Пошук


«Маці Божая ў сваёй выяве збірае маладыя сэрцы ў сваім доме», — гэтымі словамі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч прывітаў на Імшы для пілігрымаў шматлікіх вернікаў, якія 17 жніўня прыбылі ў браслаўскі санктуарый на ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў.

Па традыцыі на ўрачыстасці прыбылі як пешыя, так і роварныя пілігрымкі. Гэтым разам да Маці Божай Валадаркі Азёраў прыйшлі чатыры пілігрымкі. Самай шматлікай стала пілігрымка з Глыбокага. Яе распачалі ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі 70 пешых пілігрымаў, а ў Браслаў уваходзіла ўжо 96 вернікаў з розных парафій, дыяцэзій і нават з замежжа. Шлях даўжынёю амаль у 80 кіламетраў яны пераадолелі разам з пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім, глыбоцкім дэканам кс. Мікалаем Ціхановічам і ксяндзом Алегам Хмылко, адказным за душпастырства моладзі ў Віцебскай дыяцэзіі. Дарэчы, гэтая пілігрымка з’яўляецца юбілейнай, пятай па ліку.

            

Разам з ксяндзом Анджэем Бульчакам, пробашчам нядаўна ўтворанай парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах, на роварах у Браслаў прыбылі 16 пілігрымаў. Другая велапілігрымка, якая сабрала вернікаў некалькіх парафій Віцебскай дыяцэзіі: Дзеркаўшчыны, Канстанцінава, Ушачаў і Шаркаўшчыны, — выехала з Дзеркаўшчыны. Адметна, што ўдзельнікамі гэтай велапілігрымкі былі чатыры святары: кс. Андрэй Кулік, кс. Віталій Галец, кс. Антон Лагунёнак і кс. Генадзь Рэйшаль. На парозе браслаўскай святыні пілігрымаў вітаў і шчодра крапіў асвячонаю вадою ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS, кусташ санктуарыя.

Ужо на змярканні да санктуарыя дайшлі пілігрымы з Пагошчы (Відзаўскі дэканат) — суседняй з Браславам парафіі, дзе нядаўна быў асвячаны новы касцёл. Па традыцыі вернікі гэтай парафіі выходзяць у пілігрымку каля 17-й гадзіны, пасля працоўнага дня, каб праз некалькі гадзінаў дайсці да мэты свайго пілігрымавання. Гэтым разам з 20 вернікамі гэты шлях прайшлі два святары: кс. Славамір Самковіч і пробашч аршанскай парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі кс. канонік Валеры Орсік.

«Тут я адпачываю душой і целам», — кажа Барыс Хамайда, вернік грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага ў Віцебску, адказваючы на пытанне, чаму ён у складзе глыбоцкай пілігрымкі вырушыў у пілігрымку у Браслаў. Дарэчы, для Барыса гэта ўжо чацвёртая па ліку пілігрымка ў гэтым годзе. «Там, дзе Маці Божая, там заўсёды ўтульна», — дадае Генадзь Бервячонак, таксама пілігрым з Глыбокага.

«Гэта асаблівае месца, — кажа пра браслаўскі санктуарый 16-гадовая Сафія Брандыкова з Полацка, удзельніца пілігрымкі Глыбокае – Браслаў. — Я нават не магу рацыянальна растлумачыць, чым менавіта яно мяне прыцягвае». Дарэчы, браслаўскі санктуарый за гэтае лета дзяўчына наведвае не ўпершыню: у ліпені яна тут брала ўдзел у дыяцэзільных днях моладзі.

Вялікім прагненнем Леакадзіі Абухоўскай з віцебскай парафіі Святога Духа быў удзел ва ўрачыстасцях у Браславе. Цяпер жанчына, якой цяжка самастойна выбрацца кудысьці далёка, адпачывае ў суседняй парафіі ў Ахрэмаўцах. Вялікай радасцю для жанчыны стала тое, што вікарый браслаўскай парафіі кс. Адам Квяткоўскі SDS памятаў пра жаданне сваёй былой парафіянкі (некалькі гадоў святар служыў у Віцебску), а Алена і Алег Піртані з Браслава зрабілі добры ўчынак: завезлі яе на сваёй машыне ў санктуарый на Імшу. «Маці Божая выслухала мае малітвы», — узрушана кажа Леакадзія Абухоўская.

    

Імшу для пілігрымаў узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Падчас Літургіі быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі 59 вернікам розных парафій Віцебскай дыяцэзіі.

Сённяшні свет мае патрэбу ў Святым Духу для ўмацавання, і нашае заданне ў тым, каб не быць пасіўнымі назіральнікамі, а актыўна супрацоўнічаць з Богам.

Кожны хрысціянін мае заданне дзяліцца Богам з іншым людзьмі, дзяліцца сваёй верай», — адзначыў іерарх.

Біскуп Юрый Касабуцкі нагадаў пра заклік святога папы Яна Паўла II падчас яго першага візіту ў Польшчу ў чэрвені 1979 г., калі там яшчэ панаваў камуністычны рэжым. «Не бойцеся прыняць Хрыста», — заклікаў тады Папа-славянін сваіх суайчыннікаў, і гэта прывяло да небывалага ўздыму веры ў краіне.

На заканчэнне Імшы біскуп Юрый заклікаў усіх прысутных у святыні вернікаў, гледзячы ў вочы Марыі ў абразе Валадаркі Азёраў, памаліцца за пастыра Віцебскай дыяцэзіі біскупа Алега Буткевіча і за ўвесь даручаны яму Божы народ.

Абноўлена 20.08.2018 23:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа