5 жніўня ў касцёле Маці Божай Ружанцовай і св. Дамініка ў мястэчку Ракаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай св. Імшы ў гонар апекуна мясцовай парафіі св. Дамініка, падчас якой адбылася інаўгурацыя новых званоў святыні.
Гэтыя званы, адлітыя на ўзор тых, якія ў сярэдзіне мінулага стагоддзя змоўклі назаўжды, скінутыя з касцёльных вежаў рукамі савецкіх змагароў з рэлігіяй, Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт благаславіў у вялікую суботу.
Цяпер званы, адноўленыя намаганнямі ракаўскіх парафіянаў і іх пробашча кс. каноніка Дзмітрыя Барылы, зноў усталяваныя там, дзе ім і належыць быць. І зноў сваімі бронзавымі галасамі яны праслаўляюць Бога і склікаюць людзей на малітву.
У Божым слове, скіраваным да прысутных на ўрачыстасці вернікаў, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узгадаў асобу св. Дамініка — заснавальніка Ордэна прапаведнікаў (дамініканаў), які прысвяціў сваё жыццё і служэнне абароне нескажонага веравучэння ад ерасяў.
Паводле падання, Маці Божая перадала святому Дамініку ружанец, і ён сапраўды ў значнай ступені прычыніўся да распаўсюджвання гэтай простай і адначасова тэалагічна глыбокай малітвы, звязанай з разважаннем над зямным шляхам Збаўцы і Яго Найсвяцейшай Маці.
Арцыбіскуп зазначыў, што асноўная мэта заснаванай св. Дамінікам манаскай супольнасці — гэта абвяшчэнне Божага слова і збаўленне душаў. «Гэта галоўнае заданне Касцёла, якое вынікае з наказу Езуса, дадзенага Ім апосталам перад Унебаўшэсцем: „Ідзіце і навучайце ўсе народы“» — дадаў іерарх.
«Абвяшчаецца Евангелле таксама і праз звон званоў, — падкрэсліў ён. — Звон складаецца з тулава і языка. Звон — гэта як быццам вусны прапаведніка.
У сярэднявечнай хрысціянскай Еўропе звон лічыўся голасам Касцёла.
На званах змяшчалі розныя надпісы са Святога Пісання, ім давалі імёны. Часамі на іх пісалі такую сімвалічную фразу: Vivos voco. Mortuos plango. Fulgura frango — „Жывых клічу. Памерлых аплакваю. Утаймоўваю бліскавіцу“».
Арцыбіскуп прывёў шмат прыкладаў, якія сведчаць пра тое, што званы сталі неад’емнай часткай жыцця Касцёла. «Яны заклікаюць адарваць позірк ад зямных справаў і ўзняць яго ўгору, да Бога», — сцвердзіў іерарх.
«Доўгія дзесяцігоддзі на нашай зямлі ў часы ваяўнічага атэізму званы маўчалі. Маўчалі яны і на вежах ракаўскага касцёла. <…> Калі напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў часы перабудовы духоўнае жыццё паволі пачало адраджацца, то на вежах касцёлаў зноў пачалі званіць званы. Той, хто памятае тыя часы, ведае, як людзі плакалі.
Званы зноў „загаварылі“. Іх голас пачула выхаванае на прынцыпах ваяўнічага атэізму грамадства. Гэты голас абвяшчаў пачатак новых часоў, калі Евангелле будзе абвяшчацца свабодна», — пранікнёна сказаў арцыбіскуп.
Па яго словах, інаўгурацыя званоў у касцёле Маці Божай Ружанцовай і св. Дамініка ў Ракаве з’яўляецца сведчаннем таго, што гэтыя часы сапраўды насталі. Калі сёння па званах ужо ніхто не звярае час, яны ўсё роўна патрэбныя перадусім для таго, каб заклікаць да малітвы і будзіць сумленне.
«Званы ракаўскага касцёла, званіце! Званіце і абуджайце сумленні людзей, каб ваш моцны голас гучаў на ўсю ваколіцу і вёў людзей да Бога», — такім моцным заклікам завяршыў сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.