Участак пад будаўніцтва новай святыні быў выдзелены на ўскрайку горада, і сёлета там пачаліся падрыхтоўчыя працы. Ужо выкапаны катлаван і пракладзены камунікацыі, усталяваны крыж і фігура Божай Маці; з’явіцца тут і часовая драўляная капліца.

15 жніўня мясцовыя парафіяне сабраліся на месцы ўзвядзення святыні, дзе разам маліліся аб Божым благаслаўленні будоўлі, а біскуп Казімір Велікаселец асвяціў зямлю.

Як знак Божага благаслаўлення вернікі ўспрынялі раптоўны дождж. Роўна а 15-й гадзіне, калі павінна было распачацца набажэнства, лівень шчодра «акрапіў» зямлю.

«Бог сам асвяціў гэтае месца, — упэўнены біскуп. — Гістарычная парафія аднаўляецца, і там, дзе ёсць вернікі, там павінна быць святая Імша, а яна павінна быць у святыні.святы

Пытанне аб выдзяленні месца для будаўніцтва вырашалася амаль чатыры гады.

І цяпер мы просім Пана аб тым, каб ён блаславіў гэтае месца, каб тут быў дом Божы, каб людзі маглі тут маліцца. Бо мэта нашага жыцця — шанаваць Бога, а Пан будзе нас благаслаўляць», — падкрэсліў іерарх.

Выгляду знішчанай камуністамі святыні (якая, магчыма, калісьці таксама будзе адноўлена, бо гэта — наш абавязак як народа і краіны перад памяццю продкаў) новы касцёл мець не будзе. Ён спраектаваны ў неагатычным стылі, выцягнуты ўгору і мае 30-метровыя вежы, бо побач месцяцца шматпавярховыя дамы, з-за якіх малой святыні проста не будзе відаць.

Дарэчы, вуглавы камень новага касцёла ў Гомелі ў 2015 г. благаславіў папа Францішак. У падмурак святыні пакладуць яшчэ адзін камень, таксама благаслаўлёны Пантыфікам, які біскуп Казімір Велікаселец прывез з Назарэта — роднага горада Езуса Хрыста.

Даведка. У амаль паўмільённым Гомелі сёння дзейнічае толькі адна каталіцкая святыня, якая ў нядзелі і асабліва ў асноўныя ўрачыстасці часта не змяшчае ўсіх жадаючых удзельнічаць у святой Імшы. Да таго ж вернікам, якія жывуць у іншых раёнах горада, цяжка дабірацца да касцёла, размешчанага ў цэнтры на вуліцы Савецкай.

Абноўлена 20.08.2018 11:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа