Пошук

18.08.2018 03:57   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Павал Хадзінскі / Catholic.by

Першы дзень урачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе завяршыўся працэсіяй са свечкамі, а дзень 18 жніўня распачаўся ўрачыстай святой Імшой апоўначы.

Цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Працэсія, у якой бралі ўдзел тры біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і шматлікія вернікі, з копіяй абраза браслаўскай Валадаркі Азёраў прайшла вуліцамі начнога Браслава.

Зрываючыся з аксамітнага жнівеньскага неба, зоркі не знікалі ў цёмнай глыбіні азёраў, а заставаліся зіхацець агеньчыкамі свечак у руках вернікаў. А тыя са святлом веры ў душах і з ружанцовай малітвай на вуснах ішлі за Марыяй — Зоркай Мора, што ўказвае бяспечную гавань сярод узбураных хваляў жыццёвага акіяну…

«Мы ўзносім да Марыі нашыя сэрцы, каб Яна скіравала іх да свайго Боскага Сына, якога з бязмежнаю пакораю насіла пад сваім Беззаганным Сэрцам», — сказаў на пачатку святой Імшы ў браслаўскім санктуарыі Віцебскі біскуп Алег Буткевіч, вітаючы ўсіх удзельнікаў урачыстасці, а перадусім сваіх братоў у пастырскім служэнні: арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і біскупа Юрыя Касабуцкага. Нягледзячы на позні час, пад лагодным матчыным позіркам Марыі знікала стомленасць і стваралася такая цёплая і простая атмасфера, якая бывае толькі ў родным бацькоўскім доме, сагрэтым пяшчотаю матулі.

    

У прамоўленым да вернікаў Божым слове арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прызнаўся, што ён заўсёды з задавальненнем прымае запрашэнне прыехаць у Браслаў, дзе адпачывае целам і душою.

Тут, сярод азёраў, сама прыгажосць прыроды дапамагае адчуць блізкасць Бога.

Арцыбіскупа — наступніка апосталаў, якія былі рыбакамі на Генісарэцкім возеры, — таксама вабяць азёры Браслаўшчыны той боскай гармоніяй, што адлюстроўваецца ў блакітнай гладзі іх водаў.

 

«Вада — гэта знак і калыска жыцця. Дзе ёсць вада, ёсць жыццё. А ў вадзе — і вы, браслаўчане, гэта цудоўна ведаеце, — водзіцца рыба. Рыба (па-грэцку іхціс — Езус Хрыстус) з’яўляецца сімвалам Хрыста Збаўцы, які дае вечнае жыццё. Але каб дасягнуць гэтага непрамінальнага жыцця, неабходна ў Марыі навучыцца пакоры, каб, як Яна, сказаць сваё fiat — „няхай станецца“ — Богу, цалкам даверыўшыся Ягонай волі, каб не загінуць у моры амаральнасці сучаснага свету.

Бо толькі Бог — гэта жыццё! Бог — гэта праўда! Бог — гэта збаўленне!» — пранікнёна казаў іерарх.

На заканчэнне цэлебрацыі біскуп Алег Буткевіч шчыра падзякаваў свайму старэйшаму сабрату і заахвоціў вернікаў вучыцца ў Марыі пакоры, а таксама міласэрнасці і лагоднасці, што так прыцягваюць сэрцы іншых людзей, асабліва моладзі, якія перадусім прагнуць любові і зразумення.

Абноўлена 18.08.2018 19:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.