15 ліпеня падчас візітацыі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча ў парафію Божай Міласэрнасці ў Пагошчы (Відзаўскі дэканат) тут адбылося асвячэнне касцёла.
Спачатку іерарх благаславіў новы крыж у цэнтры вёскі, а потым урачыстая працэсія скіравалася да касцёла. Хоць у святыні ўжо сямнаццаць гадоў моляцца вернікі, да гэтага часу не адбылося яго асвячэння.
На пачатку ўрачыстай св. Імшы іерарх падзякаваў святарам, якія раней служылі ў Пагошчы, асабліва першаму мясцоваму пробашчу кс. Кшыштафу Мянкіну, які самаахвярна будаваў святыню і супольнасць вернікаў у Пагошчы, а таксама кс. Эдварду Ахрамовічу. Словы падзякі ад біскупа прагучалі і ў адрас цяперашняга пробашча кс. Славаміра Самковіча, які служыць тут з 2015 года і паспеў шмат зрабіць у справе як матэрыяльнага добраўпарадкавання святыні, так і духоўнага развіцця парафіі.
Біскуп Алег асаблівым чынам адзначыў унёсак у з’яўленне і ўтрымання касцёла ў Пагошчы кіраўніка мясцовай гаспадаркі Рамуальда Шукеля. Пры гэтым іерарх падкрэсліў: «Вельмі добра тое, што святыня сёння не пустуе».
У сваёй гаміліі пастыр Віцебскай дыяцэзіі ўзгадаў словы Езуса Хрыста, якія Ён сказаў Пятру: «На табе збудую свой Касцёл, і брамы пякельныя не перамогуць яго», разважаючы на тэму нашай ахвяры Богу. Кожная сумленна выкананая праца, па словах біскупа, і ёсць гэтай ахвярай.
Асвячэнне касцёла святым алеем здзейснілі біскуп Алег Буткевіч і кс. Эдвард Ахрамовіч. Напрыканцы Імшы быў падпісаны біскупскі дэкрэт аб асвячэнні касцёла Божай Міласэрнасці ў Пагошчы.
Свае подпісы пад дакументам паставілі біскуп Алег Буткевіч, ксёндз Эдвард Ахрамовіч, ксёндз Славамір Самковіч і Рамуальд Шукель. Апошні быў асабліва ўзрушаны такім гонарам і сказаў, што гэта стала адной з самых важных падзеяў у ягоным жыцці.
Фотарэпартаж з асвячэння касцёла ў Пагошчы >>>