Пошук

06.08.2018 12:39   Паводле: nn.by / Catholic.by

Кніга «Арганы Беларусі», якая расказвае пра шматвяковую арганную культуру, выйшла ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».

Пра гэта са спасылкай на БелТА паведамляе «Наша ніва».

Дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч паведамляе, што ідэя аб падрыхтоўцы і выпуску кнігі нарадзілася ў самім выдавецтве і знайшла падтрымку беларускіх спецыялістаў-музыказнаўцаў, бо арганная культура Беларусі — гэта больш за 600 гадоў надзвычай багатай і прыгожай гісторыі.

«У храмах розных хрысціянскіх канфесій, а таксама ў канцэртных залах знаходзяцца 123 арганы, якія ўяўляюць сабой гісторыка-культурную каштоўнасць. Кніга не толькі распавядае пра гісторыю стварэння і тэхнічныя характарыстыкі арганаў, але і звяртае ўвагу на праблемы захавання арганаў як нацыянальнага набытку і іх рэканструкцыі, таму што некаторыя арганы XVIII–XIX стагоддзяў не функцыянуюць», — сказаў Уладзімір Андрыевіч.

У кнізе аўтары падкрэсліваюць, што з часу атрымання Беларуссю незалежнасці як у арганным будаўніцтве, так і ў сферах арганнага выканальніцтва і кампазітарскай творчасці выявіліся досыць сур’ёзныя тэндэнцыі, якія азначаюць пачатак новага этапу арганнай культуры краіны. За апошні час было пабудавана некалькі арганаў у касцёлах і канцэртных залах: мінскім касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, у зале Віцебскай абласной філармоніі, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У гэтых залах выступаюць вядомыя музыкі. Уздым арганнай культуры ў пачатку XXI cтагоддзя даў жыццё і новым творам для аргана беларускіх кампазітараў.

У краіне праводзяцца міжнародныя арганныя форумы. У сталіцы штогод даюцца канцэрты фестывалю «Шэдэўры арганнай музыкі» ў Вялікай зале філармоніі, праходзяць фестывалі духоўнай музыкі ў касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы. Найлепшыя арганісты свету ўдзельнічаюць у фестывалі «Званы Сафіі» ў Полацку. Арганізуюцца канцэрты фестывалю «Гучаць старадаўнія Арганы Пастаўшчыны».

Укладальнік выдання Аляксандр Бурдзялёў і фатограф выдавецтва Анатоль Дрыбас пабывалі ў навуковай экспедыцыі па вывучэнні і фотафіксацыі ўсіх беларускіх арганаў.

Аляксандр Бурдзялёў, працуючы выкладчыкам факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, вось ужо дзесяць гадоў займаецца праблематыкай беларускай арганалогіі. Ён пачынаў вучыцца граць на аргане ў арганным класе Маскоўскага дзяржуніверсітэта, потым браў прыватныя ўрокі, у 2015 годзе атрымаў кваліфікацыю «выканаўца старажытнай музыкі (арган)» ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Да кнігі прыкладаецца дыск арганнай музыкі беларускіх выканаўцаў.

Абноўлена 06.08.2018 12:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.