Пошук

16.07.2018 18:36   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

15 ліпеня Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр упершыню наведаў санктуарый у Гудагаі, дзе ўзяў удзел ва ўрачыстасці Маці Божай з гары Кармэль, падчас якой адбылося ўнясенне ў святыню рэліквій св. Яна Паўла ІІ.

Фота М. Новікава
Менавіта гэты святы Папа як пастыр паўсюднага Касцёла 15 гадоў таму асвяціў кароны, якімі ў 2007 г. кардынал Казімір Свёнтэк каранаваў цудатворны абраз Багародзіцы ў Гудагаі.

Вітаючы прысутных, Апостальскі Нунцый сказаў: «Я прыбыў на гэтую ўрачыстасць як прадстаўнік Святога Айца. Папа Францішак, кіруючыся ў Фацімскі санктуарый, казаў: „Жадаю прыйсці да Божай Маці, ахвяруючы Ёй у дар самыя прыгожыя «кветкі» — братоў і сясцёр, збаўленых крывёю Езуса“», — дадаўшы, што жаданне папы Францішка спаўняецца і ў Беларусі. Пасля гэтага ён заклікаў удзельнікаў св. Імшы перажыць яе ў духоўнай лучнасці з Пантыфікам і ўсім Касцёлам.

«А я, у сваю чаргу, давяраю Марыі кожнага з вас, вашыя сем’і, гарады і вёскі, просячы Яе няспыннага заступніцтва і апекі», — з такім малітоўным намерам нунцый Габар Пінтэр узначаліў цэлебрацыю.

Сваю гамілію іерарх распачаў з успаміну пра той дзень, калі пятнаццаць гадоў таму св. папа Ян Павел ІІ асвяціў кароны для гудагайскай іконы Божай Маці, падкрэсліўшы пры гэтым, што цяпер яго рэліквіі будуць знаходзіцца ў санктуарыі побач з цудатворным абразом.

          

Раскрываючы глыбокую біблейскую сімволіку святой гары Кармэль, якая неаднаразова згадваецца ў Святым Пісанні, Апостальскі Нунцый зазначыў, што ўбачанае з гэтай гары прарокам Іллёй маленькае воблака, з якога пазней праліўся вялікі дождж на сасмаглую ад засухі зямлю, многія тэолагі і містыкі лічылі вобразам Панны Марыі, якая праз Уцелаўленне Божага Сына дала свету жыццё і плённасць.

«Марыя — гэта тое воблака, што прыносіць доўгачаканы дождж, якім ёсць Хрыстус, які перамагае засуху, выкліканую грахом», — сцвердзіў арцыбіскуп.

Як быццам навочным пацвярджэннем гэтых словаў і быў цёплы летні дождж, з якога ўначы пачалася ўрачыстасць у Гудагаі і які то пераставаў, то зноў пачынаў ісці таксама ўдзень.

Гаворачы пра духоўнае пасланне літургічнай урачыстасці Маці Божай Шкаплернай, нунцый працытаваў словы св. Яна Паўла ІІ.

«Мы адзначаем свята Маці Божай з Гары Кармэль. На той гары <…> прарок Ілля з усіх сілаў абараняў цэласнасць і чысціню веры выбранага народа ў Бога жывога. На гэтай жа гары ў дванаццатым стагоддзі пасяліліся некалькі пустэльнікаў, прысвяціўшы жыццё сузіранню і пакаянню. З іх духоўнага вопыту паўстаў ордэн кармэлітаў.

Кармэль сімвалізуе поўнае прыняцце Божай волі і наша вечнае збаўленне. Мы ўсе пакліканыя мужна і нястомна ўзыходзіць на гэтую духоўную гару.

Ідучы разам з Паннай Марыяй, гледзячы на Яе прыклад поўнай вернасці Пану, не будзем баяцца перашкодаў і цяжкасцяў. З Яе матчынай дапамогай мы зможам, як Ілля, у поўнай меры рэалізаваць наша пакліканне быць сапраўднымі прарокамі Евангелля ў наш час», — казаў Ян Павел ІІ падчас малітвы «Анёл Панскі» 16 ліпеня юбілейнага 2000 года.

Кажучы пра ўсеагульнае пакліканне людзей да святасці, прадстаўнік папы Францішка параўнаў шлях да яе з узыходжаннем на гару, вяршыня якой паказана нам у Хрысце.

«У гэтым падарожжы працягласцю ў жыццё неабходна часта звяртацца да Марыі, ушаноўваючы Яе тытулам Маці Божай з гары Кармэль, і прасіць Яе весці нас за руку да Пана», — падкрэсліў іерарх.

Ён таксама распавёў гісторыю пра аднаго хлопчыка, які слаба вучыўся і дрэнна сябе паводзіў, аднак дзякуючы станоўчаму ўплыву новай настаўніцы змог выправіцца. Гэта адбылося таму, што, хоць тая настаўніца была глуханямой, яна, тым не менш, умела слухаць, і гэтага было дастаткова. Паводле нунцыя, гэтая гісторыя вучыць таму, што размаўляць — гэта значыць дзяліцца, а слухаць — гэта значыць любіць.

«Я глыбока перакананы, што сённяшні візіт да нашай Нябеснай Маці і Яе прыклад надасць нам неабходны імпульс, каб жыць і любіць, як Яна.

Вазьміце з сабой гэтыя словы: слухаць і дзяліцца. Слухаць Бога і слухаць бліжняга.

Дзяліцца, несучы ў дар Богу нашыя сэрцы, малітвы, планы, давер, а нашым бліжнім — таленты, час, дапамогу, параду, як гэтаму вучыць нас наша Мама Марыя», — сказаў нунцый Габар Пінтэр, завяршыўшы сваю гамілію словамі малітвы папы Францішка:

«О Маці, умацуй нашую веру. <…> Дапамажы нам дазволіць Богу дакрануцца да нас сваёю любоўю, каб і мы маглі дакрануцца да Яго нашай верай. Дапамажы нам цалкам даверыцца Яму, верыць у Яго любоў, асабліва ў цяжкасцях і цярпенні <…>. Нагадвай нам, што той, хто верыць, ніколі не бывае адзін. Вучы нас глядзець на ўсіх і на ўсё вачамі Езуса, каб Ён быў святлом на нашым шляху. І няхай гэтае святло веры ўзрастае, аж пакуль не прыйдзе дзень без захаду сонца, якім ёсць Хрыстус, Твой Сын і наш Пан».

Абноўлена 16.07.2018 20:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа