Пошук

19.07.2018 08:12   Catholic.by

Пастырскі ліст біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды 75-й гадавіны мучаніцтва адзінаццаці сясцёр назарэтанак з Навагрудка

Дарагія браты і сёстры!

Сёлета мы ўзгадваем важную дату з гісторыі Касцёла на нашай зямлі — 75-ю гадавіну мучаніцкай смерці сясцёр назарэтанак з Навагрудка. Незвычайнасць іх ахвяры ў тым, што яны вырашылі пайсці на смерць усёй супольнасцю. Сёстры ахвяравалі сабою дзеля святара і бацькаў сем’яў.

У Навагрудак назарэтанкі прыбылі 4 кастрычніка 1929 г. па запрашэнні біскупа Зыгмунта Лазінскага, каб заняцца выхаваннем і навучаннем дзяцей і моладзі. Спачатку яны працавалі ў інтэрнаце, а потым, з 2 верасня 1930 г., у школе, пабудаванай намаганнямі грамады. Заняткі ў новай школе распачаліся ў сярэдзіне верасня 1933 г. Апостальскае заданне сёстры выконвалі, таксама займаючыся працай у фарным касцёле Перамянення Пана. Дзякуючы рэктарам і сёстрам гэта святыня стала важным духоўным цэнтрам рэлігійнага жыцця жыхароў горада і навакольных вёсак.

Каб зразумець, як дайшло да мучаніцтва сясцёр, трэба зазірнуць у часы, што папярэднічалі 1 жніўня 1943 г. Умовы жыцця сясцёр былі вельмі складанымі. Практычна заўсёды не хапала патрэбных сродкаў. Але гэтая беднасць умацоўвала супольнасць і рыхтавала да яшчэ большай ахвяры. Калі сёстры разважалі, ці не пакінуць гэтае месца служэння, біскуп Лазінскі напісаў ім так: «Навагрудак не пакідаць. Трываць далей. Такая ёсць мая воля і Божая». Генеральная маці Лаўрэта Любавідзка выразіла падобнае меркаванне: «Адназначна трываць. Саступаць нельга, бо тут ідзе гаворка пра дом пад іменем Хрыста Валадара. Ён павінен перамагчы. Нам трэба змагацца за Яго Валадарства, бясстрашна пераносіць усялякія цяжкасці, таму што там здзейсняцца вялікія справы».

У час прыбыцця сясцёр у Навагрудак мясцовае насельніцтва ўяўляла сабой стракатую мазаіку: беларусы, габрэі, рускія, палякі і нашчадкі татараў. Дзякуючы сувязі з асобай Адама Міцкевіча Навагрудак быў важным для польскай культуры і каталіцкага Касцёла. Сёстры імкнуліся да прыязных адносінаў з усімі.

Выбух Другой Сусветнай вайны прынёс неспакой у жыццё жыхароў Навагрудчыны. З 1939 па 1941 г. сёстры не маглі жыць разам, але сустракаліся на св. Імшы і вячэрнім набажэнстве ў фарным касцёле. Выгнаныя са свайго дому, яны змагаліся з праблемамі штодзённага жыцця і бачылі пакуты іншых. Калі ў Навагрудак увайшлі немцы, сёстры вярнуліся ў кляштар. Але з прыбыццём гестапа ўзмоцніўся тэрор у адносінах да грамадзянскага насельніцтва ў горадзе і ваяводстве. Першая карная акцыя адбылася 31 ліпеня 1942 г., у выніку якой было расстраляна 60 чалавек, у тым ліку святары.

Сёстры былі прыкладам і надзеяй для жыхароў Навагрудка. Яны высылалі дапамогу для дэпартаваных у глыб Расіі, дапамагалі ўсім, хто знаходзіўся ў патрэбе. Змучаныя гараджане шукалі суцяшэння і спакою ў касцёле. Ксёндз Аляксандр Зянкевіч цэлебраваў раніцай св. Імшы, а ўвечары вернікі разам з ім і сёстрамі маліліся Ружанец пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Чарговая хваля арыштаў накрыла Навагрудак у ноч з 17 на 18 ліпеня 1943 г. Гестапа зняволіла тады каля 120 чалавек, бацькаў і членаў каталіцкіх сем’яў, каб расстраляць іх. Людзі беглі да сясцёр падзяліцца сваім болем, а сёстры маліліся і спачувалі. Пасля поўдня таго драматычнага дня сястра Марыя Стэла падчас сустрэчы з ксяндзом капеланам Аляксандрам Зянкевічам вымавіла прарочыя словы: «Божа мой, калі патрэбна ахвяраваць жыццё, то няхай лепш нас расстраляюць, чым тых, у каго ёсць сем’і. Мы молімся аб гэтым». Такое рашэнне сёстры прынялі разам, а сястра Марыя Стэла паведаміла пра гэта святару. Інфармацыя дайшла да зняволеных. Адна з арыштаваных жанчын узгадвала: «Палёгка зноў прыйшла ў нашыя сэрцы». Пан Бог так пакіраваў, што камісар Навагрудка, немец Трауб, атрымаў згоду свайго начальства ў Мінску на змену рашэння, бо арышты праводзіліся гестапа ў яго адсутнасць. Асуджаных на смерць вырашылі адправіць на прымусовыя працы ў Нямеччыну, а некаторых адпусцілі. Здарылася гэта 24 ліпеня 1943 г. Усе вывезеныя перажылі вайну.

Пагроза смерці навісла таксама над адзіным у наваколлі святаром — ксяндзом Аляксандрам Зянкевічам, імя якога было ў спісе тых, каго шукала гестапа. Сястра Марыя Стэла зноў запэўніла ў гатоўнасці сясцёр да ахвяры: «Ксёндз больш патрэбны, чым мы. Мы молімся, каб Бог забраў нас, а не ксяндза, калі патрэбная яшчэ ахвяра».

31 ліпеня 1943 г. сястра Марыя Стэла атрымала ад гестапа вусны наказ прыйсці ўвечары ў 19.30 у камісарыят разам з сёстрамі. Скончыўшы вячэрняе набажэнства, 11 сясцёр пайшлі да будынку колішняга ваяводскага кіраўніцтва. Яны думалі, што ў найгоршым выпадку іх вывезуць на прымусовыя працы. Дома засталася толькі адна сястра — Малгажата Банась, якая працавала ў шпіталі. Вяртаючыся, яна сустрэла сваіх сясцёр, якія накіроўваліся ў камісарыят і хацела пайсці з імі. Аднак настаяцельніца загадала ёй ісці ў кляштар і паклапаціцца пра касцёл і ксяндза.

Прысуд сёстрам быў ужо вынесены. Паліцыя з Баранавічаў займалася знішчэннем законніц і святароў у Навагрудку. Цэнтральнае кіраўніцтва не хавала, што Галоўнае ўпраўленне імкнецца да поўнага знішчэння ўсяго хрысціянства. Пасля дзвюх гадзін знаходжання ў камісарыяце, сясцёр пад канвоем вывелі і пасадзілі ў грузавік, а потым вывезлі за горад. Раптам гестапаўцы вярнуліся назад. Апошнюю ноч сёстры правялі ў падвале камісарыяту. З-за цеснаты яны па-адной клаліся на падлогу крыжам, у той час як іншыя маліліся стоячы.

У нядзелю 1 жніўня 1943 г. на світанні сясцёр вывезлі і расстралялі ў невялікім бярозава-сасонным лесе ў пяці кіламетрах ад Навагрудка. Яны загінулі ад рук гітлераўскіх катаў. Ацалеў ксёндз Зянкевіч і тыя, за каго сёстры аддалі свае жыцці.

Пасля зыходу немцаў і заняцця тэрыторыі саветамі, сястра Малгажата Банась разам з сёстрамі з Вільні пастаралася дабіцца эксгумацыі целаў забітых і пахаваць іх каля фарнага касцёла. Было гэта 19 сакавіка 1945 г. Абрады пахавання праводзіў ксёндз Аляксандр Зянкевіч. Пасля выезду святара ў Польшчу сястра Малгажата засталася ў Навагрудку адна і ажно да сваёй смерці ў 1966 г. даглядала касцёл і магілу.

Звесткі пра святасць і мучаніцтва сясцёр захоўваліся ў супольнасці і пашыраліся сярод вучняў навагрудскай школы. Іх намаганнямі падзея была ўшанавана памятнымі дошкамі ў генеральным доме ў Рыме і ў касцёле сясцёр у Варшаве. У 1991 г. у Варшаве распачаўся беатыфікацыйны працэс Слугаў Божых, а 25–27 жніўня 1991 г. адбылося перанясенне іх парэштак у саркафаг у бакавой капліцы каля алтара Маці Божай Навагрудскай у касцёле Перамянення Пана. Папа Ян Павел ІІ 5 сакавіка 2000 г. здзейсніў у Рыме беатыфікацыю адзінаццаці назарэтанак: сясцёр М. Стэлы, М. Імэльды, М. Раймунды, М. Даніэлі, М. Кануты, М. Сергіі, М. Гвідоны, М. Феліцыты, М. Геліядоры, М. Канізіі і М. Барамэі.

Пачынаючы з 13 жніўня 2008 г. у Беларусі існуе наймалодшая правінцыя сясцёр назарэтанак — Благаслаўлёных Мучаніц з Навагрудка. У навагрудскім фарным касцёле спачываюць іх рэліквіі і знаходзіцца беатыфікацыйны абраз. У былым канвенце сёння размяшчаецца музей. У адным з памяшканняў будынка сёстры таксама выпякаюць камуніканты і аплаткі. У будынку старой школы размяшчаецца назарэтанскі кляштар і навіцыят.

Можна смела сказаць, што калі б не было благаслаўлёных Мучаніц з Наваградка, то не адрадзіўся б Касцёл у Беларусі. Сапраўды, «калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён» (Ян 12, 24).

26 ліпеня з Пінскай дыяцэзіі выходзіць пілігрымка з Новай Мышы да месца расстрэлу сясцёр у Навагрудку для ўдзелу ў юбілейных урачыстасцях, якія пройдуць 28–29 ліпеня.

Арганізатар пілігрымкі — кс. Павел Врубель (тэл.: +375 (29) 809 30 95).

Святарам належыць абвясціць альбо выкарыстаць тэкст ліста у гаміліі вернікам падчас кожнай св. Імшы у нядзелю 22 ліпеня 2018 г.. Ліст неабходна змясціць на дошцы аб’яваў перад касцёлам да канца ліпеня і на увесь месяц жнівень.

Абноўлена 19.07.2018 08:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця